№ 295 от 02.10.2003  

Суседзі

Адныя баяцца, другія вучацца

Iнтэграцыя Польшчы ў Еўразвяз, безумоўна, паўплывае на ўсе галiны жыцця польскага грамадства, у тым лiку на эканомiку. Аб тым, як ставяцца польскiя прадпрыймальнiкi да ўступлення iх краiны ў Еўразвяз, у нашым чарговым матэрыяле сумесна з Беларускай рэдакцыяй Радыё Палёнiя. З гэтай нагоды карэспандэнт прапанаваў выказацца прадпрыймальнiкам i бiзнэсоўцам, якiя працуюць у розных сферах эканомiкi.

Ян Ярашэвiч, кiраўнiк праекту ў фiрме, якая займаецца вытворчасцю i продажам абсталявання для маркiроўкi тавараў:

– Напэўна, баязнi больш, бо калi гаварыць пра надзеi, то ў такой сiтуацыi, як сёння, экспарт мае шансы развiвацца. У сваю чаргу, пасля далучэння да Еўразвязу, экспарт можа пацярпець крах з вельмi простай прычыны. Польскi злоты ўмацоўваецца, а з кожным такiм узмацненнем нашыя тавары на ўсходнiх рынках становяцца меней канкурэнтаздольнымi, таму што нашыя ўсходнiя партнёры купляюць у нас тавары альбо за еўра, альбо за долары. Калi злоты ўмацоўваецца, гэтыя валюты танеюць. Таму мы за кожным разам мусiм альбо павышаць цэны ў доларах, трацячы канкурэнтаздольнасць, альбо ўтрымлiваць цэны на тым самым узроўнi i менш зарабляць.

Экспарт, якi ў дадзены момант i так не належыць да асаблiва рэнтабельных галiнаў польскай эканомiкi, становiцца ўсё меней канкурэнтаздольным, усё меней прыносiць даходу.

На сённяшнi дзень экспартныя фiрмы надалей займаюцца экспартам часта толькi дзеля таго, каб захаваць месцы працы, людзей, сваiх спецыялiстаў. Яны ўжо не прыносяць даходу. Калi ў такой сiтуацыi злоты ўзмоцнiцца на чарговыя 20%, як гэта адбылося з песа ў Iспанii, адразу пасля iнтэграцыi ў Еўразвяз, то на столькi ж трэба будзе падняць цэны экспартных тавараў, якiх ужо не будзе сэнсу прадаваць на Усход, бо iх там не купяць.

– Цi ўшчыльненне польскай усходняй мяжы i ўвядзенне вiзавага рэжыму стане перашкодай у далейшым супрацоўнiцтве памiж прадпрымальнiкамi i фiрмамi?

Ян Ярашэвiч:

– Вiзы могуць быць перашкодай, але вiзы дзейнiчаюць ужо цяпер. Магчыма, паявiцца больш праблемаў, таму што вiзу ў Еўразвяз будзе значна цяжэй атрымаць. Аднак, на маю думку, прынамсi на ўзроўнi iмпарт-экспарт, на ўзроўнi супрацоўнiцтва памiж фiрмамi, калi нехта з-за ўсходняй мяжы захоча прыехаць у Польшчу, гэта не праблема. Значна горш будзе тым, хто возiць сам тавар праз мяжу ў клунках.

– Пытанне Анджэю Валясэку з Цэнтру Прамоцыi агульнапольскай эканамiчнай палаты, якi займаецца наладжваннем для бiзнэсоўцаў адмысловых курсаў па праграмах падтрымкi прадпрымальнiцтва. Як, на ваш погляд, баяцца польскiя прадпрымальнiкi Еўразвязу i супольнага рынку?

Анджэй Валясэк:

– Не думаю, каб яны баялiся ўваходу ў Еўразвяз. Але разумею, што шмат хто з iх яшчэ не здагадваецца пра магчымасцi, якiя ствараюцца Еўразвязам, асаблiва – разнастайныя праграмы дапамогi. Еўразвяз усё болей сродкаў прызначае для польскiх прадпрымальнiкаў, асаблiва для тых, хто дзейнiчае на тэрыторыi 5 усходнiх ваяводстваў, сярод iх Падляскае i Вармiнска-Мазурскае. На гэтыя рэгiёны прызначаюцца значныя сродкi, якiя пераважна застаюцца нявыкарыстанымi, а сумы ўвесь час павялiчваюцца. На мой погляд, неабходна добрая iнфармацыйная акцыя. Прадпрымальнiкi, якiя хоць раз выкарыстаюць такiя сродкi, прыходзяць да высновы, што дапаможнымi праграмамi Звязу можна смела карыстацца, што гэта нават не вельмi складана, i бяруць удзел у чарговых праграмах. Аднак першы этап характарызуецца абсалютнай адсутнасцю ведаў. Гэта вельмi iстотны бар’ер, якi стрымлiвае бiзнэсоўцаў ад выкарыстоўвання звязаўскiх датацыяў.

– Як вы лiчыце, цi iнтэграцыя ў Еўразвяз будзе аўтаматычна азначаць закрыццё шляхоў на Усход i канец супрацоўнiцтва ва ўсходнiм кiрунку?

Анджэй Валясэк:

– Думаю, што будзе наадварот, таму што Еўразвяз прапануе праграмы, накiраваныя менавiта на Усход. Гэта праграмы, звязаныя з развiццём экспарту. I такiя праэкспартныя праграмы карыстаюцца сярод прадпрымальнiкаў найбольшай зацiкаўленасцю.

– Ужо некалькi гадоў у Польшчы дзейнiчае сетка iнфармацыйных цэнтраў, куды можа звярнуцца кожны, каго цiкавяць звесткi пра Еўразвяз. Наступнае пытанне да Iнгi Кавалэк з Цэнтру еўрапейскай iнфармацыi Паморскага агенцтва рэгiянальнага развiцця ў Слупску. Як бiзнэсоўцы ставяцца да перспектывы ўваходу Польшчы ў Еўразвяз?

Iнга Кавалэк:

– Цяжка ў дадзены момант гаварыць пра iхнае стаўленне. Яны, напэўна, вельмi зацiкаўленыя пошукам ведаў, пошукам звестак, таму што боязнь вынiкае ў першую чаргу з-за адсутнасцi дастатковай iнфармацыi. Аднак калi прадпрымальнiкам растлумачыць, якiя ёсць шанцы, якiя пагрозы, звязаныя з уваходам Польшчы ў Еўразвяз, якiм чынам трэба рыхтавацца да таго, каб быць канкурэнтаздольнымi на супольным еўрапейскiм рынку, тады гэтая боязнь змяншаецца. Мы, напрыклад, вучым, як можна здабыць сертыфiкаты, якiя высока цэняцца ў Еўразвязе, як можна здабыць сродкi на развiццё прадпрыемства, на развiццё экспарту. I тады нашыя бiзнэсоўцы пачынаюць гэтым карыстацца. Думаю, што такiя iнфармацыйныя дзеяннi маюць вялiкае значэнне, бо заахвочваюць карыстацца iснуючымi формамi дапамогi ў дадзены перыяд, яшчэ да далучэння.

Эльвiра БОГДАН

«Беларуская рэдакцыя Радыё Палёнiя»