№ 294 от 25.09.2003  

КАРЭЛІЧЫ

Прыгнятаюць штрафы і пробы-паборы

Што па колькасцi кантралюючых i штрафуючых органаў наша краiна хiба наперадзе ўсёй планеты, многiя грамадзяне ў нас пераканалiся.

Сярод караючых службаў у Карэлiцкiм раёне вызначаецца Цэнтр гiгiены i эпiдэмiялогii. Накладвае штрафы на работнiкаў гандлю, калi выяўляе пратэрмiнаваныя тавары на час рэалiзацыi, за антысанiтарны стан тэрыторый i г.д. Пакаранню, ў асноўным, падвяргаюцца прадаўцы. А цi заўсёды такiя меры справядлiвыя, пытаюцца ў роздуме работнiкi прылаўка? Чаму прадаўцы iндывiдуальных прадпрымальнiкаў за аднолькавае парушэнне штрафуюцца на 15-36 тысяч рублёў, а iх калегi са спажыўкааперацыi – на 60-70 тысяч. Апошнiх караюць, як любiць гаварыць кiраўнiк краiны, «на поўную катушку», пры заробку 75 тысяч рублёў. Так, на 65 тысяч рублёў пакараны прадавец з вёскi Аканавiчы А.Шэйман, мацi пяцярых дзяцей. I наўрадцi за яе заступiцца аднафамiлец з пракуратуры РБ.

Насцярожвае грамадства i тое, што правяраючыя бяруць на экспертызу розную колькасць прадуктаў. Скажам, хто бярэ на праверку 100 грамаў каўбасы, а хто аж 400. Зноў жа гэта выклiкае розныя меркаваннi i пытаннi. Вiдаць, з улiкам такой сiтуацыi на гэтую тэму вымушана была выступiць з вялiкiм артыкулам раённая газета «Полымя».

С.ВАЛОШКА