№ 293 от 18.09.2003  

Суседзі

<<ris«Здзяйсняюцца польскiя мары» – такiм чынам свой выступ, падчас урачыстасцi падпiсання Трактату аб пашырэннi Еўрапейскага Звязу ў Атэнах, пачаў прэзiдэнт Польшчы Аляксандр Кваснеўскi. 16 красавiка – дзень падпiсання Трактату лiдарамi пятнаццацi чальцоўскiх краiнаў Еўразвязу i 10 краiнаў, якiя далучаюцца да структуры, адчынiў новы раздзел у гiсторыi Еўропы. Гэта найбольшае пашырэнне ў гiсторыi Еўрапейскага Звязу.

Ад 1 траўня 2004 г. ў структуру ўвойдуць Лiтва, Латвiя, Эстонiя, Кiпр, Мальта, Чэхiя, Славаччына, Славенiя, Вугоршчына i Польшча. Урачыстасць падпiсання Трактату адбылася непадалёк ад Акропалю – на атэнскай Агоры. Агора – гэта калыска еўрапейскай дэмакратыi – сюды прыходзiлi жыхары гораду, перш за ўсё, каб сустрэцца i займацца гандлям, але таксама, каб прымаць важныя для супольнасцi рашэннi.

Сумесна з «Беларускай рэдакцыяй Радыё Палёнiя», «БI» прапануе шэраг матэрыялаў, прысвечаных гэтай тэме. Спадзяёмся, што гэта будзе цiкава i карысна для нашых чытачоў.

Iнтэрв’ю з мiнiстрам Замежных справаў Польшчы Уладзiмежам Цiмашэвiчам распачынае новую серыю матэрыялаў аб нашых суседзях.

Уладзiмеж Цiмашэвiч: «Польшча – адвакатка Беларусi»

– Скажыце, калi ласка, як вы ўспрымаеце момант падпiсання атэнскага Трактату аб далучэннi Польшчы да Еўрапейскага Звязу?

– Зразумела, гэта была вялiкая ўрачыстасць, але дыскусiя пра будучыню Еўрапейскага Звязу, пасля ўводзiнаў Жыскарда Д’Эстэна, была вельмi глыбокая i пабудаваная на аргументах. Гэта была дыскусiя пра кшталт будучага Еўрапейскага Звязу. Сустрэча ў Атэнах не была выключна фармальнай цэрымонiяй.

– Спадар мiнiстр, цi пашырэнне Еўразвязу на сённяшнi дзень мае больш палiтычнае цi эканамiчнае значэнне?

– I палiтычнае, i эканамiчнае. Мы пашыраем супольны рынак, павялiчваем шансы на хутчэйшае эканамiчнае развiццё краiны, але адначасова ствараем групу 25 краiнаў, якiя жадаюць супрацоўнiчаць мiж сабой не толькi пры вырашэннi еўрапейскiх пытанняў, але таксама пытанняў мiжнародных – у адносiнах да еўрапейскага кантыненту. Прынамсi ў гэтым сэнсе маем палiтычнае вымярэнне пашырэння Еўрапейскага Звязу. Я сказаў бы, што пашырэнне Звязу з’яўляецца найбольш складаным праектам у гiсторыi мiжнародных адносiнаў. Нiколi не было структуры, якая арганiзавала б супрацоўнiцтва такой вялiкай колькасцi краiнаў, у такой колькасцi галiнаў адначасова i настолькi грунтоўна. У гiсторыi не было яшчэ такой падзеi, i гэта вельмi важна, што Польшча прымае ў ёй удзел.

– Якiм чынам пашырэнне Еўрапейскага Звязу паўплывае на палякаў, што жывуць паза межамi Польшчы, асаблiва ў краiнах „пятнаццаткi»?

