№ 291 от 04.09.2003  

Вандроўніца з Аўгустоўкі

Гiсторыя параскiдала гродзенцаў па ўсiм свеце. Але гэта не прымусiла iх забыць свой горад. Некаторыя з iх дасылаюць нам лiсты ў рэдакцыю, чытаючы «БI» у iнтэрнетварыянце, а пра некаторых пiшам мы самi, знаходзячы з iмi кантакт. Так i ў Аргенцiне жыве наша зямлячка – мастачка, графiня Алена Цярэнцьеўна О’Брыен дэ Лясы. Цiкавы, дасцiпны мастак i чалавек, яна з 1957 года мела выставы ў Буэнэс-Айрэсе, Сан-Пабла, Маямi, Палм-Бiч, Дэтроiце, Мехiка, Мюнхене, Дублiне, Варшаве, Люблiне, Кракаве, а ўсяго – 37. Апошняя выстава адбылася ў 2002 у Вольфсбергу (Аўстрыя). Пачэснае месца ў гэтым спiсе займае i Гродна (1995).

Яе бацька – афiцэр царскай армii, якi ўдзельнiчаў у Цусiме, ваяваў i ў Першую сусветную, i ў Савецка-Польскую вайну. Спадарыня Алена вырасла ў маёнтку Аўгустоўка, якi зараз знаходзiцца на вулiцы Рэпiна, сама была сведкам шматлiкiх гiстарычных падзей. Iнтэрв’ю для «БI» Алена Цярэнцьеўна дала па пошце.

– Мастак несвядома адданы асабiстым духоўным традыцыям, ён залежны ад мiнуўшчыны. Мы ведаем Вас, як аргенцiнскую мастачку i вы займаеце пачэснае месца сярод акварэлiстаў. I нягледзячы на тое, што ваша маленства прайшло на беларускай зямлi, вы заўсёды ўзгадвалi пра свае больш глыбокiя каранi, паколькi ваш род паходзiць з Iрландыi. У гэтай сувязi, найперш, цiкава, як вашыя iрландскiя каранi паўплывалi на творчасць?

– Мае сувязi з Iрландыяй праходзяць праз iмператарскую Расiю. Выглядае салодкай казкай, але гэта праўда. Я паходжу ад вялiкага Хуга дэ Лясы з Мэтаў. Мой продак пакiнуў Iрландыю пасля асады Лiмерыха i з тае пары ваяваў на абшарах Еўропы. Мой прадзед, фельдмаршал Каунт Петэр дэ Лясы (1678-1751), якi нарадзiўся ў Лiмерыху, дасягнуў вайсковай славы пасля пяцiдзесяцi год службы ў Расii. Ён з паплечнiкамi-iрландцамi, «Дзiкiмi гусямi», дапамагаў ствараць гiсторыю кантынента. Сямейныя традыцыi прайшлi праз 5 пакаленняў. Але ў мяне была прывiлегiя расцi ў культурным асяродку Рэчы Паспалiтай. Да смерцi бацькi на мяне ўплывала яго ўпэўненасць у нашай iрландскай сутнасцi. Гэта было вызначальна. Стары сямейны маёнтак ў Гродне з яго мiстычнымi руiнамi, адмысловымi геральдычнымi традыцыямi i сямейнымi партрэтамi – усё гэта ўзбуджала мае iрландскiя каранi, напаўняла мяне непераадольным жаданнем выявiць маю iрландскую сутнасць. Ужо жывучы ў Аргенцiне, я атрымала магчымасць наведаць Iрландыю i закахалася ў гэту краiну. Падчас першага вiзiту ў 1977, я правяла некалькi тыдняў малявання на паўднёва-заходнiм беразе, за якiмi прайшла выстава ў Тэйлар Галеры ў Дублiне. Пазней адзiн iрландскi крытык напiсаў: «Магчыма, дзеля нас яна толькi вандроўнiк, але яна адлюстравала самую сутнасць iрландскага краявiду ў моцным, экспрэсiўным стылi...». Гэтыя словы сталi маёй вышэйшай пахвалой.

– Вы нарадзiлiся ў Гродне ў той час, калi горад належаў Польшчы. Апiшыце, калi ласка, ўспамiны аб тым горадзе вашага дзяцiнства.

