№ 297 от 16.10.2003  

Суседзі

Высновы, зробленыя ў Крыніцы

Эканамiчны форум у Крынiцы – адна з найбольш прэстыжных сустрэчаў бiзнэсоўцаў, прамыславiкоў i палiтыкаў з розных краiнаў, але перш за ўсё – з рэгiёну Цэнтральна-усходняй Еўропы. Пра прэстыж мерапрыемства сведчыць хаця б той факт, што форум адчынiлi чатыры прэзiдэнты: Польшчы, Румынii, Харватыi i Македонii. У Крынiцу прыбылi таксама кiраўнiкi ўрадаў некаторых краiнаў, у тым лiку старшыня рады мiнiстраў Польшчы Лешэк Мiлер.

Тэмы форуму, як заўсёды, мелi шматбаковы характар – палiтыка, грамадскiя справы, але перш за ўсё – эканомiка. Удзельнiкi сустрэчы ў Крынiцы, якая адбывалася гэтым разам у вераснi, вялiкую ўвагу прысвяцiлi развiццю ўзаемных эканамiчных адносiнаў пасля ўступлення некаторых краiнаў нашага рэгiёну Еўропы ў Еўрасаюз.

Iншай важнай падзеяй 13-га Эканамiчнага форуму была прэзентацыя рапарту «Новая Еўропа», у якiм змешчаны аналiз эканамiчнага i палiтычнага развiцця 27 краiнаў Цэнтральнай i Ўсходняй Еўропы ды Сярэдняй Азii на працягу апошнiх 10 гадоў.

Польшча атрымала даволi станоўчую ацэнку, хоць незалежныя спецыялiсты, якiя працавалi над рапартам, звярталi ўвагу на немалую карупцыю i вялiкi ўзровень беспрацоўя. Цiкава, што найбольш станоўчую ацэнку атрымала невялiкая Эстонiя.

Беларусь апынулася недзе пасярэдзiне. У рапарце зазначаны факт адсутнасцi ў нашай краiне палiтычных i эканамiчных свабодаў, малы ўзровень замежных iнвестыцыяў i адстунасць рэформаў. Са станоўчага падкрэслiваецца невялiкi ўзровень беспрацоўя ў Беларусi.

Цiкавымi у гэтай сувязi прагучалi словы былога кiраўнiка Нацбанку Беларусi Станiслава Багданкевiча. Я запытаў у яго, цi беларускiя ўлады могуць пахвалiцца iншымi эканамiчнымi паказчыкамi, акрамя тых, што ўжо ўзгадвалiся. Ягоны адказ, думаю, варта працытаваць цалкам: «Безумоўна. Яны ж не скажуць найбольш iстотнага моманту гэтага развiцця. Яны заявяць, што ў нас штогод павялiчваецца валавы нацыянальны прадукт, што ў нас нiзкае беспрацоўе. Але не скажуць, якой цаной, якая шкода наносiцца будучым пакаленням. Для прыкладу, у 2001 г. унутраны валавы прадукт павялiчыўся на 4,6%, а запазычанасць эканомiкi банкам павялiчылася намiнальна на 72%. У рэальным, гэта значыць у доларавым, пералiку – на 18%. Такiм чынам, мы дасягнулi рост на 4,6% шляхам таго, што запазычылiся на 18% у рэальнасцi. Гэта цана нашага дасягнення. Той жа самы год 43% суб’ектаў гаспадарання закончылi са стратамi – яны нерэнтабэльныя. Ва ўмовах высокай iнфляцыi можа аказацца, што 2/3 беларускiх прадпрыемстваў нерэнтабельныя. Канешне, яны выпускаюць нерэнтабельную прадукцыю: частка iдзе на склад, частка – па бартэру iдзе ў Расiю, каб заплацiць за энерганосбiты, за iншыя рэчы. I вось неяк мы iснуем, неяк гэта ўсё трымаецца, але трэба памятаць, што гэта не бясконца, таму што беларуская эканомiка не мае базы, не мае фундаменту».

Калi стан беларускай эканомiкi нельга назваць аптымiстычным, прынамсi так вынiкае са словаў прафесара Багданкевiча, то гандлёвае супрацоўнiцтва памiж Польшчай i Беларуссю развiваецца даволi iнтэнсiўна. Вiцэ-прэм’ер беларускага ўраду Уладзiмiр Сямашка, якi прыбыў на Эканамiчны форум, зазначыў, што ў 2002 г. рост тавараабароту памiж Польшчай i Беларуссю склаў 9,6%, а ў першым паўгоддзi бягучага году – аж 58,7%. Паводле Уладзiмiра Сямашкi, тэндэнцыя росту дасягнута дзякуючы польскiм iнвестыцыям у Беларусi i павелiчэнню беларускага экспарту ў Польшчу. Прычым, велiчыня iмпарту ды экспарту збалансаваныя.

Цiкавым было i выказванне вiцэ-прэм’ера наконт таго, як будзе выглядаць эканамiчнае супрацоўнiцтва памiж Польшчай i Беларуссю пасля ўступлення першай у Еўрасаюз. Уладзiмiр Сямашка зазначыў, Беларусь ад гэтага ў большай ступенi выйграе, чым прайграе: «Ёсць станоўчыя моманты: калi мы трапiм пад умовы гандлю Еўрасаюзу, то ў вялiкай ступенi для нас адчынiцца еўрапейскi рынак. Канешне, як i ў кожнай справе, ёсць чорнае i белае. Ёсць таксама адмоўныя бакi, для прыкладу, пытаннi пастаўкi калiйных угнаенняў, iншыя пытаннi. Мы дамовiлiся з польскiм бокам, што будзем шукаць варыянты выйсця з гэтай сiтуацыi, каб вырашыць гэтыя праблемы на карысць Польшчы i Беларусi. Галоўнае, што мы вырашылi цяпер – не згубiць дынамiкi эканамiчнага супрацоўнiцтва».

Канкрэтна беларускiх тэмаў на форуме не было. Хоць прайшла даволi цiкавая дыскусiя, прысвечаная сувязям памiж сродкамi масавай iнфармацыi i бiзнэсам.

I яшчэ адзiн момант сустрэчы ў Крынiцы, тым разам – украiнскi кантэкст.

На Эканамiчным форуме было вырашана таксама пытанне пра рэалiзацыю розных польска-украiнскiх праектаў, у тым лiку даволi буйных. Для прыкладу, праект пабудовы нафтаправоду Адэса-Броды-Гданьск, якi дазволiць, у пэўнай ступенi, абмежаваць залежнасць ад расiйскай нафты.

У Крынiцы прысутнiчалi таксама прадстаўнiкi найбольшай украiнскай фiнансавай карпарацыi – Iндустрыяльнага Саюзу Данбасу, якi з’яўляецца ўладальнiкам многiх шахтаў, металургiчных заводаў ды iншых прадпрыемстваў цяжкай прамысловасцi. I вось гэтая група збiраецца купiць польскi металургiчны завод у горадзе Чэнстахова, якi знаходзiцца на мяжы банкруцтва. Украiнцы абяцаюць шматмiльённыя iнвестыцыi i развiццё прадпрыемства. Калi ўдасца, гэта будзе, бадай што, першая такая вялiкая ўкраiнская iнвестыцыя ў Польшчы. Цяпер адбываецца тэндэр, а цi выйграюць украiнцы, цi не – пакажа час. Варта толькi зазначыць, што вышэй згаданая фiнансавая група «падняла» на ногi многiя металургiчныя камбiнаты i шахты Данбасу.

Вось такiя цiкавыя вывады.

Валеры САЎКО, «Беларуская служба Радыё Палёнiя»