№ 295 от 02.10.2003  

У Старым замку знайшлі каралеўскае віно

Круглы стол «Стэфан Баторый у гiстарычнай памяцi народаў Усходняй Еўропы», прымеркаваны да 470-х угодкаў з дня нараджэння караля, прайшоў у гродзенскiм Новым замку. Мерапрыемства ладзiлi «Гуманiтарны цэнтр даследванняў Усходняй Еўропы» на чале з гродненскiм гiстрыкам Д. Каравым, абласная бiблiятэка iмя Карскага, Гродзенскi гiсторыка-археалагiчным музей i мясцовае аддзяленне Археаграфiчнай камiсii Камiтэта па архiвах i справаводстве пры Савеце Мiнiстраў. За круглы стол селi гiсторыкi з гродзенскага унiверсiтэта i супрацоўнiкi музеяў. Два выступоўцы з Польшчы прыехаць не змаглi. На адкрыццi выступiў консул Польшчы ў Гродне сп.Крэнтоўскi, якi папрасiў прабачэння, што не можа размаўляць па-беларуску.

Кароль Рэчы Паспалiтай i Вялiкi Князь Лiтоўскi Стэфан Баторый зрабiў сваёй рэзiдэнцыяй Гродна, якi знаходзiўся ў баку ад Кракава i Вiльнi. Тут ён мог праводзiць незалежную палiтыку. Дзякуючы яму кожны трэцi сейм РП адбываўся ў нашым горадзе. Граматай ён прызнаў у 1576 годзе, што Польшча i ВКЛ з’яўляюцца раўнапраўнымi часткамi ў складзе федэратыўнай дзяржавы. З таго часу сеймы праходзiлi па чарзе то ў Польшчы, то ў Вялiкiм княстве.

У Гродне Баторый i памёр. Тут жа, з-за спрэчкi медыкаў наконт прычыны смерцi, было праведзена першае на тэрыторыi Усходняй Еўропы анатамiраванне. Хадзiлi чуткi, што яго атруцiлi, але навукоўцы абверглi гэтую версiю. Кароль меў сур’ёзныя хваробы i любiў пiць вiно, якое, магчыма, зашкодзiла ягонаму здароўю. Пасля яго смерцi ў сутарэннях Старога замку знайшлi 51 бочку з вiном.

Баторый хацеў быць пахаваным у Гродне, але яго завезлi на Вавэль, дзе спачываюць усе польскiя каралi. Пасля смерцi ён завяшчаў 96 тысяч злотых сваёй радзiме – Семiграддзю, а 30 тысяч – улюбёнаму Гродна.

Стаўшы каралём, Баторый атрымаў кансалiдаваную дзяржаву. Каталiцкi касцёл дамiнаваў, аднак правы прадстаўнiкоў iншых канфесiй не парушалiся. Новы кароль iмкнуўся забяспечыць рэлiгiйны мiр у краiне. Ён забаранiў Юрыю Радзiвiлу спалiць у Вiльнi пратэстанцкiя кнiгi. Нават рускiя гiстарыёграфы лiберальнай плынi лiчылi, што ў часы панавання Баторыя ў Рэчы Паспалiтай iснавала рэлiгiйная свабода.

Асаблiва прыхiльна Баторый ставiўся да езуiтаў, якiя прыцягвалi яго iнтэлектуальнасцю i здольнасцю наладзiць выдатную сiстэму адукацыi.

Пры каралi ў дзяржаве iснаваў культ гiсторыi. Баторый меў прыдворных гiстарыёграфаў, адзiн з якiх паходзiў з Венецыi. Тэмы для даследванняў яны атрымлiвалi «зверху». У ролi цэнзара выступаў сам кароль. Ён забаранiў друкаваць гiстарычныя творы без уласнага дазволу. Такiм чынам стваралася афiцыйная канцэпцыя погляду на гiсторыю.

Беларуская народнiцкая гiстарыяграфiя пачатку ХХ стагоддзя не мела адзiнага падыходу адносна ацэнкi асобы Баторыя. Напрыклад, Вацлаў Ластоўскi станоўча ацэньваў яго рэлiгiйную палiтыку. Вялiкiм «мiнусам» ён лiчыў асаду Полацка i знiкненне тамтэйшай бiблiятэкi. У 20-я гады, нават у часы беларусiзацыi, стаўленне да караля было негатыўнае. Вырашальным тут быў канфесiйны фактар. Баторыя лiчылi паланiзатарам, якi насаджаў каталiцызм. У беларускай гiстарычнай навуцы 30-50-х гадоў, калi фактычна адмаўлялася самастойнасць беларускага этнасу, Баторый канчаткова ператварыўся ў «ворага». З другой паловы 50-х пачалi наладжвацца сувязi з Польшчай. Савецкiя гiсторыкi, кнiгi якiх чыталi i за мяжой, старалiся цяпер абыходзiць вострыя моманты. Напрыканцы 80-х пачалося фармаванне пантэона нацыянальных герояў, сярод якiх з’явiлася i постаць караля Стэфана Баторыя.

Пасля круглага стала ў Новым замку адкрылася персанальная выстава «Вяртанне Стэфана Баторыя». Мiнскi мастак Валерый Калясiнскi, якi захапляецца вобразам караля, прадставiў 19 скульптураў з бронзы, гiпсу, сiлумiну i нават чыгуну. Ягонай дыпломнай працай быў праект коннага помнiка Баторыю ў Гродне. На выставе дэманструецца фотамантаж – кароль на канi стаiць у скверы насупраць Фарнага касцёла. Але помнiка такога ў Гродне дагэтуль няма. Каралеўскi замак не адрэстаўраваны, а мост ля яго знаходзiцца ў аварыйным стане.

I.АстраЎцова