– Я памятаю цудоўныя лясы, паляванне ў нашым маёнтку Аўгустоўцы, раку Ласасянку, якая ўлiваецца ў Нёман, прыгажосць старажытнай архiтэктуры, якая часткова захавалася. Памятаю наймiлейшых людзей, якiя любiлi ды паважалi нашу сям’ю i якiх мы таксама сардэчна любiлi. Славянская гасцiннасць была вiдна заўсёды. Мае ўражаннi больш звязаныя з Аўгустоўкай, чым з Гроднам.

Цяжка ды балюча ўзгадваць апошнi мой i маёй матулi дзень у Гродне. У вераснi 1939 мы ратавалiся з горада падчас нечаканага наблiжэння Чырвонай армii. Горад быў амаль мёртвы. Усюды была небяспека з боку бальшавiкоў – яны вешалi цi расстрэльвалi мясцовую арыстакратыю ды памешчыкаў. Прычым, гэтым займалася не Чырвоная армiя, а камунiсты-«актывiсты» з гораду, якiя чакалi гэтага моманту, каб забiваць ды грабiць. Гэта быў сапраўдны «халакост». Нашы верныя слугi дапамаглi нам ускочыць у апошнi цягнiк да Вiльнi, куды мы ад’ехалi, каб захаваць жыццё, але мы страцiлi абсалютна ўсю маёмасць.

– I як вы трапiлi ў Аргенцiну?

– У Аргенцiну я прыехала ў 1950, як бежанка пасля вайны, у хуткiм часе атрымала подданства. (А перад гэтым у Еўропе Алена Цярэнцьеўна ў Мюнхене i Вене вывучала архiтэктуру, паралельна – тэхнiку акварэлi. За праведзеныя ў Аргенцiне 12 год яна ўздоўж ды ўпоперак праехала ўсю Паўднёвую Амерыку, працуючы на карысць праграмы па эмiграцыi бежанцаў Iнтэрнацыянальнай каталiцкай эмiграцыйнай камiсii. У 1962 пераехала ў Маямi ды працавала на праграму «Кубiнскiя бежанцы». Яе жыццё мела тры часткi: дом, праца з бежанцамi i мастацтва. А ў 1968 яна зноў вярнулася ў Аргенцiну, дзе жыве да гэтага часу – аўтар.)

– I ўсё ж, лёс дазволiў яшчэ раз вярнуцца ў Гродна. Якiмi былi ўражаннi ад убачанага?

– Калi я першы раз прыехала ў Гродна ў 1973, не магла пазнаць горад. З цяжкасцю знайшла месца, дзе некалi знаходзiўся наш маёнтак i руiны каплiцы, нашага маўзалея. Шмат змянiлася. Гродна меў шарм старажытнай архiтэктуры, лiчыўся цэнтрам культуры на ўсходзе Польшчы. Раней, памятаю, гэта было жыццё ў краiне дэмакратычнай Рэспублiкi, але лад жыцця быў вельмi патрыярхальны. Мяркую, што польскi ўрад не здолеў дастаткова ацанiць вартасць гэтай тэрыторыi ды не разумеў яе культуры. Потым, падчас выставы маiх акварэляў у замку, я мела магчымасць пазнаёмiцца з вельмi мiлымi людзьмi, з гiсторыкамi ды даведалася, што Гродна зараз – гэта сапраўдны цэнтар культуры, навукi, хаця людзi i жывуць у складанай эканамiчнай сiтуацыi. Будынкi новай архiтэктуры мне не вельмi спадабалiся. Насельнiцтва такое ж гасцiннае, як раней, але гэта не спадчыннiкi ранейшых, гэта новае насельнiцтва. Вайна шмат змянiла.

– Вашае мастацтва з’яўляецца прыкладам нябачнага выпраменьвання светлага i добрага i таму такое пераканаўчае. Раскажыце самi пра сваю творчасць.

– Я пачала маляваць, калi мне было 12 год. Мая першая акварэль – гэта аўтапартрэт: я падчас хваробы скарлатынай у Аўгустоўцы. Дарэчы, гэту акварэль я падаравала гродзенскаму музею ў Новым Замку. На працягу ўсяго майго мастацкага жыцця я была ў захапленнi ад iмпрэсiянiстаў, якiя прынеслi свет i сапраўдны колер у мастацтва. Я спецыяльна малюю толькi акварэлi, бо гэты вiд мае ўласцiвасць экспрэсiўнасцi – гэта магiя. Акварэлi патрабуюць шмат самадысцыплiны – гэта сiнтэз успрыняцця стыхii ды дробязяў.

