№ 295 от 02.10.2003  

Ведай гісторыю Гродна

Першы Гродзенскі губернскі беларускі з’езд

Рэвалюцыя ў Германii ў лiстападзе 1918 года прынесла для маленькага правiнцыйнага Гродна спадзяванне на хуткае сканчэнне нямецкай акупацыi. Аднак у той самы час паўстала другое важнае пытанне: каму будзе належаць гэты пакутлiвы край пасля сканчэння вайны?

Альтэрнатыў было некалькi. Ужо iснавала Лiтоўская дзяржава, да якой Гродна фармальна адыйшоў па ўмовах Брэсцскага мiру. Аб сваiм гiстарычным праве на спадчыну Рэчы Паспалiтай узгадала адраджоная Польшча. Не збiралася адмаўляцца ад Паўночна-Заходнiх губернiй i Расiя, якая з гэткай цяжкасцю русiфiкавала iх на працягу апошняга стагоддзя. А былi яшчэ бальшавiкi, для якiх Гродна з’яўляўся толькi чарговай прыступкай на iх шляху да Сусветнай рэвалюцыi. БНР у гэтым спiсе заставалася амаль цi не на апошнiм месцы. Аб тым, што ўжо паўгады iснавала Беларуская дзяржава, шмат хто з гродзенцаў на той час нават i не здагадваўся.

Аднымi з першых у горадзе паднялi галаву мясцовыя палякi. Яшчэ ў сярэдзiне лiстапада 1918 года, карыстаючыся разгубленасцю нямецкiх вайсковых уладаў, у горадзе арганiзуецца Польскi дэмакратычны камiтэт i пачынаецца падрыхтоўка да правядзення павятовага з’езду нацыянальных рад, з тым, каб аб’явiць аб уключэннi Гродзеншчыны ў склад Польшчы. Гэта выклiкала ўздым паланафобскiх настрояў сярод праваслаўных жыхароў. Найбольш антыпольскую пазiцыю занялi былыя расiйскiя чыноўнiкi, перажыўшыя эвакуацыю i бежанства i якраз напярэдаднi вярнуўшыяся ў Гродна, для якiх гэты горад стаўся апошнiм прытулкам у акiяне смуты, паглынуўшай Расiйскую iмперыю. У канцы кастрычнiка 1918 года невялiчкая група мясцовай «расiйскай iнтэлiгенцыi», а дакладней – былыя расiйскiя чыноўнiкi, вайскоўцы ды прадстаўнiкi праваслаўнай царквы, з мэтай «аб’яднаць мясцовае рускае праваслаўнае насельнiцтва для абароны ўласных нацыянальных, рэлiгiйных i грамадскiх iнтарэсаў», стварылi Гродзенскую рускую ўправу. Хутка па iнiцыятыве Управы пачынаецца падрыхтоўка па склiканню з’езду праваслаўнага насельнiцтва Гродзенскай губернii з тым, каб заявiць аб сваiм гiстарычным праве на гэты край.

Адчынiўся з’езд у тры гадзiны пяцьдзесят пяць хвiлiн, з такой дакладнасцю гавораць аб гэтым дакументы, 1 снежня 1918 года ў будынку Барыса-Глебскага манастыра. «Два месяцы назад, прыехаўшы ў Гродно, – гэткiмi словамi распачаў сход кiраўнiк Гродзенскай управы Яўграф Курлаў, – мяне ўразiла, што нi ў грамадскiх месцах, нi ў склепах, нi проста на вулiцах не было чутно роднай – расiйскай мовы, не кажучы ўжо аб поўнай адсутнасцi расiйскага друку, школы, нават шыльдаў. Ня лепш справа абстаяла i на вёсцы, дзе селянiн-беларус месцамi нават баяўся адкрыць сваю нацыянальнасць... Усе жыхары губернii – беларусы, схавалiся па сваiх кутках па адзiночцы, як бы напярэдаднi рыхтуючыся да гiбелi...». Сёняшняму чытачу адразу кiдаецца ў вочы лёгкасць, з якою аратар у сваёй прамове аб’яднаў рускiх i беларусаў, быццам бы гаворка iшла аб адным народзе. На пытанне аб магчымасцi iснавання незалежнай Беларускай дзяржавы былыя чыноўнiкi цвёрда адказалi – «Не!», дадаўшы сцiплае: «на жаль» i патлумачаўшы гэта тым, што «эканамiчны дабрабыт не ў стане было б падтрымлiваць у аддзелянай ад iншых народаў Расii».

