№ 302 от 20.11.2003  

Суд пастанавіў спагнаць з «Народнай волі» 50 мільёнаў рублёў

50 мiльёнаў рублёў (больш 23 тысяч даляраў ЗША) з УП «Народная воля» i па 3 мiльёны рублёў (амаль 1400 даляраў ЗША) з журналiсткi М. Коктыш i былой тэлевядучай Э. Язерскай у якасцi кампенсацыi маральных стратаў старшынi Белтэлерадыёкампанii Я. Рыбакова пастанавiў спагнаць Мiнскi гарадскi суд, разгледзеўшы касацыйныя скаргi абодвух бакоў. Касацыйны пратэст пракурора Ленiнскага раёна А.Стука на рашэнне суда першай iнстанцыi быў адклiканы прадстаўнiцай гарадской пракуратуры.

Як паведамляе прэс-служба БАЖ, у залю, дзе 17-га лiстапада а 14.00 распачалiся судовыя слуханнi, змаглi ўвайсцi толькi 9 чалавек, каля паўтара дзесяткаў журналiстаў i прадстаўнiкоў грамадскасцi засталiся за дзвярыма. Судовыя слуханнi доўжылiся больш за гадзiну. Пасля перапынку судовая калегiя ў складзе суддзяў Жупiкавай, Цэсiк i Глухоўскай абвесцiла вынiк: часткова задаволiць скаргу Я. Рыбакова, павялiчыўшы суму маральнай кампенсацыi (для газеты – у 5 разоў, для М. Коктыш i Э. Язерскай – у 3 разы).

Для прысутных у залi рашэнне суда было шокам. Яны сустрэлi яго абвяшчэнне воклiчамi «Ганьба!».

Рэдактар «Народнай волi» I. Сярэдзiч назваў вынiкi суда «палiтычнай замовай». «Адбываецца зачыстка iнфармацыйнай прасторы для таго, каб сустрэць рэферэндум, парламенцкiя i прэзiдэнцкiя выбары без нiводнай недзяржаўнай газеты», – заявiў ён журналiстам.

Charter97