№ 299 от 30.10.2003 | |
Суседзі Якую ахову дае Польшча ўцекачам?Кожны год у Польшчу прыязджае больш за 40 мiльёнаў чужаземцаў. Мiнулы год, калi краiну наведала звыш 50 мiльёнаў людзей з iншаземнымi пашпартамi, быў зусiм своеасаблiвым. Вядома, не ўсе прыязджаюць сюды як турысты. Вялiкая iх частка – людзi, якiя хочуць у Польшчы падзарабiць, гандлюючы прывезеным таварам на базарах альбо працуючы, звычайна, нелегальна.
Некаторыя чужаземцы застаюцца ў Польшчы даўжэй, чым дазваляе iм на гэта вiза цi ваўчар, парушаючы такiм чынам польскае заканадаўства. Невялiкi працэнт, бо ўсяго 5 тысячаў чужаземцаў у год, вырашае звярнуцца з просьбай да адпаведных органаў прызнаць iм статус уцекача. З 1 верасня ў Польшчы дзейнiчаюць два новыя законы аб чужаземцах, у якiх шмат зменаў.
Ян Вэнгжын, генэральны дырэктар Ведамства п/с Рэпатрыяцыi i Чужаземцаў, кажа, што новы закон уводзiць у польскае заканадаўства нешта такое, што называецца «талераваным прабываннем». Гаворачы коратка, змогуць яго атрымаць тыя чужаземцы, якiх па прычынах, незалежных ад польскiх уладаў, нельга дэпартаваць у краiну iхняга паходжання. Напрыклад: калi няма авiяцыйнай сувязi з гэтай краiнай, калi няма магчымасцi зрабiць новыя дакументы, калi няма дыпламатычнага прадстаўнiцтва ў Польшчы, якое магло б сцвердзiць, што гэты чужаземец з’яўляецца грамадзянiнам дадзенае краiны.
Iншая група, якая можа карыстацца «талераваным прабываннем», гэта чужаземцы, якiх нельга выдалiць па прычыне парушэння правоў чалавека ў iх краiне. Таму, менавiта, гэтая новая магчымасць «талераванага прабывання» мае дапамагаць усiм тым чужаземцам, якiя не атрымалi ў Польшчы статусу ўцекача па фармальных прычынах. «Талераванае прабыванне» не прызнаецца на просьбу чужаземца, а толькi ў вынiку праведзеных працэдураў, альбо прызнаецца ўзамен статусу ўцекача.
1-га верасня ў новым законе з’явiлася новае паняцце – «амнiстыйныя правiлы». Ёсць «вялiкая амнiстыя», накiраваная да ўсiх тых чужаземцаў, якiя прыехалi ў Польшчу перад 1-ым студзеня 1997 году i 1-га верасня гэтага году знаходзiлiся на тэрыторыi дзяржавы нелегальна.
Гэтыя чужаземцы, калi да канца году прыйдуць у адпаведную ваяводскую ўправу i дакажуць, што маюць дзе жыць, маюць магчымасць працаваць, альбо маюць фiнансавыя сродкi, якiя дазволяць iм i iхняй сям’i ўтрымацца на працягу блiжэйшых 12 месяцаў, i няма нiякiх прадпасылак, якiя сведчылi б, што дадзены чужаземец пагражае бяспецы Рэспублiкi Польшча, iхнае прабыванне ў Польшчы будзе легалiзаванае.
Ёсць таксама «малая амнiстыя», накiраваная да ўсiх чужаземцаў, якiя прыехалi ў краiну пасля 1-га студзеня 1997 году i 1-га верасня сёлета знаходзiлiся ў краiне нелегальна.
Гэтыя чужаземцы, калi з’явяцца да канца кастрычнiка ў павятовыя камендантуры палiцыi цi ў аддзяленнi памежнае варты, атрымаюць загад дабравольна выехаць з краiны. Калi яны датрымаюць адпаведных тэрмiнаў i выедуць з Польшчы, то пасля нейкага часу змогуць iзноў вярнуцца. У гэтай сiтуацыi пад увагу не будзе ўзяты той факт, што яны раней нелегальна знаходзiлiся на тэрыторыi Польшчы.
Ян Вэнгжын лiчыць, што пасля ўвядзення гэтых зменаў Польшча становiцца прыхiльнай для ўцекачоў.
Яраслаў IВАНЮК |
|