– Спачатку мяне цiкавiлi трапiчныя краявiды з вялiкай колькасцю раслiннасцi. Цяпер мяне натхняюць бязмежныя i мiстычныя прасторы з панарамнымi вiдамi. Паралельна з маляваннем гэтага макракосмасу, я люблю даваць жыццё вiдавочна нязначным аб’ектам, як, напрыклад, лiсцю, сплеценым галiнам, ракавiнам ды пяску, усяму эфемернаму жыццю на пляжы, усiм формам другаснага жыцця, якiя самi неяк вызначаюць сябе. У Iрландыi, зямлi маiх продкаў, я была ўражана яе прыгажосцю i гiсторыяй. Цудоўныя, з надвор’ем, якое ўвесь час змяняецца, краявiды сталi маёй любiмай тэмай у творчасцi. Пазней я знайшла такую ж першазданнасць i прастору ў Аргенцiне, калi падарожнiчала да Патагонii i Тэрра дэль Фуга. Увогуле, я малюю мудрыя краявiды, якiя патрабуюць вялiкай фантазii. Я люблю перадаваць пачуццё, што мора ды нябёсы заўсёды ў руху цi што яны ў спакоi i непадзельнасцi, амаль як паляўнiчыя.

– Што вы думаеце аб сучасным мастацтве?

– Я адчуваю сябе аўтсайдэрам сучаснага мастацтва. Апошнiя накiрункi– неаэкспрэсiянiзм, канцэптуалiзм i г.д.– не шмат аб чым гавораць мне. Тыя мастакi ў большасцi заяўляюць, што яны паведамляюць, цi акрэслiваюць праблему, але iх намаганнi з’яўляюцца даволi павярхоўнымi. Я ведаю, што яны патрабуюць спецыяльных iнтэлектуальных i эмацыянальных намаганняў, каб быць зразумелымi, i менавiта гэта мяне зусiм не цiкавiць. Мне падаецца, што галоўная аснова такога мастацтва – сам акт выстаўлення i жаданне шакiраваць людзей. Гэта ёсць супрацьлеглае таму, што я разумею пад мастацтвам, i гэта сумна, бо падобныя захады цяпер ухваляюцца i прапагандуюцца. Канешне, iснуе шмат цудоўных мастакоў, якiя ствараюць новыя формы ў сённяшнiм асяроддзi нiчым не абмежаванай свабоды, але ёсць i iншыя, якiя толькi капiруюць адзiн аднаго i размаўляюць на «эсперанта». Вы павiнны дараваць мне гэтую iронiю, але я баюся, што натхненне хутка будзе заменена тэхнiчнымi iнавацыямi.

– Цi лёгка паўднёваамерыканскаму мастаку дасягнуць поспеху звонку свайго кантыненту?

– Не, не лёгка. Канешне, я належу да Аргенцiны, дзе жыву. Перш за ўсё, мы тут на другiм канцы глобуса, i нiхто не ведае аб нас шмат. Па-другое, недастаткова было зроблена для прамоўшэна аргенцiнскага мастацтва. Насамрэч добрыя мастакi вядомы толькi лакальна i iх прэзентацыi звонку без належнай рэкламы будуць беспаспяховымi. Усе манiпуляцыi знаходзяцца ў руках мастацкiх дылераў. Вялiкiя грошы могуць быць зароблены толькi працай, якая пападае ў вытанчаную мiжнародную плынь. Некласiфiкаваны мастак мае мала шансаў стаць паспяховым, калi ў яго недастаткова грошай на фiнансаванне ўласных падарожжаў i ўладкаванне выстаў. Але насуперак цяжкасцям мастацтва ў Паўднёвай Амерыцы квiтнее. Яно вельмi арыгiнальнае i менш залежнае ад агульных тэндэнцый.

– Вам давялося пабачыць практычна ўвесь свет, а што для вас азначае той Гродна, у якiм вы нарадзiлiся?

– Гродна – гэта мая зямля, мой любiмы горад.

Падрыхтаваў

Сцяпан Стурэйка