№ 299 от 30.10.2003  

Ведай гісторыю Гродна

Беларускія паслы са спісу №16

Каб трапiць ад узвышша над Нёманам, дзе некалi нараджаўся беларускi нацыянальны рух, на плошчу побач з фарным касцёлам, трэба прайсцi ўсяго некалькi хвiлiн уздоўж былой фабрыкi Шэрэшэўскiх. Беларусам, перш чым яны выйшлi з-пад манастырскiх скляпенняў на плошчу, пераўтварыўшы iдэю нацыянальнага адраджэння з кволай мроi ў палiтычную сiлу, спатрэбiўся не адзiн год. Услед за ксяндзом Ф. Грынкевiчам i ягонымi наступнiкамi, якiя кiнулi першыя беларускiя зярняткi на гродзенскую глебу напачатку дваццатых гадоў, прыйшоў час для новых сейбiтаў беларускасцi.

Сымон Рак-МiхайлоўскiЯшчэ ў студзенi 1919 года мясцовае польскае насельнiцтва накiравала дэпутатаў ад Гродна ў Заканадаўчы Сейм Польшчы. Аднак, Беларуская гродзенская ўправа апратэставала выбары, так як гэта азначала ўваходжанне краю ў склад польскай дзяржавы. Па гэтай жа прычыне, у Заканадаўчым Сейме не было нiводнага прадстаўнiка ад беларусаў.

У 1922 годзе сiтуацыя змянiлася. Зараз, калi Гродна па ўмовах Рыжскага мiру адыйшло да Польшчы, пасольскiя мандаты давалi магчымасць галосна заявiць аб сваiх правах i адкрыта баранiць iх. Беларусы разам з прадстаўнiкамi iншых нацыянальных меньшасцяў стварылi блок, атрымаўшы назву ад месца ў агульным выбарчым спiсе – блок № 16. Першым нумарам у спiсе па Гродзенскай выбарачай акрузе ад «шаснацаткi» iшоў Сяргей Баран – былы старшыня Гродзенскага БНК. Адначасова, мясцовыя беларусы балатавалiся па iншых акругах: С.Якавюк i М.Якiмовiч – па Астравецкай, а К.Бялецкi з А.Трыпузай – па Беластоцкай.

Выбары ў Першы Сейм былi сапраўдным выпрабаваннем для беларускага руху на сталасць. Намаганнi ўладаў арыштамi i iнтрыгамi запалохаць, раскалоць беларусаў аказалiся дарэмнымi. У якасцi адзiнага цэнтру ў сярэдзiне жнiўня 1922 года ў Гродне ствараецца Беларускi выбарчы камiтэт, у склад якога ўвайшлi С.Баран, У.Федарук, А.Сiнiла i iншыя. Адначасова па павету было заснавана 15 выбарчых камiтэтаў. У вераснi 1922 года, пасля з’езду прадстаўнiкоў акруговых i павятовых беларускiх камiтэтаў, прыйшла чарга перадвыбарчых мiтынгаў. У вынiку, калi настаў час iсцi да выбарчых урнаў, за спiс № 16 па Гродзенскай акрузе прагаласавала каля 27 тысяч чалавек, па Астравецкай – каля 19 тысяч, i Сяргей Баран з Сямёнам Якавюком сталiся першымi гродзенскiмi беларускiмi пасламi.

Бранiслаў ТарашкевiчА ўжо праз месяц С.Баран выступiў у Сейме з заяваю супраць арыштаў гродзенскiх беларусаў. Упершыню, мабыць, мясцовыя польскiя ўлады адчулi сапраўдную моц беларускага руху. Ужо 8 красавiка з Гродзенскай турмы былi вызвалены 23 зняволеных з лiку арыштаваных дагэтуль 47 беларускiх дзеячоў. А яшчэ праз тыдзень Сяргей Баран i Адам Станкевiч разам выступалi на мiтынгу ў Гродне.

