№ 298 от 23.10.2003  

Суседзі

Еўрасаюз ставіць новую задачу перад палякамі: вучыцца працаваць

Беспрацоўе – адна з найбольш сур’ёзных праблемаў Польшчы.

Паводле найноўшых ацэнкаў, колькасць палякаў, якiя застаюцца без працы, на сёння 17,6%. Гэта значыць, што ад пачатку 2003 г. колькасць беспрацоўных у Польшчы зменшылася на 118.000 чалавек.

Госцi «Радыё Палёнiя» i «Бiржы iнфармацыi» – дырэктар Дэпартаменту рынку працы ведамства эканомiкi, працы i сацыяльнай палiтыкi Цэзары Мiжэеўскi i вiцэ-мiнiстр эканомiкi, працы i сацыяльнай палiтыкi Марэк Шчэпаньскi.

– Калi можна, давайце распачнём нашу гаворку з таго, як выглядае сiтуацыя польскага рынку працы зараз, у чым яе спецыфiка?

– (Ц.М.)Па-першае, найбольш сур’ёзная праблема ў Польшчы – гэта колькасць беспрацоўных, якая перавышае 3 мiльёны асобаў. Па-другое, значная частка згаданых асобаў застаецца без працы прынамсi 12 месяцаў – гэта каля 1,5 мiльёна асобаў. У тым лiку каля 1 мiльёна не працуе больш як 24 месяцы. Па-трэцяе, у Польшчы назiраецца высокi паказчык асобаў з сапраўды нiзкай квалiфiкацыяй. Па-чацвёртае, назiраецца высокi паказчык беспрацоўя сярод моладзi. I па-пятае, на польскiм рынку працы iснуюць выразныя рэгiянальныя дыспрапорцыi.

– У чым заключаюцца прафесiйныя i рэгiянальныя дыспрапорцыi на польскiм рынку працы?

– У Польшчы назiраецца выразная палярызацыя беспрацоўя ў рэгiянальным плане. Дастаткова параўнаць Мазавецкае ваяводства, з найнiжэйшым паказчыкам беспрацоўя (Варшава – 6%) з рэгiёнамi, дзе паказчык беспрацоўя – 30-40%. З’ява палярызацыi пашыраецца, i барацьба з ёй – адзiн з прыярытэтаў не толькi палiтыкi рынку працы, але i рэгiянальнай палiтыкi. Увядзенне раўнавагi развiцця павiнна лiквiдаваць зоны бядоты. Гэтай праблемы датычаць не толькi эканамiчныя дзеяннi, але i дзеяннi ў галiне грамадскай рэiнтэграцыi, якiя павiнны вярнуць беспрацоўных грамадству, бо падрастаюць ужо чарговыя пакаленнi беспрацоўных. Калiсцi гаворка iшла пра тое, што на Захадзе людзi застаюцца без працы нават у трэцiм пакаленнi. Цяпер падобная сiтуацыя назiраецца i ў Польшчы. Прыкладам гэтага з’яўляюцца рэгiёны былых Дзяржаўных сельскiх гаспадарстваў. Гэта першая праблема. Другая – гэта дэмаграфiчны пiк, якi, можна сказаць, «пастаўляе» новых маладых людзей на рынак працы, дзе большасць з iх не ўмее знайсцi свайго месца. Таму ўрад падрыхтаваў адмысловую праграму пад назвай «Першая праца».

Цяпер працуем над новым законам прамоцыi рынку працы i працаўладкавання, якi будзе накiраваны на тыя грамадскiя групы, якiм асаблiва пагражае безпрацоўе, значыць, людзей з нiзкай квалiфiкацыяй, маладых людзей, людзей у перадпенсiйным узросце. Дарэчы, гэта таксама сур’ёзная праблема. Людзi ва ўзросце 50 гадоў, якiя трацяць працу, альбо права да сацыяльную дапамогу для iнвалiдаў – з цяжкасцю знаходзяць сваё месца на рынку працы. Асобнай праблемай з’яўляецца таксама пытанне жанчынаў на рынку працы.

– Што ў сувязi з гэтым палякi павiнны браць пад увагу на будучыню, з чым яны павiнны пагадзiцца, да чаго падрыхтавацца?

– Перадусiм павiнны ўзяць пад увагу справу квалiфiкацыi i несупыннай адукацыi. Адукацыя для дарослых будзе адным з найважнейшых прыярытэтаў. Людзi павiнны зразумець, што трэба пастаянна вучыцца. Трэба будзе часцей змяняць прафесiю, каб уладкавацца ў гэтым жыццi. Гаворка не толькi пра маладых людзей, але i пра старэйшых. Такiм чынам адбываецца на Захадзе, дзе людзi мяняюць прафэсiю кожныя некалькi гадоў, бо гэта вынiкае з патрэбаў рынку працы. Шмат палякаў выхавалася ў невялiкiх мясцовасцях, дзе ўсе вучылiся ў адной школе, атрымлiвалi працу, i выконвалi яе да пенсii. Гэткiя часы мiнулi. Цяпер мы павiнны быць мабiльнымi, калi не ў сэнсе прасторы, дык у аспекце ўласных квалiфiкацыяў.

