№ 291 от 04.09.2003  

Ведай гісторыю Гродна

Першы колас беларускай нівы

Без перабольшвання можна сказаць, што свой пачатак беларускi нацыянальны рух у Гродне бярэ восенню 1909 года, калi вучнямi мясцовых гiмназiй у горадзе была створана першая беларуская арганiзацыя – гродзенскi гурток беларускай моладзi «Хатка».

Група сябраў гуртку беларускай моладзi: Я.Раманьскi, А.Зянюк, Янiк, Л.Сiвiцкая, I.Грынкевiч, М.БобрыкУжо 19 лютага 1910 года ў Гродне адбылася першая беларуская вечарына. Пачалась яна з уступнай прамовы Адама Бычкоўскага i рэферата Паўла Алексюка «Беларусы i iх нацыянальнае адраджэнне», пасля чаго прагучалi вершы беларускiх паэтаў, iграў струнны аркестр. Менавiта ў гэты дзень упершыню ў горадзе публiчна прагучала песня «А хто там iдзе» на словы купалаўскага верша, якую праспявалi Ю.Касацкая i З.Абрамовiч, стаўшая адным з гiмнаў беларускага руху. Аднак, галоўнай падзеяй вечара быў спектакль па п’есе М.Крапiўнiцкага «Па рэвiзii». Ён так спадабаўся гледачам, i на другi дзень гурткоўцы арганiзавалi паўторны паказ спектакля-вечарыны «па жаданню публiкi».

3 красавiка 1910 года адбылася чацвёртая лекцыя гуртка, прысвечаная памяцi С.Палуяна, а ў лютым 1911 года, пасля вялiкага перапынку, гурток арганiзаваў чарговую вечарыну. На ёй з рэфератам «Адгалосак душы беларускага народа ў яго песнях, казках i легендах» выступiў А.Бычкоўскi, прагучала некалькi песен i вершаў у выкананнi Ганны i Марыi Саланак, Ю.Грынкевiч, Ю. Касацкай, М.Бобрык i iнш.. Акрамя гэтага, гурткоўцы паставiлi спектакль К.Каганца «Модны шляхцюк», у якiм адну з галоўных роляў – Ганны – выконвала Зоська Верас. Згодна ўспамiнаў Л.Сiвiцкай, «на другi дзень давялося спектакль паўтарыць для вучнёўскай моладзi». I.Луцкевiч, якi прысутнiчаў на прэм’еры, пiсаў у «Нашай Нiве»: «Я здзiўляўся, гледзячы на артыстаў, як яны здолелi падглядзець, падсцерагчы характар вясковых сватанняў, здолелi наглядзець усё тое, як яно па праўдзе бывае ў хаце беларусаў...». Артыкул у газеце заканчваўся словамi: «Выняс я падзяку за прыемны вечар i веру, што гарадзенская беларуская моладзь родную справу пасуне наперад».

Гродзенскi гурток беларускай моладзi 'Хатка' 1911 г.Пачуццё свайго «месца пад сонцам» прыйшло да гродзенскiх беларусаў разам з адчуваннем уласнай годнасцi як народа. «Горад гэты беларускi, – пiсаў вiца-старшыня гуртка Павел Аляксюк пра Гродна ў газеце «Наша Нiва», – але дагэтуль аб беларусах нешта мала было чутно, i толькi цяпер пачалi яны тут будзiцца. Спачатку, праўда, iшла туга, але пасля штораз болей i болей пачалi цiкавiцца беларускiм адраджэннем, i вось цяпер ужо маем нямала беларусаў, каторыя душой i сэрцам прыналежаць да сваёй бацькаўшчыны. Нядаўна яны справiлi нават беларускую вечарынку, каторая вельмi добра ўдалася. Найбольш нас цешыць тое, што i нашы браты-славяне – расейцы i палякi – спагадаюць нам тутака, а найболей то цешацца лiтвiны, што беларускi народ, каторага сiлы яшчэ ня выкарастаны, а нават i не пачынаны, – прачнуўся».

Паседжаннi гуртка i вечарыны, акрамя пакойчыка Ф.Грынкевiча, праходзiлi на кватэры ксяндза В.Родзькi ў касцёле Бернардынаў i доме сясцёр Саланак, тады як рэпетыцыi спектакляў, лекцыi i вечарынкi для малодшай секцыi – на кватэры Людвiкi Сiвiцкай, больш вядомай як Зоська Верас. Там жа пазней знаходзiлася i бiблiятэка гуртку.

У канцы лютага 1911 года адбыўся спектакль-вечарына ў маёнтку гродзенскага архiрэя Дубнiца, каля в.Беляны Сакольскага павета. Праграма вечарыны складалася з рэферата А.Бычкоўскага, дэкламацыi вершаў Ф.Багушэвiча, выступлення хора, аркестра i спектакля «Модны шляхцюк». У траўнi гурткоўцы правялi развiтальную вечарыну з першым старшынёй гуртка А.Бычкоўскiм, а ў кастрычнiку таго ж года на iмянiны кiраўнiка гуртка кс. Ф.Грынкевiча малодшая секцыя паставiла спектакль «Пастушок» i дэкламавала вершы. Праз два месяцы, у снежнi, сябры гродзенскага гуртка беларускай моладзi арганiзавалi калядны вечар у в.Сеўруцёўцы.

