№ 301 от 13.11.2003 | |
Ведай гісторыю Гродна Ад Маркевіча да Маркевіча,або З гiсторыi беларускага перыядычнага друку ў Гродне
Яны сядзелi на сходах палацу тэкстыльшчыкаў, пад ценям псеўдаантычных калонаў у самым цэнтры Гродна i пiлi пiва. Былы пасол, па сучаснаму дэпутат, Вярхоўнага Савету БССР ХII склiкання, Мiкола Маркевiч i ўчорашнi студэнт гiстфаку Павал Мажэйка неяк сумна пазiралi на горад навокал, рыхтуючыся праз паўгадзiны iсцi ў мясцовую спецкамендатуру, каб там ператварыцца ў асуджаных i «пайсцi па этапу». А горад жыў сваiм звычайным жыццём, i неба не звалiлася на зямлю. Мне разам са сваёй малою дачкою, нечакана падчас шпацару па Гродне, спаткаўшы асуджаных журналiстаў «Пагонi», было неяк недарэчна i няёмка побач з iмi, быццам я выпадкова трапiў на чыйсцi крыжовы шлях. Мы павiталiся, перакiнулiся некалькiмi словамi i я з дачкою паспяшаўся схавацца ў скверы ад дакучлiвай спякоты.
Раптам на памяць прыйшлi словы Эклезiяста, якi таксама расчаравана акiдваючы позiркам навакольнае жыццё, калiсцi сказаў: «Няма нiчога новага пад сонцам...». Прайшло амаль тры тысячы гадоў, а мы толькi можам паўтарыць гэтыя ж словы ўздагон за бiблейскiм прарокам.
За панскай Польшчай, ў Гродне адбылося больш за дзесятак спраў над мясцовымi беларусамi, аднак за журналiсцкую дзейнасць беларусаў спрабавалi судзiць толькi тройчы. З усталяваннем у канцы красавiка 1919 года польскай улады, сюды з Вiльнi перабiраецца невялiчкая грамада беларускiх эсэраў i пачынае актыўную дзейнасць, амаль не хаваючы свае варожыя адносiны да Польшчы. «Чаго i каго баяцца? Смела за вольнасць народаў, за рэспублiку!» – пiсаў у сваiм лiсце ў Вiльню да сяброў па партыi, заклiкаючы прыехаць у Гродна для арганiзацыi антыпольскага руху, Янка Чарапук, якi любiў падпiсвацца псеўданiмамi «Змагар», цi «Маратоўскi», маючы на ўвазе Марата – правадыра французскай рэвалюцыi. Сярод тых, кто адгукнуўся на заклiк Я.Чарапука, былi Мiхась Маркевiч i Томаш Грыб. 22 чэрвеня яны пачынаюць выдаваць газету «Родны край», якая выходзiла пад шыльдай Цэнтральнай беларускай рады Гродзеншчыны. На яе старонках друкавалiся Б.Тарашкевiч, П.Мядзёлка, В.Маслоўская-Матэйчук, аднак, канфлiкт з польскiмi ўладамi выклiкаў надрукаваны ў адсутнасць Т.Грыба ягоным намеснiкам М.Маркевiчам 10 лiпеня ў шостым, i апошнiм, нумары «Роднага краю» артыкул Я.Чарапука пад назвай «Правам цi мячом». У iм сцвярджалася, што «пры сучаснай уладзе польскiх паноў беларускi народ пазбаўлены самых элементарных правоў», а таму, каб iх здабыць, «трэба браць у рукi меч цi касу i iсцi руйнаваць гнёзды аднагаловых i двухгаловых арлоў», якiя расселiся на беларускай зямлi. Гэткiя алегорыi не маглi прайсцi незаўважанымi. Хутка ў Гродне адбылося шэраг арыштаў. Рэпрэсii былi накiраваны супраць найбольш антыпольскi настроеных беларускiх дзеячаў. Былi арыштаваны П.Мядзёлка, К.Салошык, А.Фохт i Я.Натусевiч. Адначасова ў Вiльнi быў зняволены рэдактар газеты Т.Грыб, пазней пераведзены ў гродзенскую турму. Мiхасю Маркевiчу, як, дарэчы, i Я.Чарапуку, пазбегнуць арышту ўдалося, i ён, згодна П.Мядзёлцы, некаторы час хаваўся ў гродзенскiм жаночым манастыры.
