№ 296 от 09.10.2003  

Ведай гісторыю Гродна

Ад імя народу: Гродзенскі Беларускі нацыянальны камітэт

Вiд на Барыса-Глебскi манастыр (злева) збоку занеманскага фарштату. Здымак часоў першай нямецкая акупацыi.Гледзячы на пампезны будынак драматычнага тэатру, з фантанамi i тэрасамi, якi па вечарах асаджае гаварлiвы натоўп аматараў сцэнiчнай драмы, цяжка ўявiць сабе тое павольнае, няспешнае жыццё, якое тачылася тут, на гэтым узгорку за сценамi Барыса-Глебскага манастыра напачатку мiнулага стагоддзя. Аднак, у гады пераваротаў i рэвалюцый манастыр таксама мог стаць месцам публiчных паседжанняў i сходаў, забыўшыся пра сваё першапачатковае прызначэнне.

Менавiта тут, у Барыса-Глебскiм манастыры, восенню 1918 года была створана першая ў Гродне легальная беларуская арганiзацыя – Сувязь культурна-нацыянальнага адраджэння Беларусi. Яе заснавальнiкамi было невялiчкае кола мясцовых свядомых беларусаў: А.Грыкоўскi, Я.Натусевiч, А.Якубецкi, Л.Дзекуць-Малей, Р.Злоцкi, У.Курбскi, С.Качынскi – усяго каля дзесяцi чалавек. Аднак, падзеi адбывалiся такiм чынам, што амаль адразу функцыя арганiзацыi выйшла за межы выключна адной асветы, як гэта планавалася спачатку. Каб весцi палiтычную барацьбу i змагацца за ўплывы з палякамi i расейцамi, патрэбна было выступаць ад iмя ўсяго народу, i Сувязь змянiла назву на Гродзенскi Беларускi нацыянальны камiтэт. Як i чаму гэта адбылося, дакладна высвятлiць цяжка. Больш iстотным з’яўляецца тое, што ў канцы 1918 года мясцовыя беларусы ўпершыню атрымалi ўласнае нацыянальнае прадстаўнiцтва. Аднак ужо вясной 1919 года з усталяваннем польскай улады нацыянальны камiтэт фактычна наогул перастае iснаваць, а большасць ягоных сябраў пакiдае Гродна.

Iстотным момантам у адраджэннi Гродзенскага БНК сталiся польска-беларускiя перамовы ў сярэдзiне сакавiка 1920 года ў Мiнску. Ужо 28 сакавiка 1920 года, праз чатыры днi пасля перамоваў, па вуснай згодзе Польскага Генеральнага камiсара ўсходнiх зямель Е.Асмалаўскага ў Гродне былi прызначаны перавыбары мясцовага беларускага нацыянальнага камiтэта. Сам сход доўжыўся каля чатырох гадзiн. У вынiку ў новы склад Гродзенскага БНК былi абраны: С.Якавюк, Л.Дзякуць-Малей, М.Якiмовiч, Я.Антонаў i У.Федарук. Узначалiў камiтэт Сяргей Баран, якi стане амаль на тры гады галоўнай постаццю беларускага нацыянальнага руху ў Гродне.

Новы камiтэт адразу заняў месца свайго папярэднiка ў якасцi нацыянальнага прадстаўнiцтва. Да чэрвеня 1920 года пры Гродзенскiм БНК iснавалi ўжо тры аддзелы: адмiнiстрацыйны, арганiзацыйны, дабрачынны i працавала юрысконсульскае бюро. Акрамя гэтага ў павеце дзейнiчала чатыры iнструктары i дзевяць культурна-асветнiцкiх гурткоў. 11 чэрвеня 1920 года камiтэт ухвалiў далучыцца да пратэсту Мiнскага БНК у сувязi з заявай польскага мiнiстра Скульскага, быццам «беларускае пытанне ў Польскай дзяржаве – вырашана», i адначасова запатрабаваць удзелу беларускай дэлегацыi ў польска-савецкiх перамовах. Больш таго, падчас святкавання дня Канстытуцыi прадстаўнiкi Гродзенскага БНК дэманстратыўна адмовiлiся падпiсаць зварот ад жыхароў Гродна аб жаданнi далучыцца да Польшчы. Падводзячы вынiк гэткай актыўнай дзейнасцi на працягу апошнiх месяцаў, С.Баран пiсаў 22 чэрвеня 1920 года: «...Тыя ўплывы на жыхарства, якiя мае Гродзенскi БНК, прымусiлi польскую адмiнiстрацыю лiчыцца з камiтэтам i прызнаць яго». Аднак перамога была не доўгаю.

