№ 293 от 18.09.2003  

Ведай гісторыю Гродна

Першыя беларускія настаўнікі: Тэкля Станішэўская і Аляксандр Грыкоўскі

Тэкля Станiшэўская, першая беларуская гродзенская настаўнiцаЯкраз насупраць касцёла Бернардзiнаў, у тым месцы, дзе зараз апынуўся будынак драматычнага тэатру, узiмку на пачатку 1919 года ў адным з пакойчыкаў мужчынскага Барыса-Глебскага манастыра памiраў паволi ад сухотаў настаўнiк першай беларускай школы ў Гродне Аляксандр Грыкоўскi...

Разам з пачаткам Першай сусветнай вайны i суцэльнай эвакуацыяй Гродзеншчыны летам 1915 года раптам усё рускае, усё праваслаўнае апынулася ў вагонах цягнiкоў, на вазах, зварухнулася, рушыла на ўсход i знiкла. Услед пацягнулiся бясконцыя калоны ўцекачоў, большасць з якiх былi сiлай прымушаны пакiнуць уласныя хаты. Пачалiся доўгiя чатыры гады нямецкай акупацыi. Але вайна нечакана адчынiла новую старонку ў гiсторыi беларускага руху. «З адыходам расейцаў з Гродна, – пiсала вiленская беларуская газета «Гоман», – адразу выявiлася, што ўся маскоўшчына ў нас была толькi нанасная. Цяпер расiйскай мовы на вулiцах зусiм не пачуеш. Зато скрозь чутна наша родная беларуская мова. Людзi, каторым перш розныя «дабрадзеi» умаўлялi, быццам «сорамна» гаварыць «па-просту», цяпер смела i галосна гавораць па-свайму...».

«Другая сталiца БНР», як пасля назавуць Гродна, пачыналася, па сутнасцi, з Барыса-Глебскага манастыра па вулiцы Маставой, 9. Менавiта тут, у красавiку 1916 года па iнiцыятыве В.Ластоўскага i А.Луцкевiча была адчынена беларуская пачатковая школка. Першымi беларускiмi настаўнiкамi ў Гродне сталi васемнаццацiгадовая Тэкля Станiшэўская i старэйшы за яе на пяць гадоў Аляксандр Грыкоўскi, за плячыма якiх былi беларускiя вучыцельскiя курсы. Аляксандр Грыкоўскi паходзiў з вёскi Корнiна, Бельскага павету. Тэкля Станiшэўская нарадзiлася ў Вiльнi i да беларускага руху далучылася яшчэ ў хаце: была сябрам беларускай музычна-драматычнай дружыны, iграла ў беларускiм тэатры.

Беларуская школка ў Гродне падчас Першай сусветнай вайны. У цэнтры сядзяць А.Грыкоўскi i Т.Станiшэўская.«Гродна ў той час з беларускага боку быў пустыняю, – пiсала «Беларуская думка». – ...Маладым беларускiм адраджэнцам-вучыцялем прыходзiлася кожны крок здабываць упорнай, доўгай i сыстэматычнай працаю. Перашкоды былi надзвычайныя. Працiўнiкi беларускага адраджэння не грэбавалi нiякiмi спосабамi барацьбы процiў беларускiх дзеячоў i ўсё iмi ўжывалася ад звычайнай агiтацыi да абвiнавачвання перад нямецкай уладаю ў расейскiм шпiонстве. Але смелая i энергiчная праца беларускiх працаўнiкоў зрабiла сваё. Школа стала на цвёрды грунт, дзяцей хадзiла шмат, бацькi пасылалi ахвотна. Скрануўся з вялiкай сiлаю беларускi рух у Гродна. Зазiхацелi блiскучыя гарызонты».

