№ 297 от 16.10.2003 | |
Святы ў Смаргоні У мiнулыя выхадныя ў Смаргонi адзначалi дзве даты. У суботу – 500-годдзе горада, у нядзелю – 500-я ўгодкi мясцовай каталiцкай парафii. Горад рамантавалi некалькi месяцаў. Дзеля гэтага прымусiлi раскашэльвацца фiрмы i прадпрымальнiкаў.
Але грошай усё адно не хапала, паколькi з дзяржаўнага бюджэту замест 14 мiльярдаў рублёў далi толькi палову. Таму давялося браць банкаўскiя крэдыты.
Сталiчны скульптар, ураджэнец Смаргоншчыны, Уладзiмiр Церабун зрабiў памятны знак, прысвечаны паўтысячнай гадавiне, з выявай герба з мядзьведзем. Дарэчы, нават начальства, гаворачы пра гiсторыю, узгадвала, што горад стаўся вядомым некалi, дзякуючы гэтак званай «смаргонскай акадэмii» – своеасаблiвай школе, дзе гадавалi i дрэсiравалi мядзьведзяў, якая iснавала ў Радзiвiлаў. Жывых мядзьведзяў на святкаваннi 500-годдзя гораду не было.
Упершыню смаргонцы ўбачылi гарадскi сцяг, якi мае белы, чырвоны, сiнi i чорны колеры. Да нагоды прагучаў гiмн Смаргонi на верш Мяр’яна Дуксы. Гучаў паланэз Агiнскага, напiсаны ў Залессi. Салдаты з мясцовага памежнага атраду паказвалi сваiх сабак. Дарэчы, помнiк савецкаму салдату да свята здымалi з пастаменту, каб пакрыць меддзю. А Ленiна толькi пафарбавалi. А як адбывалася святкаванне 500-х угодкаў смаргонскай каталiцкай парафii? На святкаванне з Гораднi прыязджаў бiскуп Антон Дзям’янка, адбылося ўрачыстае набажэнства. Самому смаргонскаму касцёлу 450 гадоў, ён месцiцца ў былым кальвiнскiм зборы, якi ёсць помнiкам эпохi рэнесансу. У прыбудове да касцёлу адбыўся канцэрт духоўнай музыкi, выступiлi хор «Голас душы» з Чырвонага касцёлу з Мiнску, гродзенская капэла i мясцовыя харысты.
Радыё Свабода
|
|