№ 296 от 09.10.2003 | |
Страчваецца спадчына Зараз шмат гаворыцца пра аднаўленне вёскi, пра сельскi турызм. Аднак так мала робiцца для таго, каб прывабiць турыстаў, каб захаваць тое, што яшчэ засталося пасля занядбання беларускай гiсторыi i культуры Савецкай уладай. Мiр, Нясвiж, Навагарадак... У адрозненнi ад многiх iншых гарадоў, яны адрэстаўраваныя. Але гiсторыка-архiтэктурная спадчына Беларусi налiчвае сотнi помнiкаў, якiя схаваны ў маленькiх вёсках.
Яшчэ год таму разам са студэнтамi Гродзенскага фiлiяла Iнстытута сучасных ведаў мы пачалi свае вандроўкi па гiстарычных помнiках Беларусi. Маршруты складалi самi, таму ў iх траплялi мясцiны, не прывабныя для вока турыста. Вось i зараз на шляху нашага падарожжа – маленькiя гарадкi i вёскi, якiя ляжаць удалечынi ад галоўных турысцкiх дарог. Недасведчаны скептык можа сказаць, а што ў нас тут глядзець, акрамя руiнаў? Як паказвае мая педагагiчная практыка, людзi часта не ведаюць гiсторыю горада або вёскi, дзе жывуць. Можа адсюль вытокi неахайнага стаўлення да свайго роднага мястэчка?
Наша спадчына ўражвае багаццем i цiкавымi архiтэктурнымi помнiкамi, якiя будавалiся нашымi продкамi на працягу ХII – ХХ стагоддзяў. Занядбаны стан большасцi гiстарычных каштоўнасцяў выклiкае сапраўдны боль душы. Найгорш выглядаюць замкi i сядзiбы. Без гаспадара яны паступова разбураюцца, зарастаюць хмызняком ды бур’янам. Амаль усе захоўваюцца без кансервацыi. Пашанцавала пакуль Навагарадскаму (XIVст.) ды Крэўскаму замкам (XIVст.), дзе гэтая праца толькi пачалася. Напачатку аднаўленне башняў Любчанскага замка XVI стагоддзя. Велiч развалiн Гальшанскага (XVI-XVII стст.), Ружанскага (XVII-XVIII стст.) i Косаўскага (ХIХ ст.) замкаў уражваюць i зараз. Але калi iх пакiнуць у такiм выглядзе, як ёсць, то нашчадкам мы будзем паказваць толькi месцы iх знаходжання. Такi ж самы жалобны выгляд маюць сядзiбы ў Пясочным (ХIХ ст.), Чырвонай зорцы (XVIII ст.), Шчорсах (ХIХ ст.), Падароску (XVIII ст.), Iвянцы (ХХ ст.) i многiх iншых нашых гарадах i вёсках.
Некаторыя з помнiкаў былi пашкоджаны яшчэ ў часы першай i другой сусветных войнаў. Напрыклад, Косаўскi палац быў спалены партызанамi. Але i пасля Айчыннай вайны савецкая ўлада не пакiдала помнiкi ў спакоi. У Гальшанах дзецям не ставiлi адзнакi за чвэрць, пакуль яны не прыносiлi цаглiну з Гальшанскага замку. Побач з замкам пабудавана ферма. Перыядычна гнойныя сцёкi запаўняюць унутраны двор замка, а адходамi сельгасвытворчасцi засыпаюцца падвалы.
Радзiвiлмонтаўскi драўляны палац у вёсцы Чырвоная зорка быў пашкоджаны пажарам. Аднавiць яго зараз амаль немагчыма: з’ехаў дах, пакасiлiся сцены. Жахлiва, што часам мясцовыя жыхары не разумеюць каштоўнасцi гiсторыка-архiтэктурных помнiкаў, што знаходзяцца побач. Яны нават не ведаюць, дзе знаходзiцца сядзiба, але могуць патлумачаць, як можна знайсцi «развалiны».
Не лепшы лёс напаткаў цэрквы i касцёлы. Многiя з iх страцiлi ўнутраную аздобу намаганнямi бальшавiкоў, якiя зрывалi са сценаў абразы, рушылi iканастасы. Так, напрыклад, было зроблена ў Гнезнаўскiм касцёле Мiхаiла Архангела, пабудаваным яшчэ ў XVI стагоддзi. Толькi дзякуючы мужнасцi мясцовых жыхароў, быў абаронены ад разбурэння Воўпаўскi касцёл Iаана Хрысцiцеля (Гродзенская вобласць, XVIII ст.). Ён застаўся захаваным, нягледзячы на тое, што доўгi час у iм не было святара. Чакаюць сваiх рэстаўратараў касцёл Вiзiтацыi Дзевы Марыi ў Вялiкай Бераставiцы (XVIII ст.), Троiцкi касцёл у Лыскава (XVIII ст.), Мiрская каплiца (XХ ст.), Барунскi манастыр базiлiянаў (XVIII ст.), кляштар францысканцаў у Гальшанах (XVI-XVIII стст.). Для аднаўлення i захавання гiстарычных помнiкаў неабходна шырокая дзяржаўная праграма. Аднак шмат чаго залежыць сёння ад прадстаўнiкоў мясцовай улады. Часам яны не клапоцяцца нават аб тым, каб паставiць шыльду на помнiку рэспублiканскага значэння ды абгарадзiць яго тэрыторыю. Захаванне нашых каштоўнасцяў таксама залежыць ад так званых простых людзей. Што далёка хадзiць – брыдка глядзець на цэнтральную гiстарычную плошчу Гродна пасля святкавання шлюбных параў, якiя пакiдаюць на ёй бутэлькi з-пад шампанскага. Так пачынаць гiсторыю сваёй сям’i – са смецця на славутым месцы?... Калi гэта можа адбывацца ў прыбраным i адрэстаўраваным месцы, што ж казаць, пра руiны. Некаторыя адчуваюць ледзьве не абавязак – унесцi свой уклад у разбурэнне.
Захаванне гiстарычных каштоўнасцяў залежыць ад кожнага грамадзянiна краiны Беларусь. Проста не трэба разбiраць нашу спадчыну па цаглiнкам, размалёўваць ды закiдваць смеццем – гэта будзе маленькi ўклад кожнага ў справу аховы помнiкаў нашай гiсторыi. Шануючы гiстарычную спадчыну, мы шануем сябе.
Наталля СЛIЖ, выкладчык Iнстытута сучасных ведаў |
|