№ 295 от 02.10.2003 | |
Апошні дзень бязвізавага рэжыму з Польшчай Гарадзенцы ездзяць у суседнюю Польшчу двума шляхамi– на цягнiку з чыгуначнага вакзалу альбо на аўто праз памежны пераход «Брузгi», якi знаходзiцца за 20 кiламэтраў ад гораду. Напярэдаднi ўвядзення вiзавага рэжыму з Польшчай, 30 верасня, наш карэспандэнт наведаў чыгуначны вакзал. Колькасьць пасажыраў выглядала на штодзённую – чалавек 120-150.
Бальшыня з iх ездзiць кожны дзень, робячы дробны бiзнэс на цыгарэтах i спiрце. Таму пра вiзы яны паклапацiлiся загадзя. Аднак пасажыры гаварылi, што iм не падабаецца самая патрэба рабiць вiзы ў суседнюю краiну, куды яны доўгi час ездзiлi свабодна.
Спадарыня: «Адзiнае, што вам скажу: сёння людзей душаць i душаць. Каб быў заробак такi, як трэба, дык хiба людзi ездзiлi бы, душылiся ў гэтых цягнiках? Нас тут – у нашай краiне за людзей ня лiчаць. А там -»дзень добры», «до вiдзення». Там лепей, чым тут».
Пасажыры-мужчыны менш эмацыйныя.
Спадар: «Гэтая вiза – шматразовая, але 40 дзён можна будзе знаходзiцца ў Польшчы, старая вiза – за 14 даляраў. Мы ездзiм кожны дзень – як атрымлiваецца, а што будзе з першага – яшчэ невядома. Пабачым. Мне здаецца так, што гарадзенцы, якiя ездзiлi, нiкуды не падзенуцца. Без працы сядзець не будуць. Будуць ездзiць i з гэтымi вiзамi».
Мужчына, з якiм я размаўляў, быў вельмi задаволены, што атрымалася набыць вiзу менавiта па старым кошце. Палякi выдавалi iх да 22 верасня. Сёння ён праяжджаў каля польскага генеральнага консульства i лiчыць, што чарга была вельмi вялiкая. Праўда, у вераснi палякам ўдалося наладзiць выдачу вiзаў праз дзень пасля здачы дакументаў, а цi атрымаецца гэтак рабiць надалей, будзе залежыць ад колькасьцi ахвотных атрымаць вiзу ў суседнюю краiну.
Кар. радыё «Свабода» |
|