Ксёндз Ф.Грынкевiч (у цэнтры) сярод стваральнiкаў гурткаНайбольш плённым аказалiся першыя два гады дзейнасцi гурткоўцаў. Перамены ў кiраўнiцтве «Хаткi» ды адыход ад актыўнай працы ксяндза Ф.Грынкевiча мелi свае прыкрыя наступствы. Змянiўшы А.Бычкоўскага, Казiмiр Колышка, згодна Зоськi Верас, быў «старшынёй толькi з тытулу», а Станiслаў Бiльмiн, якi з’яўляўся ў той час сакратаром гуртка, «аказаўся здраднiкам: знiшчыў усе пратаколы паседжанняў гуртка, ад самага пачатку яго iснавання». У вынiку, за ўвесь 1912 год гурткоўцам удалося паставiць толькi спектаклi «Мiхалка» па п’есе К.Далецкiх i «Варажба цыганкi», ды i тыя атрымалiся горш за папярэднiя. «Цеснае памяшканне i даволi нядбайная распрацоўка, – узгадвала Зоська Верас, – зрабiлi дрэннае ўражанне». Тады ж была няўдалая спроба арганiзаваць у горадзе этнаграфiчную выставу.

Тым не менш, гурток працягваў жыць. Больш таго, у 1913 годзе накладам у 50 асобнiкаў гурткоўцы выдаюць лiтаратурны альманах «Колас беларускай нiвы», якi быў напiсаны ад рукi беларускай лацiнкай i адбiты на шапiрографе. «...З радасцю глядзелi мы на гэты колас – гаварылася ў прадмове да выдання, – хоць адно зярня, пранесенае з далёкiх старон, не прапало дарма! Ён нам дарагi, бо поўны зернятак новых, можа не велькiх i недаспелых, але здаровых i родных. Цяпер кiдаем мы гэты колас на ветры буйныя. Хай ухопяць яны яго, нясуць па нашай старонцы i рассыпаюць зерняткi на раллю родну. А мо хоць адно зернятко ўпадзе на раллю добру i выдасць хоць маленькi, найменьшы каласочак з параю зернятак: зярнятак кахання бацькаўшчыны i братоў родных».

Паступова, аднак, жыццё гуртка прыпынiлася. Апошнi ягоны старшыня Адольф Зянюк спрабаваў яшчэ i далей арганiзаваць нейкую працу, аднак Першая сусветная вайна перакрэслiла ўсе планы. I ўсё ж такi першае беларускае зярнятка ўжо было кiнута ў гродзенскую глебу i чакаць усходаў заставалася не доўга...

Андрэй ЧАРНЯКЕВIЧ,

кандыдат гiст. навук

Аўтар выказвае падзяку А.П.Госцеву за дапамогу пры падрыхтоўцы матэрыяла

Лёс сябраў гуртку складваўся па-рознаму. Брат айца Францiшака, доктар Станiслаў Грынкевiч, быў арыштаваны праз НКУС i вясной 1945 года расстраляны ў Магiлёве. Унук Ф.Багушэвiча Зыгмунт Абрамовiч выступаў у трупе I.Буйнiцкага. Бобрык Марыя працавала сястрой мiласэрнасцi. Адам Бычкоўскi ўваходзiў у склад Пецярбургскага гуртку студэнтаў-беларусаў, удзельнiчаў у першай пастаноўцы купалаўскай «Паўлiнкi». Памёр ён ад iнфаркту ў сваiм адвакацкiм бюро ў Варшаве. Антон Бычкоўскi быў рэдактарам газеты «Bielarus». Язэп Лявiцкi – забiты на фронце яшчэ ў 1916 годзе. Iншы гуртковец Канстанцiн Пушкарэвiч – перакладчык, мовазнаўца, доктар фiлалагiчных навук – загiнуў у блакадным Ленiнградзе ўжо падчас Другой сусветнай вайны. Лiтаратурны крытык Уладзiслаў Чаржынскi, сябра Рады БНР, перажыў сталiнскую ссылку. Ксёндз Вацлаў Родзька, якi дапамагаў Ф.Грынкевiчу пры арганiзацыi гуртку, загiнуў у 1940 годзе, забiты праз невядомага ( па чутках, з рук НКУС ), другi ксёндз, Ю.Бароўка, ў 1949 годзе быў прыгавораны Гродзенскiм абласным судом на 25 год зняволення за варожае стаўленне да савецкай улады. Балеслаў Грабiнскi i Янка Чарапук апынулiся ў Злучаных Штатах. Янка Ляўковiч стаўся ксяндзом i дажыў да паловы 1970-х гадоў, так, як i Зоська Верас – узяўшая на сябе абавязкi летапiсца гiсторыi гуртку...