Мы патэлефанавалі ў рэдакцыю беларускамоўнай беластоцкай газеты "Ніва" і запыталіся ці нашы калегі ведаюць аб такой праблеме. У рэдакцыі нам адказалі, што і да іх прыходзілі ўжо неаднаразова беларускія грамадзяне, якія дзяліліся сваім горам. Журналісты праводзілі пэўнае расследаванне. Выявілася, што сапраўды нават сярод белага дня і часта ў цэнтры горада, маладыя дужыя хлопцы часта прыслухоўваюцца і прыглядаюцца да людзей, якія ходзяць па гораду з вялікімі сумкамі ці шукаюць кантары. Упэўніўшыся ў тым, што гэта людзі з-за ўсходняй мяжы, яны нападаюць на іх і нахабна рабуюць. Прычым, робіцца гэта вельмі хутка, у адно імгненне вока, пасля чаго рабаўнікі знікаюць у дварах вузенькіх вулачак старога горада. Часцей за ўсё яны спадзяюцца на тое, што прыезджыя людзі не стануць заяўляць у паліцыю, каб не траціць часу на ўсякія бюракратычныя працэдуры ў чужой краіне.
Былі, аднак выпадкі, калі грамадзяне Беларусі звярталіся ў паліцыю і нават апазнавалі на здымках, якія ім паказвалі ў пастарунку паліцэйскія, злачынцаў, аднак затрымаць пакуль нікога не ўдалося.
Так што, як заўсёды, будзьце ўважлівымі, шаноўныя грамадзяне.
Реклама: