№ 297 от 16.10.2003 | |
Ведай гісторыю Гродна Беларускі супраціўТалерантыя, памяркоўныя, стрыманыя – часамi гэтыя эпiтаты ў адносiнах да беларусаў набываюць зусiм iншы сэнс: абыякавыя, безiдэйныя, бездапаможныя. Тым не менш, у нашым мiнулым дастаткова прыкладаў чыннага супрацiву, якiя абвяргаюць склаўшыся стэрэатып. Адным з iх можа быць беларускi антыпольскi рух на Гродзеншчыне.
З вяртаннем на Радзiму былых уцекачоў напачатку 1920-х гадоў антыпольскiя настроi вылiлiся ў сапраўдную партызанскую вайну, амаль забытую сёння. Барацьбу супраць польскай улады ўзначалiла партыя беларускiх эсэраў (БПС-Р) у цесным супрацоўнiцтве з Ковенскай Лiтвою. Па плане, распрацаваным у генштабе лiтоўскай армii, на Вiленшчыне паўстанне павiнны былi ўзняць лiтоўцы, тады як на Гродзеншчыне – урад БНР i БПС-Р. Для непасрэднага кiраўнiцтва паўстаннем на месцах былi створаны чатыры групы. Штаб чацвёртай начале з Вячаславам Разумовiчам, прыняўшым псеўданiм «атаман Хмара», размяшчаўся ў мястэчку Мерыч паблiзу польска-лiтоўскай мяжы i адказваў за гродзенскi напрамак. Паводле ўласных сцвярджэнняў В.Разумовiча, за кароткi час яму ўдалося стварыць некалькi дзесяткаў баявых груп агульнай колькасцю каля шасцi тысяч чалавек.
Кiруючым цэнтрам беларускага антыпольскага руху ў самiм Гродна стаўся Гродзенскi беларускi нацыянальны камiтэт, а канспiратыўныя сустрэчы беларускага падполля адбывалiся ў будынку Барыса-Глебскага манастыра ў памяшканнi беларускай школкi. У Гродзенскi акружны штаб беларускiх партызан уваходзiлi: А.Трыпуза, якi выконваў абавязкi падпольнага каменданта горада, А.Гораш, Н.Козiч – былы сябра Рады БНР, М.Парук i П.Якубецкi. Аддзел прапаганды пры штабе ўзначальвала Е.Матэйчук. Акрамя гэтага, найблiжэйшымi прадстаўнiкамi В.Разумовiча ў Гродне з’яўлялiся Iльючык, М.Карповiч, В.Юрэчка, Чулкоў i С.Якавюк. Ужо зiмою 1922 года распачынаецца падрыхтоўка да тэрарыстычных акцый. Па загаду атамана Хмары партызаны рыхтавалiся ўзарваць штаб польскага камандавання III корпуса ў Гродне, а М.Карповiч меў арганiзаваць пакушэнне на гродзенскага старасту.
Адным з галоўных дзеячоў беларускага антыпольскага партызанскага руху на Гродзеншчыне быў Аляксандр Станкевiч – «Пугачоў», якi паводле польскай дэфензiвы быў арганiзатарам партызанскага атраду ў самiм Гродне. А.Станкевiч вывез у Лiтву мясцовага жыхара Iвана Васiлеўскага i хаваўся пад ягоным прозвiшчам. Пры арышце польская палiцыя знайшла ў яго пiсталет, карту Гродзеншчыны, складзеную нямецкiм Генштабам, некалькi адозваў В.Разумовiча – «Хмары», iнструкцыю да кiраўнiкоў партызанскiх аддзелаў i лiсты з патрабаваннем да апошнiх аб хутчэйшай арганiзацыi атрадаў у Галынскай i Iндурскай гмiнах.
