№ 296 от 09.10.2003  

Гродзенскія дэмакраты рыхтуюцца да выбараў

Пра гэта папярэдне дамовiлiся сябры незарэгiстраванага каардынацыйнага камiтэта «Гарадзенская iнiцыятыва». Камiтэт аб’ядноўвае лiдараў грамадскiх i партыйных арганiзацыяў Гродна.

Праўда, магчымасцi для дзеянняў у iх адносна невялiкiя: для выбараў дэпутатаў палаты прадстаўнiкоў iснуюць дзве гарадскiя i адна гродзенская сельская акруга, якая ўключае i частку жылых кварталаў абласнога цэнтра.

Сёння ў «Гарадзенскай iнiцыятыве» пануе прагматычны падыход да выбараў. Нiякiх iлюзiяў няма. Людзi разумеюць, што выбары будуць недэмакратычныя, што рэальных спадзяванняў на змены ў выбарчым заканадаўстве быць не можа.

Аднак большасць сябраў Каардынацыйнага камiтэта лiчаць, што ўдзельнiчаць у iх трэба. Нават дапускаючы наперад, што нiхто не пройдзе, усё адно гэта не будзе поўнай паразай, бо дэмакраты лiчаць, што самае галоўнае – гэта змяняць настрой людзей, уплываць на iхнае мысленне.

Цi ўдасца апазiцыi падзялiць памiж сабою гэтыя тры акругi напярэдаднi выбараў?

Выказвалiся дзве думкi: вылучаць па адной кандыдатуры ў кожнай акрузе цi па некалькi, у спадзяваннi, што хоць хто-небудзь ды пройдзе. У «Гарадзенскай iнiцыятывы» будзе прынамсi 10 кандыдатураў на тры акругi. Цi пагодзяцца дэмакраты пакiнуць толькi трох кандыдатаў? Цi не ўзнiкне ў кагосцi жаданне вылучацца, не зважаючы на папярэднiя дамоўленасцi? Пакуль сказаць цяжка.

Радыё Свабода