№ 298 от 23.10.2003 | |
Ведай гісторыю Гродна Прытулак для беларускіх дзетакНе так даўно пры ўваходзе ў шынок «Несцярка», якi месцiцца ў будынку гродзенскага тэатру на месцы былога Барыса-Глебскага манастыра, з’явiўся заклiк – «Смакуй беларускае!». Цудоўная моц гэтага ўзвышша над Нёманам нават зараз прыцягвае да сябе беларускаць, няхай хоць i ў такiм выглядзе...
Цэнтрам беларускага жыцця Барыса-Глебскi манастыр стаў выпадкова, калi сюды падчас Першай Сусветнай вайны з Краснастокскага манастыра з-пад Беластоку быў пераведзены дзiцячы прытулак для дзяўчынак. Якi стаўся iх апошнiм сховiшчам. У 1917 годзе ў Гродне ствараецца фiлiял Вiленскага беларускага дабрачыннага таварыства «Золак». Яно бярэ на сябе функцыi дагляду за праваслаўным прытулкам, адначасова стараючыся надаць яму беларускi характар. Аднак, у 1919 годзе з пачаткам польскай акупацыi «Золак» распаўся, i прытулак у другi раз застаецца без апекi. Польскiя ўлады быццам бы забылiся аб iм. У вынiку, каб пракармiць больш за сто дзетак, першая загадчыца прытулку Марыя Фiрмхiн, аддала на яго карысць усю сваю маёмасць, аднак, гэтага было замала, каб перамагчы голад i хваробы.
13 лiстапада 1919 года дзяўчынкi-сiроты звярнулiся за дапамогай да прэм’ер-мiнiстра БНР Антона Луцкевiча, якi праз апякуна прытулку Лукаша Дзекуць-Малея даслаў у Гродна так патрэбныя грошы. Тады ж з дапамогай Мiнскай беларускай школьнай Радай мясцовы нацыянальны камiтэт арганiзуе асобны дабрачынны адзел, замянiўшы «Золак». Пры прытулку адчыняецца беларуская школка на чале з Серафiмай Кiшкай. Сам прытулак пашыраецца, i ў iм, акрамя дзяўчынак, з’яўляюцца хлопцы. На травень 1921 года ў прытулку ўтрымлiвалася 20 хлопцаў, 83 дзяўчынкi i 18 старых, што таксама патрабавалi апекi. За гэты час на 38 зваротаў у справе прытулку Гродзенскi БНК атрымаў ад польскiх уладаў 18 адмоўных адказаў i... 81 фунт мыла.
«Прытулак знаходзiцца ў самых цяжкiх варунках, – пiсаў у вераснi 1921 года ў сваiм мемарыяле да мiнiстра беларускiх спраў Лiтвы старшыня Гродзенскага БНК С.Баран. – Польская палiтыка скiравана да таго, каб голадам заставiць дзяцей перадаць у iх апеку...». З другога боку, на прытулак, а дакладней – на дзяржаўныя субсiдыi, пачынаюць прэтэндаваць былыя расiйскiя чыноўнiкi разам з праваслаўнай царквой. Аднак, мясцовыя беларусы добра разумелi, наколькi важна захаваць беларускае аблiчча прытулку. Прадстаўнiк камiтэту П.Тамашчык пiсаў: «...Карысней было б, каб прытулкам кiравала зусiм новая, свежая асоба. Гэта найясней дало б адчуць маскоўскiм прыслужнiкам, што iх правы на прытулак скончылiся назаўсёды...».
Гэткай асобай стала Станiслава Буйло – родная сястра беларускай паэткi Канстанцыi Буйло-Калечыц. «Дзядзечка даражэнькi! – пiсала Станiслава Буйло ў красавiку 1921 года з Гродна ў Варшаву да Л.Дубейкоўскага. – «Як трывога, дык да Бога». Таксама i я. Так цяпер у нас пагана жывецца без грошаў, што... i з гэтай бяды села i Вам пiсаць. Можа, Дзядзечка, Вы так дзе выклянчыце трохi грошаў... Ад ураду не атрымлiваем грошаў саўсiм. Нават у магiстрату нам не далi за два месяцы... А тут, як на большае нашае гора, цэны страшэнна пайшлi ўгару. Кожны месяц у нас быў расход 40 тысячаў, а ў гэтым дзецi галадалi i расход – 70 тысячаў. На дзяцей я проста глядзець не магу. Вакон няма, дзверы не зачыняюцца. Дзецi лёгка адзеты, галодныя, гэта штосьцi страшэннае... Я з гэтага ўсяго расхварэлася i ляжу ўжо другi тыдзень, але добра, што хоць цяпер нiчога не бачу i не ведаю... Дык хутка мусiць i трэба будзе перастаць есцi – прадуктаў жа амерыканскiх толькi яшчэ на дзён сем хопiць. Палажэнне страшэннае... Калi можаце, Дзядзечка, памагчы чым-небудзь, дык памажыце».
Вiдаць, Л.Дубейкоўскi зрабiў ўсё, каб выратаваць прытулак. У другiм сваiм лiсце С.Буйло зварочвалася да яго са словамi падзякi. Лёсам было наканавана, каб у лютым 1922 году Станiслава памёрла.
Тым часам у прытулку адбываюцца значныя перамены. Больш сталыя дзецi былi пераведзяны ў Вiльню, дзе частка з iх пайшла вучыцца ў вiленскую беларускую гiмназiю, тады як у Гродне засталiся толькi самыя малыя, якiх памiж сабой падзялiлi праваслаўны кансысторый i беларускi прытулак. Усяго да 1923 года ў Барыса-Глебскiм манастыры знаходзiлася 46 дзетак. Адначасова, каб пазбавiцца ад непажаданых асобаў, стараста даручыла кiраўнiцтву прытулкам Беларускаму апякунчаму камiтэту, якi складаўся з лаяльных да ўлады людзей, i хутка быў рэарганiзаваны ў Гродзенскае беларускае дабрачыннае таварыства. У вынiку, беларускi прытулак пераўтвараецца з цэнтру беларускага руху ў крынiцу сварак i бясконцых скандалаў, а колькасць дзяцей-сiрот, што даглядалiся ў прытулку, напачатак студзеня 1927 года зменшылася да 32 чалавек. Адарваўшы прытулак ад уплываў беларускiх арганiзацый i канчаткова яго скампрамiтаваўшы, улады вырашылi яго зачынiць, за непатрэбнасцю...
На мяжы 1927-1928 гадоў, пасля больш чым дзесяцiгадовага iснавання, беларускi прытулак знiк з мапы Гароднi, а разам з iм згас беларускi агенчык ў Барыса-Глебскiм манастыры.
Андрэй Чарнякевiч |
|