№ 297 от 16.10.2003  

І гады не перашкода

<<risАпанасу Пятровiчу Цыхуну, заслужанаму настаўнiку Рэспублiкi Беларусь, краязнаўцу, паэту i пiсьменнiку, удзельнiку польска-нямецкай i Вялiкай Айчыннай вайны, педагогу, сёлета споўнiлася 93 гады. Нягледзячы на такi ўзрост, у яго добра захаваўся ясны розум i памяць, што дало магчымасць да свайго 93-годдзя напiсаць i выдаць кнiжку пад назвай «Пройдзеныя шляхi-пуцявiны» аж на 176 старонках. Кнiга мае каштоўнае значэнне для беларускай культуры. За сваё жыццё Апанас Пятровiч змог напiсаць i выдаць каля паўтара дзесятка кнiжак.

У апошняй сваёй кнiзе ён не схiляўся апiсваць сваю бiяграфiю, а пiсаў аб падзеях, фактах i людзях Гродзеншчыны.

Не буду апiсваць сва iх уражанняў ад кнiгi, а лепш працытую водгукi вядомых у краiне людзей.

Iван Iгнатавiч Крамко, старэйшы навуковы супрацоўнiк Iнстытута мовазнаўства iмя Я.Коласа Акадэмii навук РБ: цудоўная кнiжка, якую я перачытваю зноў i зноў. Яе старонкi незвычайных успамiнаў, у якiх знаходжу знаёмыя мне лёсы, iмёны, абставiны i падзеi пройдзенага часу.

Я вельмi рады, што такая кнiга пабачыла свет, бо нiчога вартага пра жыццё-быццё заходняга беларуса, па сутнасцi – дакументальнага, не было i чытаецца яно больш цiкавей, чым мастацкiя творы. Я многае перажыў яшчэ раз, ад дзяцiнства i да старасцi. Гэта i прырода, i басаногае пастухоўства, i галеча, i асаблiва запамiнальныя святы, перш за ўсё, фэсты, i мара пра лепшае жыццё, i многае-многае iншае. I ўвесь час перад вачыма стаялi мае гаротнiкi бацькi. Дай вам Бог здароўя яшчэ многа напiсаць i дачакацца публiкацый напiсанага.

Арсень Лiс, вядомы пiсьменнiк Беларусi: вашыя мемуары мне шмат расказалi пра вас, як чалавека, нялёгкi шлях беларускага iнтэлiгента. У кнiзе добра праглядваецца пэўны канкрэтны рэгiён Гродзеншчыны i яго падзеi, цiкава пазнаваць пра iх. Вы практычна адкрылi цэлы шэраг этнографаў – Карскiх. Хораша расказалi пра звычкi, святы, узгадалi многiх землякоў, цiкава было даведацца пра вашых дзядзькоў. А вёска Кунцаўшчына, хоць вы i завяршаеце аб ёй на элегiчнай ноце, запомнiлася з часоў вашай маладосцi. Дорага чытачу праўдзiвасць вашага аповяду аб перажытым вамi, блiзкiмi людзьмi, педагогамi i прыхiльнiкамi. Прыемна было даведацца, хто былi блiзкiя сябры кампазiтара Аляксандра Шыдлоўскага.

Iрына Мiхайлаўна Быкава, жонка Васiля Быкава: зноў i зноў чытаю i перагортваю старонкi вашых незвычайных успамiнаў. Перад вачыма ўзнiкаюць знаёмыя лёсы, падзеi i людзi. Весткi з Бацькаўшчыны для нас заўжды былi найдаражэйшымi. Успамiны спазнiлiся... Захаванне нацыянальнай спадчыны, адраджэнне мовы, культуры, асветнiцтва Беларусi былi галоўнай тэмай у вашых размовах з Васiлём Быкавым.

Сам Апанас Пятровiч, чытаючы гэтыя радкi заўважыў, што нiколi не цураўся сялянскай працы, любiў зямлю, працаваў i да гэтага часу працуе на ёй. Ён i зараз працуе на зямельным надзеле ў чатыры соткi – гэта яго лецiшча. Яно, дзякуючы рукам Апанаса Пятровiча, вельмi дагледжанае. Тут расце шмат самых розных культур садавiны i агароднiны. Ад корпання ў зямле Апанас Пятровiч дагэтуль атрымлiвае душэўнае задавальненне. За сваё жыццё ён сотням людзей дапамог вырасцiць сады з прыгожымi дрэвамi.

Лiчу, што няма сэнсу пераказваць кнiгу. Яна скажа сама за сябе, але падкрэслю адну рэч. Варта было б прачытаць успамiны старога беларуса, найперш, маладым, тым, хто, па сутнасцi, нiколi не бачыў сапраўднай беларускай народнай стыхii, якая яшчэ 60 гадоў таму кiпела паўнавартасным жыццём i змагалася за свае нацыянальныя i сацыяльныя правы. Жывыя малюнкi мiнулага паўстаюць перад намi на старонках успамiнаў Апанаса Цыхуна, побыт беларускай вёскi першай паловы ХХ стагоддзя.

Дакранiцеся да яе.

Iлья БАРЫСАЎ

Фота аўтара.