№ 294 от 25.09.2003 | |
Ветэраны хадайнічаюць аб ушанаванні памяці В.Быкава Сябры Гродзенскага гарадскога грамадскага аб’яднання ветэранаў вайны, працы i Узброеных сiл звярнулiся да старшынi гарвыканкама А.Антоненкi i старшынi Гродзенскага Савета дэпутатаў Б.Казялкова з хадайнiцтвам аб ушанаваннi ў горадзе памяцi Народнага пiсьменнiка Беларусi Васiля Быкава.
Гродзенскiя ветэраны просяць улады перайменаваць цяперашнi Бульвар ленiнскага камсамола ў Бульвар Васiля Быкава, надаць адной з школаў горада яго iмя, стварыць музей, заснаваць штогадовую гарадскую прэмiю ў галiне лiтаратуры i журналiстыкi, а таксама надаць Васiлю Быкаву пасмяротна званне ганаровага грамадзянiна Гродна. Гэтае рашэнне ветэранамi было прынята на адным са сходаў арганiзацыi. Дарэчы, на гэтым жа сходзе ветэраны паказалi прыклад уладам i парайменавалi сваю бiблiятэку «Спадчына» ў iмя Васiля Быкава. А пакою свайго офiсу па вулiцы Савецкай, 31 надалi статус мемарыяльнай комнаты Васiля Быкава. У iм сабрана шмат публiкацый пра пiсьменнiка, ягоныя выданнi, аформлены альбом i стэнд, прысвечаны жыццю i творчасцi, а таксама плануецца набыць грамзапiсы з iнтэрв’ю i выступленнямi Народнага пiсьменнiка.
У сваiм хадайнiцтве да ўладаў ветэраны пiшуць, што iмя Васiля Быкава для кожнага беларуса стала ўсведамленнем мужнасцi, нязломнасцi, высокага патрыятызму, паколькi гэта пiсьменнiк з вялiкай лiтары, гэта Прарок. Людзi, якiя самi прайшлi цяжкiмi дарогамi вайны, пiшуць, што творы В.Быкава складаюць гонар не толькi нашага народа, а знаходзяць водгук у душы кожнага чалавека, хто жыве па законах дабра i справядлiвасцi.
Нагадаю, што яшчэ пры жыццi Васiля Быкава гродзенскiя ветэраны выходзiлi з прапановай аб прысваеннi пiсьменнiку звання лаўрэата Нобелеўскай прэмii ў галiне лiтаратуры.
Iмя Васiля Быкава, як канстатуе старшыня ветэранскай арганiзацыi Мiкалай Мельнiкаў, неадрыўна звязана з Гродна. Тут ён жыў i працаваў, менавiта ў нашым горадзе былi напiсаны творы, якiя праславiлi пiсьменнiка на ўвесь свет. Нiкiм дагэтуль не паказаная праўда другой сусветнай вайны склала змест ягоных аповесцяў i апавяданняў «Жураўлiны крык», «Трэцяя ракета», «Альпiйская балада», «Адна ноч». Выдадзеныя ў 1960-ыя гады, яны прынеслi пiсьменнiку велiзарную папулярнасць сярод чытачоў i жорсткую агрэсiю афiцыйных iдэолагаў.
I тое, i другое памножылi аповесцi «Сотнiкаў», «Абелiск», «Воўчая зграя», «Круглянскi мост», «Пайсцi i не вярнуцца», але асаблiва – «Мертвым не балiць».
Як зазначае кiраўнiк Рады ветэранскай арганiзацыi Мiкалай Мельнiкаў, iх аб’яднанне мяркуе рабiць усё магчымае, каб бачанне Васiля Быкава, прарока Айчыны, перадаць моладзi, данесцi да школьнiкаў. Сябры арганiзацыi, па яго словах, засталiся назаўсёды адданымi той справе, у iмя якой жыў i змагаўся вялiкi беларус, пiсьменнiк i грамадзянiн Васiль Быкаў.
Цяпер справа за ўвекавечаннем памяцi Народнага пiсьменнiка за гарадскiмi ўладамi. Ветэраны спадзяюцца, што памяць такога чалавека будзе ўшанавана дастойна.
На гэта спадзяёмся ўсе мы, гродзенцы.
Мiхаiл КАРНЕВIЧ |
|