№ 293 от 18.09.2003 | |
Прафсаюзнікаў не пусцілі на завод У пракуратуру Ленiнскага раёна Гродна падалi заяву Аляксандр Еўдакiмчык i Уладзiмiр Кавяза з кiраўнiцтва прафсаюза Аўтамабiльнага i сельскагаспадарчага машынабудавання. Яны скардзяцца на дзеяннi адмiнiстрацыi гродзенскага завода аўтаагрэгатаў, якая не дапусцiла iх на прадпрыемства, а таксама на мiлiцыянтаў, якiя ўчынялi на iх цiск.
Адмiнiстрацыя на мiнулым тыднi склiкала прафсаюзную канферэнцыю, на якой арганiзацыю незалежнага «аўтасельгасмашу» з парушэннямi заканадаўства ператварылi ў арганiзацыю прафсаюза прамысловасцi, якi зверху ствараюць улады.
Прэзiдыўм «аўтасельгасмаша» скасаваў гэтае рашэнне. Еўдакiмчык i Кавяза прыехалi з Мiнску, каб сустрэцца з дырэктарам завода аўтаагрэгатаў Можджарам i сябрамi прафсаюза. Аднак мiнчан не дапусцiлi на прадпрыемства.
Прыехалi мiлiцыянты з вiдэакамерай. Яны не дазволiлi кiраўнiкам прафсаюза паразмаўляць ля прахадной з рабочымi i раздаць iм iнфармацыйныя бюлетэнi з паведамленнем аб парушэннях, здзейсненых на заводзе адносна прафсаюза «аўтасельгасмаша».
Спадароў Еўдакiмчыка i Кавязу папярэдзiлi, што яны нiбыта парушаюць правапарадак. У заяве ў пракуратуру яны зазначылi, што дзеяннi завадской адмiнiстрацыi i мiлiцыi супярэчылi Закону Рэспублiкi Беларусь аб прафсаюзах, а таксама канвенцыi Мiжнароднай арганiзацыi працы.
Дырэктару завода аўтаагрэгатаў пiсьмова паведамiлi, што 23 верасня адбудзецца сход сябраў прафсаюза Аўтамабiльнага i сельскагаспадарчага машынабудавання.
Радыё Свабода |
|