Сярод 186 дэлегатаў, прыехаўшых на сход, знайшлiся толькi некалькi чалавек, якiя адкрыта выступiлi ў абарону беларускасцi. Гэта былi прадстаўнiкi Гродзенскага Беларускага нацыянальнага камiтэту – Янка Натусевiч i Андрэй Якубецкi. Абодва прыйшлi ў беларускi рух яшчэ да Першай сусветнай вайны: А.Якубецкi падчас вучобы ў педагагiчным iнстытуце ў Феадосii, а Я.Натусевiч – будучы гiмназiстам, калi ён уваходзiў у склад Гродзенскага гуртка беларускай моладзi. Андрэю Якубецкаму нават удалося заняць месца намеснiка старшынi сходу. Але барацьба гэта была няроўная. Ужо прапанова А.Якубецкага, каб выкладанне ў вясковых школах вялося толькi на беларускай мове, выклiкала буру пратэстаў. Яго падтрымаў Янка Натусевiч. У пратаколе сходу асаблiва адзначана, што ён адзiны, хто выступаў па-беларуску.

«...Мы не павiнны адмаўляца ад сваёй роднай беларускай мовы, – пачаў ён. – Не забудзем, што за нашую мову шмат хто пацярпеў! Я вам прачытаю верш Калiноўскага, якi быў павешаны царскiмi ўладамi за сваю родную беларускую мову». У зале падняўся крык i шум. Раздалiся галасы – «Ня трэба!» Па просьбе выступаючага, старшыня паставiў на галасаванне пытанне, цi жадае з’езд выслухаць верш. Большасцю супраць аднага Янка Натусевiч прачытаў верш. «Той беларус, – скончыў ён сваю прамову, – хто гаворыць па беларуску!»

У адказ капiтан Ян Ярушэвiч пачаў баранiць расiйскую мову, кажучы, што для сялян, якiя паслалi яго на сход, яна больш зразумелая чым тая, на якой размаўляў папярэднi аратар. «Не навязвайце сялянам незразумелую мову!» – патэтычна заклiкаў ён сабраўшыхся. У вынiку, за выкладанне ў школах выключна па-беларуску прагаласавала толькi восемь чалавек.

Ранкам наступнага дня ўдзельнiкi з’езду зноў сабралiся пад манастырскiмi скляпеннямi. На гэты раз абмярковывалася пытанне аб палiтычнай будучынi краю. Iзноў на трыбуну падняўся Янка Натусевiч. «Беларускi нацыянальны камiтэт стаiць на платформе незалежнай беларускай дзяржавы..., – коратка заявiў ён. – Нi польскай, нi расiйскай арыентацыi быць не павiнна!» «Жыве незалежная Беларусь!» – выкрыкнуў Янка Натусевiч на прыканцы.

«Адным з самых значных дасягненняў чалавека з’яўляецца родная мова, – адказваў у чыноўнiчай манеры – здзеклiва i прынiзлiва – прадстаўнiк Управы фон Дзiтман. – Але ж прыдаваць ёй такое вялiкае значэнне, як гэта робiць папярэднi выступаючы, прынамсi, не дальнабачна. Аратар зусiм не паказаў iншых фактараў для стварэння i далейшага iснавання незалежнай Беларусi...»

Андрэй Якубецкi папярэдзiў сход, што Управа намагаецца раскалоць беларусаў на праваслаўных i каталiкоў. «Я заклiкаю з’езд запомнiць мае словы. Мы пойдзем не за праваслаўнымi папамi, не за рымскiмi папамi, а будзем аб’ядноўвацца!» «Мы – гаспадары гэтай зямлi, – дадаў Янка Натусевiч, – i здольныя гэта даказаць, а выносiць пастанову сходу на расейскай мове – сорамна!», – на што Сымон Якавюк абразлiва кiнуў: «Ня трэба сварыцца за мову. Трэба справу рабiць».

На гэты раз перамога была на баку ўчорашнiх русiфiкатараў. Аднак, i iм давялося лiчыцца з часам. У вынiку Управа змянiла назву з «рускай» на «беларускую», як своеасаблiвы палiтычны камуфляж. Заключная рэзалюцыя сходу ўсхваляла свабоду, роўнасць, братэрства, Беларускую Управу i заклiкала: «Жыве адзiнства беларусаў-католiкаў i беларусаў-праваслаўных».

Зачынiўся сход апоўначы 2 снежня 1918 года. Дэлегаты ў цемры разыходзiлiся вузкiмi вулачкамi Гродна, гадаючы, якi лёс чакае гэты край.

Андрэй ЧарнякевIч,

кандыдат гiстарычных навук