№ 291 от 04.09.2003  

Павaл Мажэйка свабодны

У аўторак стала вядома, што ў гродзенскага журналiста Паўла Мажэйкi, якi быў асуджаны на два гады абмежавання свабоды за паклёп на Аляксандра Лукашэнку, скончыўся тэрмiн пакарання. Дакладней, тэрмiн пакарання скончыўся яшчэ 30 жнiўня, але толькi ў аўторак яму паведамiлi, што ён зняты з улiку крымiнальна-выканаўчай iнспекцыi Кастрычнiцкага раёна Гродна.

Нагадаю, што год таму П.Мажэйка пачаў адбываць пакаранне ў жлобiнскай «хiмii». Там ён знаходзiўся шэсць месяцаў, працаваў на тартаку ў прыватнага гаспадара. За тое, што з яго боку не было за гэты час нiякiх парушэнняў рэжыму, суд перагледзяў справу, i ён вярнуўся ў Гродна «умоўна датэрмiнова». Яшчэ год пакарання быў скасаваны па амнiстыi.

Паўгады Павал у Гродне быў безпрацоўным, аднак працягваў займацца грамадскай дзейнасцю – некалькi месяцаў запар ён узначальвае гродзенскую фiлiю Беларускай асацыяцыi журналiстаў.

Апошнiя тыднi Павал Мажэйка займаецца аднаўленнем пашпарту, гродзенскай прапiскi i пячаткi «ва ўсе краiны свету», якiя яму скасавалi на тэрмiн пакарання. Па яго словах, гэта вельмi складаная працэдура, паколькi нават ягоным бацькам трэба было з’явiцца ў пашпартны стол i паведамiць, што яны не супраць, каб сына iзноў прапiсалi ў iхнай кватэры. Увесь час штомесяц яму даводзiлася адзначацца ў пастарунку, а таксама на кватэру з праверкамi наведваўся ўчастковы мiлiцыянер.

На сённяшнi дзень у Беларусi працягваюць адбываць пакаранне па артыкулу 367 ч.2 Крымiнальнага кодэкса РБ «Паклёп у дачыненнi да прэзiдэнта РБ» яшчэ два журналiсты. Рэдактар зачыненай газеты «Рабочы» Вiктар Iвашкевiч, якi зараз знаходзiцца на «хiмii» ў Баранавiчах, вызвалiцца ў снежнi. Тэрмiн пакарання Мiколы Маркевiча, рэдактара зачыненай «Пагонi», скончыцца ўвесну 2004 года. Праўда, М.Маркевiч ужо паўгады, як таксама «умоўна датэрмiнова» вызвалены i працуе ў адной з прыватных фiрмаў.

Мiхаiл КАРНЕВIЧ