№ 292 от 11.09.2003  

Помняць толькі нямногія

8 верасня ў Дзень беларускай вайсковай славы ў Гродне былi ўскладзены кветкi да помнiка Пагоня на Грунвальд, што побач з Каложай. Гэта зрабiлi два дзесятка грамадзян нашага горада.

Лiдэр гарадскога аддзялення Беларускага народнага фронту Аляксандр Мiхальчык, ускладваючы кветкi, зазначыў, што свята гэта будзе адзначацца ў Гродне заўсёды, паколькi, дзякуючы нашым продкам, якiя дасягалi ў гiсторыi такiх перамог, жывем сёння i мы – сучаснiкi. I ганарымся сваiмi продкамi.

Нагадаю, што гарадскiя ўлады адмовiлi Радзе БНФ «Адраджэньне» ў правядзеннi святкаванняў, спаслаўшыся на тое, што быццам пададзеная своечасова заява на правядзенне мерапрыемства не адпавядала патрабаванням артыкула 6 Закона РБ «Аб сходах, мiтынгах, вулiчных шэсцях, дэманстрацыях i пiкетаваннi».

Свята 8 верасня ў Беларусi адзначаюць яшчэ з часоў Перабудовы, калi грамадства здолела дыхнуць новым паветрам свабоды. Згодна гiсторыi, у 1514 годзе войскi Вялiкага княства Лiтоўскага пад кiраўнiцтвам Кастуся Астрожскага, абараняючы сваю радзiму, разбiлi пад Воршай войска Маскоўскае, якое амаль утрая пераўзыходзiла iх колькасна. Гэта перамога i стала сiмвалам беларускай вайсковай славы.

Нагадаю, што афiцыйныя беларускiя ўлады не адзначаюць гэтай гiстарычнай даты. Дарэчы, 8 верасня да Каложы прыйшлi не толькi гродзенцы, якiя прынеслi кветкi. Там стаялi i мiлiцыянеры, прычым, пераапранутыя ў цывiльнае, адзiн з iх фiльмаваў ускладанне кветак на вiдэакамеру.

Мiхаiл КАРНЕВIЧ