Партызанскiя атрады, часцей за ўсё, складалiся з мясцовых жыхароў, якiя пакiдалi хаты толькi на час выканання пэўнай аперацыi. У паветах, дзе дзейнiчалi партызаны, мелiся склады зброi, амунiцыi, выбуховых рэчываў i атруты. Усё гэта было падрыхтавана супраць польскага войска i палiцыi. У сваёй дзейнасцi партызаны апiралiся на шырокую падтрымку мясцовага насельнiцтва. Яны нападалi на адмiнiстратыўныя ўстановы, ваенна-палiцэйскiя аб’екты, маёнткi i сядзiбы асаднiкаў i г.д..
Сярод паўстанцкiх атрадаў, у першаю чаргу, выдзялялася група Германа Шыманюка – «Скамароха», якi паходзiў з вёскi Грабавец Бельскага павету. Па вяртанню з бежанства, дзе Г.Шыманюк працаваў артыстам маскоўскага тэатра «Буфф», ён становiцца на чале Бельскага павятовага падпольнага штабу. У хуткiм часе, разам з атаманам Хмарай, Скамарох едзе ў Каўнас, дзе ў савецкiм пасольстве падпiсвае ўмову аб падтрымцы Савецкай Расiяй паўстання супраць Польшчы. Вясной 1922 года ён з Я.Грыцюком – «Чортам» арганiзаваў атрад у 15-24 чалавек, якi распачаў актыўную дзейнасць. 7 красавiка атрад напаў на дом ляснiчага Алькевiча ў в. Вiтава Бельскага павету. 17 красавiка падпалiў склады з дрэвам каля чыгункi Чэромха-Гайнаўка перад праездам цягнiка з польскiм урадам, якi накiроўваўся ў Вiльню на свята аб’яднання Вiленшчыны з Польшчай. Каля складоў быў пакiнуты «Ультыматум» з забаронай палякам вывозiць лес з Белавежскай пушчы, як «багацце беларускага народу». 26 красавiка партызанамi былi забiты чатыры жыхары в.Белая. 29 красавiка атрад Я.Чорта напаў на пост палiцыi ў в.Кляшчэлi. Былi забiты два палiцэйскiх i рэстаратар. «Сярод шырокiх колаў мясцовага насельнiцтва, – пiсала аб атрадзе Чорта-Скамароха газета «Dziennik Grodzienski», – гэтаму атраду надаюць значэнне, як часткi арганiзаванага беларускага войска, сражаючагася за вольнасць свайго роднага краю».
У адказ на тэракты, гродзенскай палiцыяй была накiравана карацельная экспедыцыя ў Парэчча i Бершты, аднак партызанаў яна не знайшла. Ужо на наступны дзень каля станцыi Марцiнконiс была разабрана чыгунка, а солтыс вёскi Кабеляй знайшоў i спалiў дваццаць кiлаграмаў адозваў з заклiкам супраць Польшчы. Больш удалай аказалася наступная экспедыцыя, калi было захоплена дзевятнаццаць партызан з атрада Скамароха, тым не менш, самому Г.Шыманюку ўдалося ўцячы...
Здейснiць свае планы па арганiзацыi ўсеагульнага паўстання беларускiм эсэрам не ўдалося. Польская дэфензiва з дапамогай правакатараў на сярэдзiну 1922 года раскрыла эсэраўскае падполле. Усяго, згодна польскаму гiсторыку М.Таборскаму, з 1921 па 1923 гады ў Гродне i Гродзенскiм павеце польскiмi ўладамi за прыналежнасць да беларускага нацыянальнага руху было рэпрэсавана 126 чалавек.
Паступова збройная акцыя спыняецца. «Мясцовае аседлае насельнiцтва, – гаварылася ў рапарце дэфензiвы, – ужо стамiлася ад няпэўнасцi, тады як перспектыва новай вайны цi паўстання пагражае канчатковым знiшчэннем нават таго, што засталося... Гэта падштурхоўвае беларускiх дзеячаў да працы ў галiне культурнiцкай i легальнай. Мара аб Незалежнасцi, аб Незалежнай Беларусi зыходзiць з парадку дня, губляючы адпаведнасць бягучаму моманту».
Андрэй ЧАРНЯКЕВIЧ |
|