№ 301 от 13.11.2003  

Падзея

Ларысе Геніюш паставілі помнік у Зэльве

У Зэльве ўсталяваны першы помнiк генiальнай беларускай паэтцы Ларысе Генiюш. Ён месцiцца на дзядзiнцы побач з праваслаўнай царквой. Дазвол на яго ўсталяванне даў мiтрапалiт Фiларэт.

Помнiк, якi ўяўляе сабой камень каля двух метраў вышынёй з бюстам паэткi, выканаў скульптар Мiхась Iнькоў яшчэ ў 1991 годзе, якi сам паходзiць з Зэльвы. З таго часу ўлады дазволу на яго ўсталяванне так i не давалi. Дарэчы, устанаўлiвалi помнiк вагою ў адну тону ўручную, паколькi не ўдалося дамовiцца наконт крана. Дагэтуль невядома, калi адбудзецца яго ўрачыстае адкрыццё. З прадстаўнiкоў мясцовай улады падчас усталявання помнiка так нiхто i не з’явiўся.

Па словах Станiслава Суднiка, якi прымаў удзел ва ўстаноўцы помнiка, справу яшчэ не давялi да канца, на каменi мяркуюць выбiць iмёны ахвярадаўцаў, побач – умацаваць металiчныя кветнiцы, дабраўпарадкаваць пляцоўку.

Нагадаю, што Ларыса Генiюш пасялiлася ў Зэльве ў 1956 годзе, пасля вызвалення з ГУЛАГу. Яна адмовiлася прыняць савецкае грамадзянства. Памёрла ў Зэльве 20 гадоў таму, застаючыся грамадзянкай Чэхаславакii, дзе яе разам з мужам арыштавалi ў 1948 годзе i вывезлi ў СССР. Ларыса Генiюш дагэтуль не рэабiлiтаваная ўладамi Беларусi.

Але дагэтуль у Беларусi больш не нараджалася такiх паэтак, як яна.

Мiхаiл КАРНЕВIЧ