Пачалося следства. Рэдактару газеты пагражала 4-5 гадоў турмы, а астатнiм – не больш дзвух. Беларускае грамадства ў Вiльнi i Варшаве выступiла ў абарону гродзенскiх дзеячаў. У Вiльнi К.Душэўскi i Карабач сустракалiся з Генеральным камiсарам усходнiх зямель Е.Асмалоўскiм, якi паабяцаў вызвалiць Т.Грыба, аднак дадаў, што было б добра, каб беларусы «перакiнулi яго ў Лiтву». Антон Луцкевiч асабiста размаўляў па гэтай справе з Ю.Пiлсудскiм. Даволi хутка ўсе арыштаваныя апынулiся на волi, за выключэннем Т.Грыба, якога вызвалiлi толькi ў лiстападзе 1919 года пад залог. Справа «Роднага краю», як сказалi б зараз, была «спушчана на тармазах».
Больш чым год ў Гродне не было ўласнага беларускага выдання. I вось, нарэшце, з 2 кастрычнiка 1920 года пачынае выходзiць газета «Беларускае слова», першым рэдактарам якой стаў Вячаслаў Адамовiч – «Дзяргач». «Наша мэта ясная, – абвяшчала «Беларускае слова», – нашыя шляхi – простыя. Мы будзем змагацца, як ужо з даўнiх часоў змагаецца лепшая частка беларускай iнтэлiгенцыi, за незалежнасць Беларусi...». 22 лiстапада 1920 года пасаду рэдактара «Беларускага слова», замест ад’ехаўшага да Зеленадубцаў В.Адамовiча, займае Уладзiмiр Шалешка, а ўжо ў пачатку студзеня 1921 года газета была зачынена, а супраць рэдактара была ўзбуджана крымiнальная справа за перадрукоўку ў «Беларускiм слове» артыкула «Адна вера, ды не адзiн народ» з адноўленай «Нашай нiвы». Ратуючыся ад турмы, У.Шалешка апынуўся ў Вiльнi, у якой на той час панаваў Л.Жэлiгоўскi, адкуль пазней перабраўся ў Мiнск.
У трэцi раз гродзенскiя беларусы трапiлi пад суд летам 1929 года за аднаднеўку «Пралом» – выданне Гродзенскага акруговага праўлення ТБШ. Увесь наклад «Пралому», каля 2 тысячаў асобнiкаў, па загаду старасты за артыкулы «Сход ТБШ адбыўся» i «Прычыны голаду» быў канфiскаваны польскай палiцыяй, а ягоныя аўтары – Н.Ламашэвiч, I.Балiцкi i iнш., у мiнулым актыўныя дзеячы БСРГ, а пасля кiраўнiкi ТБШ, апынулiся за кратамi...
Ужо ў незалежнай Беларускай дзяржаве, праз семдзесят год пасля закрыцця польскай санацыяй апошняй беларускай газеты, у Гродна распачаўся чарговы працэс над беларускiм выданнем. Усё паўтарылася, быццам бы ў крывым люстэрку, нават прозвiшча: адзiн Маркевiч змянiў другога. На гэты раз у якасцi крамольных былi аб’яўлены артыкулы ў «Пагонi» «Iдзем на выбары» ды «Ён – не Лукашэнка», яе рэдактар i журналiст трапiлi на «хiмiю», а саму газету зачынiлi...
...Калi спякота спала, мы выйшлi з малой са скверу, але журналiстаў ужо не было на сходах палаца. Дапiўшы пiва, Мiкола з Паўлам пайшлi «здавацца» ў камендатуру. Перагарнулася яшчэ адна старонка гiсторыi беларускай Гароднi.
На вулiцы стаяў 2002 год.
Андрэй ЧАРНЯКЕВIЧ
* Першай гродзенскай беларускай газетай можна лiчыць «Беларускi народ», якая пабачыла свет яшчэ ў нямецкую акупацыю напачатку 1919 года i дажыла толькi да другога нумару. Вясной 1919 года выйшлi некалькi нумароў «Бацькаўшчыны», «Зоркi» i «Беларусi», прычынай закрыцця якiх сталася банальнае безграшоўе. З усiх гродзенскiх беларускiх выданняў «Беларускае слова» мела найбольшую колькасць нумароў – больш за сто, тады як даўжэй за ўсiх, каля двух гадоў, выходзiла «Беларуская думка» пад рэдакцыяй Л.Лукашыка – з кастрычнiка 1930 па 1932 год. Усяго некалькi нумароў налiчвалi паланафiльскiя «Беларускi шлях», «Сялянская гутарка», «Беларуская доля» ды газеты леварадыкальнага накiрунку: «Вясковы пралетары», аднаднеўкi «Выстрал» i «Гудок». Былi яшчэ спробы Л.Дзекуць-Малея напачатку 1921 выдаваць беларускi баптысцкi часопiс, i надрукаваны на гектографе М.Сарокам у красавiку 1930 года першы нумар газеты «Змагар» – органа адноўленай партыi беларускiх эсэраў. |
|