№ 292 от 11.09.2003  

Музей – школе

Адчуваецца подых восенi... Верасень – гэта не толькi пачатак новага навучальнага года. У вераснi нас чакае не адно свята. I Белдзяржмузей гiсторыi рэлiгii хоча нагадаць аб iх вучням СШ, навучэнцам ПТВ, студэнтам ВНУ г.Гродна.

Да Дня ведаў i Свята беларускага пiсьменства супрацоўнiкi музея прапануюць выставу «Гiсторыя беларускай кнiгi», убачыўшы i паслухаўшы якую наведвальнiкi знойдуць адказы на пытаннi: дзе i як пiсалi летапiсы, калi з’явiлася першая кнiга на Беларусi, на якой мове пiсалi i размаўлялi нашы продкi? Асобны раздзел на выставе прысвечаны дзейнасцi Святых Кiрыла i Мiфодзiя, стваральнiка славянскай азбукi.

Калi задаць нашым вучням пытанне: «Якая, на iх думку, галоўная кнiга чалавецтва?» ў напэўна, большасць з iх адкажа: «Бiблiя». I гэта сапраўды так. Але лiтары не застаюцца на выцвiлым пергамiне. Слова Бiблii застывае фрэскай на небасхiле купала храма, глядзiць на нас са шматлiкiх абразоў, увасабляеца ў скульптуры, адбываеца на паперы ў выглядзе гравюры. Менавiта гэтым бачным вобразам Пiсання прысвечана чарговая выстава «Бiблiя ў мастацтве», на якой прадстаўлены iконы i кнiгi, гравюры i скульптура, i iншыя старажытныя экспанаты ХVIII-ХХ ст.ст.

Сёлета Свята беларускага пiсьменства, якое адзначаецца ўжо ў 10-ты раз, будзе ладзiцца ў Полацку, на зямлi, якая дала Беларусi выдатную асветнiцу – Еўфрасiнню Полацкую. Аб духоўным подзвiгу Еўфрасiннi Полацкай, Кiрылы Тураўскага i iншых беларускiх святых раскажа выстава «Святыя зямлi беларускай».

Сумежныя з выставамi тэмы раскрываюць музейныя лекцыi, разлiчаныя на вучняў рознага ўзросту i навучэнцаў ПТВ. Вось некоторыя з iх: «Адкуль да нас прыйшла кнiга», «Вялiкi пачынальнiк» (жыццё i дзейнасць Францыска Скарыны), «Апякунка зямлi беларускай (жыццё i дзейнасць Еўфрасiннi Полацкай), «Хрысцiянская культура Беларусi Х-ХIII ст.ст.».

У вераснi Гродна адзначае свае 875-годдзе. Да юбiлею горада Белдзяржмузей гiсторыi рэлiгii падрыхтаваў некалькi выстаў i лекцый, сярод якiх адмыслова створаная выстава «Па цiхiх вулачках Гароднi». Яна запрашае ў вандроўку па старажытнаму гораду, знаемiцць з археалагiчнымi знаходкамi i адкрыццямi, выдатнымi помнiкамi архiтэктуры i старасвецкiмi куточкамi, славутымi гарадзенцамi i знакамiтымi асобамi, звязаннымi лёсам з Гародняй. Так, збiраемся ў падарожжа? Дарэчы, калi ёсць жадаючыя павандраваць па горадзе не з дапамогай экспанатаў музея, а непасрэдна па вулачкам роднага горада, музей прапаноўвае аглядную i тэматычныя экскурсii па Гродна. Яны заўсёды карысталiся попытаму гарадзенцаў.

Мы прапануем перагарнуць некалькi старонак з гiсторыi Гродна з дапамогай выставы «Барока Гродна». Наш горад захаваў шмам будынкаў розных стыляў, аднак нi да, нi пасля барока не было стылю, у якiм так яскрава i пераканаўча адбiлася гiсторыя краiны i лёс яе народа. Выстава знаёмiць з мастацкiмi прынцыпамi барока на прыкладзе музейных экспанатаў ХVII-ХVIII ст.ст. i мае шырокi комплексны характар: барочныя помнiкi Гродна асвятляюцца ў кантэксце развiцця гiсторыi Беларусi.

Старонку вайсковай славы адкрывае выстава «Абаронцы Гродна. Барацьба з крыжакамi», прысвечаная 200-гадоваму змаганню нашага народа з нямецкiмi рыцарамi. Ёсць тут i ўзоры сярэднявечнай зброi, i стэнды, прысвечаныя Давыду Гарадзенскаму, Грунвальдскай бiтве 1410 года, i шмат iншых экспанатаў.

Падобная тэматыка асвячаецца таксама i ў лекцыях. Калi вы зацiкавiлiся нашымi прапановамi i хочаце, каб вашы дзецi ведалi гiсторыю сваей краiны, тэлефануйце па нумары 44-24-011.

Наталля ПАСЮТА, малодшы навуковы супрацоўнiк Белдзяржмузея гiсторыi рэлiгii