№ 292 от 11.09.2003  

Беларусь не мае шансаў?

У Крынiцы Гурскай (Польшча) прайшоў 13-ты штогадовы Эканамiчны форум, прысвечаны пашырэнню Еўрапейскага Саюза. Упершыню на iм Беларусь не была названа сярод патэнцыйных кандыдатаў на ўступленне ў ЕС.

На эканамiчны форум запрашаюць вядомых палiтыкаў, бiзнэсменаў, журналiстаў з Цэнтральнай i Усходняй Еўропы, Каўказа i Сярэдняй Азii – усяго каля 2000 чалавек. Гэтым разам удзельнiкамi сталi прэзiдэнты Македонii, Польшчы, Румынii i Харватыi. Беларусь прадстаўлялi першы намеснiк прэм’ер-мiнiстра У.Сямашка, С.Багданкевiч, С.Шушкевiч, журналiст Я.Раманчук i А.Мiлiнкевiч, старшыня Гродзенскага грамадскага аб’яднання «Ратуша», лiквiдаванага ў жнiўнi абласным судом. А.Мiлiнкевiч удзельнiчаў у семiнары «Роля недзяржаўных арганiзацый у дзейнасцi, накiраванай супраць алiгархiзацыi палiтыкi, эканомiкi i СМI у былых сацыялiстычных краiнах».

Сярод выступоўцаў, пазначаных у праграме форума, не было нiводнага прадстаўнiка Беларусi. Гэтак жа, Беларусь не ўзгадвалася ў назвах семiнараў. Вялiкая ўвага нададзена ролi Украiны i Расii, iх супрацоўнiцтву ў кантэксце еўрапейскай iнтэграцыi. Прадстаўнiкi ўсерасiйскага цэнтра даследванняў грамадскай думкi правялi семiнар на тэму «Хома саветыкус (савецкi чалавек) у постсавецкай Расii». На iм абмяркоўвалiся наступствы iракскага крызiсу для самавызначэння расiйскiх грамадзян i перспектывы фармiравання «новага» расiянiна, сярод якiх былi названы еўрапеiзацыя, iзаляцыя i агрэсiўны шавiнiзм.

Iнга Астраўцова