1 траўня С.Баран у чарговы раз выступае на мiтынгу ў Гродне, якраз на цэнтральнай гарадской плошчы. Вось калi, здавалася б, беларускi рух, нарэшце, здолеў ахапiць вялiкiя масы. Аднак, ужо 9 чэрвеня С.Баран быў арыштаваны i ў хуткiм часе асуджаны. Сымон Якавюк, каб не спакушаць лёс, паспеў уцячы ў Коўна, i менш чым праз год, пасля выбараў, беларуская Гародня зноў засталася без свайго прадстаўнiцтва ў Сейме. «Пакуль пасол С.Баран не быў арыштаваны, – пiсала газета «Наш сцяг» у жнiўнi 1923 года, – Гродзеншчына была ажыўлена ад часу да часу мiтынгамi... Цяпер, як страцiлi мы пасла С.Барана.., апынулiся ў загнаным, беспрасветным становiшчы. ...Вельмi пажадана, – заканчваўся наступнымi словамi артыкул, – каб беларускiя паслы, якiя раз’яжджаюць па Вiленшчыне, не забылiся i аб Гродзеншчыне...». Першым, хто адгукнуўся на гэты заклiк, быў Павел Валошын. Ужо ў жнiўнi-вераснi 1923 года ён наведаў з пасольскiмi сходамi Алекшыцы, Кузню, Зельву. У 1925-1926 гадах дзейнасць беларускiх паслоў дасягае пiку сваёй актыўнасцi. У Гродна прыязджаюць С.Рак-Мiхайлоўскi i Б.Тарашкевiч, Васiль Рагуля i Фабiян Ярэмiч, сенатар Аляксандр Уласаў. Толькi П.Валошын быў тут каля дзесяцi разоў.

Iзноў улады, каб стрымаць беларускi рух, сягнулi да правераных сродкаў. Аднак, арышты беларускiх паслоў i судовы працэс над iмi прывялi толькi да часовага зацiшша. Пасля чарговых парламенцкiх выбараў у 1928 годзе iх месца ў Сейме займае Беларускi рабоча-сялянскi пасольскi клуб «Змаганне», а ягоныя паслы: Флягонт Валынец, Iгнат Дварчанiн, Iван Грэцкi i Павал Крынчык – неаднойчы наведваюцца на Гродзеншчыну. У жнiўнi 1929 года ў самiм Гродне пачаў дзейнiчаць павятовы сакратарыят «Змаганне», якi, з перапынкамi, праiснаваў каля году. Апошнi на Гродзеншчыне мiтынг «Змагання» адбыўся 19 жнiўня 1930 года ў Алекшыцах i скончыўся трагiчна. Паслы I.Дварчанiн i Ф.Валынец падчас праваслаўнага ходу сабралi на плошчы памiж царквою i школаю каля 2 тысяч чалавек. Пакуль палiцэйскiя прабiралiся праз натоўп, I.Дварчанiн выступiў з кароткай прамовай: «...Хутка будзе вайна. Беларусь стане незалежнай. Кроў пралейце, а сваё дабудзьце!» – паспеў выкрыкнуць ён. Калi да пасла прарвалася палiцыя, той выстралiў у iх бок з рэвальвера. У палiцэйскiх паляцелi з натоўпа камянi. Тыя пачалi страляць у адказ. У стварыўшайся мiтусне беларускiя паслы паспяшалiся ад’ехаць фурманкай у бок Iндуры, дзе iх i арыштавалi. У вынiку, Гродзенскiм акруговым судом Ф.Валынец i I.Дварчанiн былi прыгавораны да 6 гадоў катаргi, а разам з iмi – яшчэ 15 чалавек з удзельнiкаў мiтынга...

Большасць беларускiх паслоў прайшла праз турмы, прычым, не толькi польскiя, але i савецкiя, дзе, дарэчы, амаль усе яны i загiнулi. Гэтую, яшчэ адну своеасаблiвую традыцыю мясцовага парламентарызму, калi беларускiя дэпутаты з парламенцкай трыбуны трапляюць за турэмныя краты, у Гродне захавалi i да нашых дзён.

Андрэй ЧАРНЯКЕВIЧ