№ 291 от 04.09.2003  

Калі дзеці вучацца даросламу жыццю

Мiжнародны летнi унiверсiтэт клубаў Юнеска – 2003 завяршыў сваю працу 27 жнiўня. Дэлегацыi з Румынii, Расii, Латвii i Беларусi (з Гродна 6 студэнтаў) на працягу семнаццацi дзён жылi, а дакладней – вучылiся жыць пры дэмакратычнай i праваабрончай сiстэме. Унiверсiтэт разгарнуўся ў вёсцы Ракаў (Мiнскi раён).

Структура унiверсiтэта

Ужо восем гадоў запар юнакi з блiзкага замежжа замест летняга адпачынку ад школьнай вучобы едуць ва унiверсiтэт, каб набрацца новых ведаў i сяброў. У гэтым годзе студэнты МЛУКЮ – 2003 (а iх быо 120) мелi магчымасць атрымаць веды ў адукацыйных секцыях «Школы Лiдэра», «Здаровага ладу жыцця», «Мiжкультурнага навучання», «Iнфармацыi i Камунiкацыi», «Дасуга», «Культурнай спадчыны» i «Экалогii». Аднак самай важнай i карыснай адукацыяй дзецям паслужыла двухтыднёвае самакiраванне, якое студэнты унiверсiтэта забяспечвалi па прынцыпу Савета Еўропы. Замест атрадаў, яны аб’ядноўвалiся ў краiны Савета Еўропы: Польшча, Iрландыя, Германiя i iнш. Структура унiверсiтэцкага СЕ была амаль iндэнтычная сапраўднай, што iснуе насамрэч: з Парламентскай ассамблеяй, Камiтэтам мiнiстраў, Судом па Правах чалавека. Такога ўзроўню актыўнасцi ад студэнтаў не чакалi нi арганiзатары унiверстiтэта (Беларуская Ассацыяцыя Клубаў Юнеска), нi эксперты з кафедры палiталогii БДУ, якiя сачылi i дапамагалi iм.

Мы не горшыя!

Беларускiх дзяцей ва ўнiверсiтэце было больш за палову. Студэнты не дзялiлiся на беларусаў i латышоў цi рускiх i румынаў. Усе з’яўлялiся студэнтамi Мiжнароднага унiверсiтэта, i жылi як адна вялiкая сям’я. Агульныя песнi ля вогнiшча, выкананне румынамi на румынскай мове самай знакамiтай ва ўнiверсiтэце беларускай песнi гурта Н.Р.М «Каханне», i адпаведнае выкананне беларусамi народных румынскiх песен. Часам здавалася, што ўсе дзецi, якiя тут сабралiся, з адной краiны, але гэта толькi здавалася...

Хто мы? Дзе мы?

Самакiраванне па прынцыпу Савета Еўропы – сур’ёзная, дарослая гульня. I вельмi шкада было, што для беларускiх дзяцей, у адрозненнi ад латышоў, румын i расiян, яна i застанецца толькi гульнёй. Наша краiна – адзiная ў Еўропе (калi не ўлiчваць Ватыкан) не з’яўляецца членам Савета Еўропы. Гэта значыць, што мы не можам адстайваць свае правы на Еўрапейскiм узроўнi. Тым не менш, беларускiм студэнтам Мiжнароднага летняга унiверсiтэту клубаў Юнеска сорамна за нашу «выключнасць» перад сваiмi сверснiкамi не было. Iм было, хутчэй, весела i цiкава жыць у такiм асяроддзi. А сорамна павiнна быць, хутчэй, дарослым, якiя так i не могуць забяспечыць сваiм дзецям нармальнага еўрапейскага жыцця.

Аб дарослых...

За час працы унiверсiтэта студэнтаў наведалi прадстаўнiкi ААН у Беларусi. За круглым сталом прысутнiчалi прадстаўнiкi Дэпартамента грамадскай iнфармацыi ПРААН. Вялiкая актыўнасць студэнтаў у дыскусiях i, нават, спрэчках (у асноўным гэта тычылася прывiлегаванага становiшча ў ААН ЗША) з ААНаўцамi цягнулася амаль дзве гадзiны. Таксама вялiкая актыўнасць дзяцей назiралася на навуковай мiжнароднай канферэнцыi ў рамках унiверсiтэта. Тэмай даклада Гродзенскай дэлегацыi з’яўлялася «Гродна – 875 год».

I на заканчэнне...

Унiверсiтэт зачынiўся. Але студэнты МЛУКЮ – 2003 з упэўненасцю i без выключэння будуць iмкнуцца трапiць ва унiверсiтэт наступнага года. Менавiта так падумалася, гледзячы на развiтальныя слёзы румынскiх, расiйскiх, латвiйскiх i беларускiх студэнтаў, якiя назаўсёды сталi сябрамi.

Аляксандр ЗАЛЕЎСКI,

удзельнiк МЛУКЮ 2003