Паводле Марэка Шчэпаньскага, пасля застою, якi назiраўся ў 2000 годзе, выдаткi на актыўную частку фонду працы паступова павялiчваюцца. Сёлета гэта больш за 300 мiльёнаў даляраў.

Наогул, iснуе погляд, што беспрацоўе – гэта спадчына камунiзму. А, на вашую думку, якiя прычыны згаданай з’явы?

– (М.Ш.)Прычынаў сапраўды шмат. Пачынаючы ад справы прыстасавання польскай эканомiкi (прыгадваю, што ў многiх прадпрыемствах iснавала празмернае працаўладкаванне). Далей трэба ўспомнiць пра дэмаграфiчную сiтуацыю – ужо некалькi гадоў запар у Польшчы больш за 600 тысяч асобаў заканчвае 18 гадоў, уваходзiць у дарослае жыццё. Да гэтага трэба дадаць пытанне сiтуацыi ўсясветнай i еўрапейскай эканомiкаў. Усё гэта спрычыняецца да таго, што цяпер ва ўстановах працы зарэгiстравана больш за 3 мiльёны беспрацоўных палякаў.

– Цi паўплывае працэс рэструктурызацыi польскай эканомiкi на рынак працы Польшчы? Якiм галiнам прамысловасцi, якiм прафесiям пагражае найбольшая небяспека?

– Здаецца, што ў Польшчы працэс найбольш балючых структурных пераўтварэнняў ужо закончаны. Цягам апошнiх гадоў абмежаванне працаўладкавання, напрыклад, у горнай, металургiчнай, ваеннай прамысловасцях было даволi вялiкае. Цяпер гэты працэс ужо выразна запаволены. Нажаль, надалей скарачэнне месцаў працы назiраецца ў выпадку паасобных прадпрыемстваў, якiя не даюць рады ва ўмовах рынкавай эканомiкi. Цяпер трэба разлiчваць на тое, што фiрмы, якiя добра падрыхтаваныя да iнтэграцыi з Еўрасаюзам, пачнуць развiвацца i ствараць новыя месцы працы.

– На якую сацыяльную дапамогу могуць разлiчваць людзi, якiя застануцца без працы?

– Гэта залежыць ад сектару прамысловасцi. Кожны чалавек, звольнены з iнiцыятывы прадпрыемства, мае права на кампенсацыю. Апрача таго, некаторыя галiны прамысловасцi шляхам перамоваў дабiлiся больш карысных кампенсацыяў цi сацыяльных забеспячэнняў, напрыклад, горная i металургiчная прамысловасцi.

Цяпер урад стараецца дапамагчы малым гарадам, дзе банкрутавала вялiкае прадпрыемства. Урад хоча iнвеставаць у развiццё малых i сярэднiх фiрмаў, якiя павiнны стварыць месцы працы для тых, хто апынуўся без працы.

– Цi польскiя працоўныя выйграюць ад далучэння краiны да еўрапейскiх структураў? Якiя шанцы яны маюць на еўрапейскiм рынку працы?

– Напачатку мы гаварылi пра тое, што асноўным заданнем польскага ўраду з’яўляецца павелiчэнне колькасцi месцаў працы ў краiне. Але яшчэ i вядома, што палякi заўсёды шукалi цiкавай працы таксама за мяжой. Нажаль, толькi частка краiнаў-чальцоў Еўрасаюзу згадзiлася цалкам адкрыць свае рынкi працы для палякаў. Астатнiя дзяржавы дэкларавалi, што яны зробяць гэта праз некалькi гадоў гэтак званых «пераходных перыядаў». Насуперак стэрэатыпам, якiя часта паўтаралi перад рэферэндумам, урад не спадзяецца, каб пасля далучэння Польшчы да Еўрасаюзу назiраўся масавы наплыў палякаў на еўрапейскiя рынкi працы. Па-першае, з прычыны пераходных перыядаў, уведзеных найбольш папулярнымi сярод палякаў краiнамi, напрыклад, Нямеччынай цi Аўстрыяй. Таксама з прычыны некаторых унутраных урэґуляванняў паасобных краiнаў. Паводле ўрадавых ацэнкаў, штогод не больш як 500 тысяч палякаў спрабуюць знайсцi працу ў краiнах Еўрасаюза – гэта прыблiзна столькi, колькi цяпер у рамках сезонных працаў працуе ў Еўрасаюзе.

– Апошнiм часам гаворка iдзе пра так званую «мабiльнасць» на рынку працы. Цi паводле вас, палякi гатовыя на змену спосабу жыцця i працы?

– Cправа заключаецца не толькi ў гатоўнасцi пераехаць у iншае месца, але таксама ў жыллi. З гэтай прычыны ўрад не спадзяецца, што пасля далучэння Польшчы да Еўрасаюзу адбудуцца нейкiя асаблiвыя рухi працоўных мiж рэгiёнамi краiны.

Вялiкi дзякуй.

Анна Дамбкоўская, Беларуская служба «Радыё Палёнiя»