№ 301 от 13.11.2003  

Лiда

Выхоўваем жабракоў?

Праз дзень пасля таго, як Лукашэнка i Чубайс спрачалiся i даказвалi, у якой краiне – Беларусi цi Расii – жывецца лепш, у кватэрах лiдчан раздавалiся званкi. На парогу стаялi падлеткi: «Мы з Парэчча, просiм грошай у фонд школы-iнтэрната. У нас вельмi цяжкае фiнансавае становiшча. Мо ахвяруеце тысячу...».

Нечаканыя вiзiцёры ашаламлялi сваiмi словамi гаражан. Падумаць толькi: раней прасiлi мiластыню пагарэльцы, пацярпеўшыя ад павадкi палешукi, проста жабракi... I вось на табе – жабрацкi рух яўна пашыраецца за лiк дзяцей-сiрот.

Па словах юных папрашаек, iх прывезлi ў Лiду з Парэчча ранiцай на аўтобусе, а ўвечары гэты дэсант павiнны забраць. Не бяруся сказаць цi праўду казалi падлеткi. Але што яны яшчэ да божай службы ў храмах ходзяць па кватэрах, просячы грошай, жахлiва. Пасля гэтай сустрэчы я вымушаны быў прымаць кроплi валакардзiна i валяр’янкi.

А.ЖАЛКОЎСКI

P.S. Мае суседзi сумняваюцца, што тыя хлопцы, адзiн з iх назваўся Андрэем Быльчанскiм, з Парэчча. Маўляў, падлеткаў з ашуканскiмi схiльнасцямi ў нашым грамадстве хапае. Заўважу толькi, што такiя вiзiты адбылiся i ў iншых мiкрараёнах горада.