За гэтым муром Барыса-Глебскага манастыра ў 20 гадах XX ст. пачыналася беларуская Гародня.У лiпенi 1920 года разам з кавалерыяй Гая-Хана ў Гродна прыйшла савецкая ўлада, i праца беларускiх арганiзацый, у тым лiку i нацыянальнага камiтэта, спыняецца. Новы, трэцi перыяд у гiсторыi Гродзенскага БНК пачынаецца 26 верасня 1920 года, калi пасля ўпартых баёў польскiя войскi зноў займаюць горад. У гэты ж дзень адбываецца надзвычайнае паседжанне нацыянальнага камiтэта, якi пастанавiў аднавiць работу i весцi яе далей «у кiрунку абароны нацыянальных i эканамiчных патрэбаў беларускага насельнiцтва». На кароткi час у Гродне наступае своеасаблiвы «рэнесанс» беларускага руху. Пачынаецца дзейнасць па адкрыццю беларускай гiмназii, склiкаецца кааператыўны з’езд, аднаўляюць працу вясковыя камiтэты.

Падпiсанне ў Рызе прылiмiнарнай мiрнай дамовы памiж Масквой i Варшавай перакрэслiла супрацоўнiцтва Гродзенскага БНК з Польшчай. Ужо 1 лiстапада 1920 года адбываецца агульнае паседжанне камiтэта, на якiм быў вынесяны пратэст супраць Рыжскай дамовы, падзялiўшай Беларусь, а ўжо 20 студзеня 1921 года гродзенскi стараста К.Рагалевiч выставiў перад беларусамi ўльтыматум з патрабаваннем прадаставiць зацверджаны польскiмi ўладамi статут арганiзацыi. Нягледзячы на тое, што дакументы былi дастаўлены ў час, К.Рагалевiч падпiсаў на наступны дзень загад аб закрыццi Гродзенскага БНК. Адначасова па горадзе пракацiлася хваля арыштаў i вобыскаў.

У новых умовах, разлiчваючы, ў першую чаргу, на падтрымку Лiтвы, якая мела з Польшчай спрэчныя адносiны ў дачыненнi Вiльнi, камiтэт пераходзiць да нелегальнай дзейнасцi. Частка ягоных сяброў далучаецца да стварэння антыпольскага падполля i арганiзацыi партызанскага руху. У Каўнас за зброяй, грашыма i лiтаратурай адпраўляюцца шматлiкiя кур’еры, а Барыса-Глебскi манастыр ператвараецца ў канспiратыўны цэнтр беларускага падполля.

Апошняя кропка ў гiсторыi Гродзенскага БНК была пастаўлена вясной 1923 года на «працэсе 45-цi» у Беластоку ў выглядзе шматгадовых выракаў пазбаўлення волi для кiраўнiкоў арганiзацыi, якую польскiя судовыя ўлады канчаткова аднеслi да «антыдзяржаўных».

Няўдалыя спробы аднавiць беларускае нацыянальнае прадстаўнiцтва ў Гродне, але ўжо з выразна праўрадавай i паланафiльскай арыентацыяй, прадпрымалiся яшчэ на працягу дваццатых гадоў. Апошнi Гродзенскi БНК быў створаны зусiм iншымi людзьмi восенню 1941 года падчас нямецкай акупацыi i размясцiўся ён зусiм у iншым будынку, але i гэтым разам усё скончылася судовымi выракамi i турмамi, толькi ўжо савецкiмi.

Андрэй ЧАРНЯКЕВIЧ