– Перш за ўсё, мы наблiзiмся адны да другiх – я маю на ўвазе палякаў у Польшчы i iх суродзiчаў з Еўропы. Апрача таго, мы атрымаем большыя магчымасцi ўплыву там, дзе правы палякаў маглi б больш шанаваць. Несумненна, далучэнне Польшчы да Еўрапейскага Звязу з’яўляецца добрай навiной для палякаў па-за межамi краiны. Мы ўсе павiнны задумацца, якiм чынам палякi, рассеяныя не толькi па Еўропе, але i па ўсiм свеце, змогуць адчуць далучэнне Польшчы да Звязу. Палякi, якiя жывуць у краiнах, што будуць межаваць з Еўразвязам – я маю на ўвазе, перш за ўсё, Украiну i Беларусь – адчуюць пашырэнне разам з больш актыўнай палiтыкай пашыранага Еўразвязу.

– Спадар мiнiстр, слухачы Радыё Палёнiя, гэта, мiж iншым, украiнцы, расiяне, беларусы. Польшча ўводзiць вiзавы рэжым у дачыненнi да грамадзянаў гэтых краiнаў. Што вы маглi б сказаць гэтым людзям, каб яны не баялiся ўвядзення вiзаў?

– Пашырэнне Еўразвязу з’яўляецца добрай навiной для ўсходнiх суседзяў Польшчы. Прыгадайма сабе час, калi Польшча задумвалася наконт свае прыналежнасцi, свайго месца ў аб’яднанай Еўропе. Тады нам дапамаглi немцы. Добра мець суседа, якi з’яўляецца чальцом Еўрапейскага Звязу, суседа, якi не толькi разумее, але таксама хоча дапамагаць сваiм суседзям, што застаюцца па-за структурай. Мы ўжо даказалi, што менавiта так думаем. Апрацаваная намi канцэпцыя будучай супольнай усходняй палiтыкi Еўрапейскага Звязу заключае ў сабе думку, што ў Еўропе не можа быць падзелаў. Iснуе патрэба супрацоўнiцтва i падтрымкi ўсiх дзеянняў на карысць развiцця альбо падтрымкi дэмакратычнага ладу, эканамiчнага развiцця ўсходнiх суседзяў Польшчы. Гэта, зразумела, доўгi i няпросты працэс. Гэты працэс можа даць пэўныя вынiкi ў перспектыве мiжнародных адносiнаў. Нават на працягу 10 гадоў. Тым не менш, калi б я быў беларусам альбо ўкраiнцам, я быў бы рады, што разам з далучэннем Польшчы да Звязу, я атрымлiваю адваката, свайго прадстаўнiка ў Еўразвязе.

– Якiм вам бачыцца месца Польшчы ў пашыраным Еўрапейскiм Звязе? Якое месца зойме Польшча сярод краiнаў, якiя ўжо з’яўляюцца чальцамi Звязу, i краiнаў, якiя далучацца ў 2004 г.? Цi будзе Польшча – i цi, наогул, яна мае такое жаданне – аказваць уплыў на супольную ўсходнюю палiтыку Еўрапейскага Звязу?

– Гэта залежыць прынамсi ад двух iстотных чыннiкаў. Па-першае, ад фармальнай пазiцыi Польшчы – а яна моцная. Ужо падчас самiту Звязу ў Нiцы было вырашана, што Польшча атрымала вялiкае прадстаўнiцтва ў Еўрапейскiм парламенце, шмат галасоў у Еўрапейскай Радзе. Таксама, як i астатнiя краiны-кандыдаткi, нас запэўнiвалi, што грамадзянiн Польшчы будзе кандыдатам на пасаду аднаго са звязаўскiх камiсароў. Але другiм, можа нават i важнейшым фактарам з’яўляецца наша актыўнасць, наша прафесiйнасць. Такiм чынам, мы можам гарантаваць сабе моцную пазiцыю, i мне здаецца, што Польшча ўжо, як кандыдатка, мае моцную пазiцыю ў Еўразвязе.

– Дзякуй за размову.

Iнтэрв’ю запiсаў Тамаш Саевiч, «Беларуская рэдакцыя

Радыё Палёнiя»