№ 300 от 6.11.2003 | |
Ці з’явіцца ў Гродне французскі рэстаран? У Гродна прыязджалi чацвёра лiможцаў – выкладчыцы з лiцэяў Сэн-Жан i Гей-Люсака, бухгалтар i выпускнiк школы кухараў. Яны пабывалi на канферэнцыi, прысвечанай вывучэнню французскай мовы, што прайшла ў лiцэi №1. Наведалi гродзенскi фотаклуб, музычную школу, мастацкiя майстэрнi. Кiраўнiкам школы таленавiтых дзяцей пры Iнстытуце паслядыпломнай адукацыi, навучэнцы якой займаюцца праграмаваннем, прапанавалi ладзiць сумесныя алiмпiяды i летнiкi. Французскiя госцi былi запрошаны на прыём у гарвыканкам.
Дзякуючы сувязям, наладжаным настаўнiкамi школы №8 з паглыбленым вывучэннем французскай мовы, калегi з Лiможа пачалi прыязджаць у Гродна яшчэ ў 80-я гады. Сёлетнiя госцi апошнiм разам былi ў нашым горадзе два гады таму i адзначылi, што яго знешнi выгляд змянiўся да лепшага. Адноўлены многiя будынкi, з’явiлiся новыя рэкламныя шчыты i банкаматы. Паводле словаў адной з настаўнiц лiцэя №1, сувязi з Лiможам актывiзавалiся дзякуючы новаму старшынi гарвыканкама. У снежнi там пройдзе музычны канцэрт гарадоў-пабрацiмаў. Акрамя Гродна, iх у Лiможа тры: Фюрт (Германiя), Плзэн (Чэхiя), Шарлот (ЗША). 14 навучэнцаў з гродзенскага музвучылiшча атрымалi магчымасць паўдзельнiчаць у iмпрэзе за французскiя грошы. Летам у Лiможы прайшла выстава нашых мастакоў. Гродзенскi гарвыканкам, з свайго боку, спрыяе тым, што дае дазвол альбо ўхваляе ўдзел у падобных iмпрэзах.
Лiможскiя госцi ўпадабалi беларускiя стравы, асаблiва крупнiк i дранiкi. Яны елi ў рэстаранах «Гудвiн» (Мiнск), «Панскi дом» (Навагрудак) i «Залатое цяля» (Гродна). Выпускнiк школы кухараў, Гiём, адзначыў, што традыцыйная беларуская кухня вельмi нагадвае вясковую французскую. Ён збiрае рэцэпты нашых страваў, каб гатаваць iх у Францыi, i хоча адкрыць у Гродне французскi рэстаран. Але гэта, пакуль, усяго толькi мары.
I.АстраЎцова |
|