№ 299 от 30.10.2003 | |
Кожны народ будзе мець такую будучыню, якія высновы ён здольны зрабіць са свайго мінулага 1 лістапада ў Гродне будзе адзначаны дзень памяці – «Дзяды»1-2 лiстапада беларусы ва ўсiм Свеце будуць успамiнаць сваiх блiзкiх i далёкiх продкаў.
Сярод iх варта ўспомнiць i тых, хто клапацiўся пра ўсiх нас, пра тое, каб захаваць i ўладкаваць нашу Беларусь. Давайце ўспомнiм нашых герояў – Давыда Гарадзенскага, Вiтаўта Вялiкага, Льва Сапегу, Андрэя Тадэвуша Касцюшку, Кастуся Калiноўскага, герояў Слуцкага збройнага чыну...; нашых генiяў – Янку Купалу, Якуба Коласа, Васiля Быкава...; нядаўна загiнуўшых Генадзя Карпенку, Вiктара Ганчара, Юрыя Захаранку... Таксама мы абавязаны ўспомнiць пра больш за мiльён жыхароў Беларусi, забiтых фашысцкiмi захопнiкамi ў 40-я гады мiнулага стагоддзя, i пра яшчэ большую колькасць беларусаў, якiя сталiся ахвярамi расiйска-бальшавiцкай акупацыi, i былi забiтыя ў Курапатах, закатаваныя ў лагерах Сiбiры ў 20-50-х гадах.
Глыбокае асэнсаванне мiнулага паказвае правiльны шлях у будучыню.
Сёння мы стаiм перад магчымым выбарам. Беларусь можа ўвайсцi ў заможны ЕўраСаюз, бяспека якога надзейна абаронена НАТА. Так зрабiлi нашыя блiжэйшыя суседзi – палякi, летувiсы, латышы. Мы можам абраць не менш заможны i бяспечны шлях нейтралiтэту. Так зрабiлi швейцарцы. А можам зноў апынуцца ў палоне iмперскай Расii, як гэта зараз адбываецца з Чачнёй...
Выбар ёсць. Толькi б не памылiцца. Мы нiкому i нiчым не абавязаны. Але тое, што выгадна нам, выгадна не ўсiм. Таму давайце не столькi слухаць навязлiвыя падказкi ў адно вуха, колькi думаць самастойна i вырашаць на сваю карысць.
У гэтым сэнсе наша ўласная гiсторыя – наш найлепшы дарадца!
1 лiстапада з 18.30 па 19.00 на Савецкай вулiцы паўстане Ланцуг памяцi – ланцуг папярэджання i надзеi.
Запалi знiчку, схавай яе ад ветру ў празрыстую ёмiстасць i стань побач з iншымi людзмi...
Гродзенская гарадская Рада ГА БНФ «Адраджэнне»
|
|