У лiстападзе 1918 года ў беларускай школе дзейнiчала ўжо 3 класы. Стараннямi настаўнiкаў дзецi навучалiся бясплатна, атрымлiваючы дармавыя абеды, падручнiкi i школьныя прылады. Аднак, цана, якую прыйшлося заплацiць за тое, каб зярняткi, кiнутыя на беларускую раллю, далi першыя ўсходы, аказалася вельмi высокаю. Два гады цяжкай, самаахвярнай працы каштавалi Тэклi Станiшэўскай i Аляксандру Грыкоўскаму жыцця. Кволае здароўе маладых настаўнiкаў не вытрымала ўсiх выпрабаванняў, i яны бязмала адначасова захварэлi на сухоты. Улетку 1918 года Тэкля Станiшэўская ад’ехала ў Вiльню i ўжо болей ў Гродна не вярнулася. Аляксандр Грыкоўскi, тым не менш, застаўся ў горадзе i праз нейкi час яшчэ працягваў апекавацца беларускай школкай. Больш таго, ён актыўна ўключыўся ў палiтычную барацьбу на мясцовым грунце.

Падчас свайго побыту ў Гродне, на пачатку 1919 года, Антон Луцкевiч вельмi зблiзiўся з Аляксандрам Грыкоўскiм. Ён угаварыў хворага настаўнiка перабрацца з пакойчыка ў Барыса-Глебскiм манастыры, дзе было вельмi сыра. Нехта знайшоў для яго светлы, сонечны пакой, гаспадыня якога вельмi мiла аднеслася да хворага i шчыра апекавалася iм.

Нiкралог на смерць настаўнiка А.Грыкоўскага ў гродзенскай беларускай газеце 'Бацькаўшчына'.  Сакавiк 1919 г.У канцы лютага 1919 года Антон Луцкевiч ад’язджае ў Вiльню. «Калi я вярнуўся з Вiльнi, – успамiнаў з непраходзячым жалем Антон Луцкевiч амаль праз сямнаццаць гадоў, – дык хацеў зараз жа наведацца да яго, але быў гэтак змучаны дарогай, што назаўтра цэлы дзень праляжаў. А яшчэ праз дзень прынеслi мне сумную вестку, што Грыкоўскi ўчора памёр. Увесь апошнi дзень чакаў на мой прыход. Калi я прыйшоў да яго, ён ужо ляжаў у труне. I страшна сцiснула маё сэрдца ад болю, бо я раптам прарочымi вачыма ўглядзеў Iвана, каторы праз паўгоду пайшоў па слядах Грыкоўскага»

15 сакавiка 1919 года на паседжаннi Рады мiнiстраў БНР у Гродне было вырашына ўзяць усе выдаткi па пахаванню Аляксандра Грыкоўскага на рахунак урада БНР. Пахаванне першага гродзенскага беларускага настаўнiка вылiлася ў манiфестацыю беларускага руха, падобную якой Гародня яшчэ не бачыла. У першы раз праз горад прайшла працэсiя, з беларускiмi нацыянальнымi сцягамi, якая складалася з сяброў мясцовых беларускiх арганiзацый ды вучняў беларускай школкi. Ужо пазней, у красавiку, беларускi кампазiтар Ян Тарасевiч напiсаў раманс «Восенская песня» на верш Максiма Багдановiча «Плакала лета, зямлю пакiдаючы...», прысвечаны памяцi першага гарадзенскага беларускага настаўнiка. А яшчэ праз нейкi час прыйшла сумная вестка з Вiльнi аб смерцi Тэклi Станiшэўскай...

«...Праца яго была такой цяжкай i такой шчырай, – пiсала гродзенская газета «Бацькаўшчына» на смерць беларускага настаўнiка Аляксандра Грыкоўскага. – ... З жалем, сумам i слязьмi вязлi мы яго ў царкву, ...праводзiлi яго да магiлы, пакрылi кветкамi i ўшлi, пакiнуўшы яго на горцы каля Неману. З гэтага часу векавечным суседам i таварышчам яго будзе Нёман. Нёман будзе баюкаць яго сон сваiм сумным гоманам. Нёман будзе казаць яму аб тым, што робiцца на Беларускай зямельцы. Нёман будзе сведкай, цi стрымаем мы тыя клятвы, што давалi пад чырвоным штандарам над раскрытай, незасыпанай магiлай у час расставання. Беларусы, памятайце гэту магiлу, памятайцi сведку – Нёман, памятайце свае клятвы!»

Пасля гэткiх слоў, красамоўным здаецца факт, што сярод сучасных гарадзенцаў няма нiводнага, хто б ведаў, дзе тая магiла...

Андрэй ЧарнЯкевIЧ

Аўтар выказвае падзяку У.Ляхоўскаму за прадастаўленыя фотаздымкi.