№ 302 от 20.11.2003 | |
Ведай гісторыю Гродна Мары аб ЕўропеНа першы погляд, вядомы кожнаму гродзенцу гандлёвы дом па вулiцы Савецкай не можа мець нiчога агульнага з беларускiм нацыянальным рухам, хаця б па той простай прычыне, што быў пабудаваны пасля вайны. Але, не будзем спяшацца. Сапраўды, сам унiвермаг наўрадцi ўяўляе сабою гiстарычную каштоўнасць. Аднак, нас хутчэй цiкавiць не ён, а той будынак, якi раней стаяў на гэтым месцы.
Менавiта тут, у гатэлi «Еўропа» цi «Еўрапейскi» па вулiцы Дамiнiканскай № 24, з 28 студзеня па 18 лютага 1919 года спынiўся тагачасны прэм’ер-мiнiстр i мiнiстр замежных спраў ураду БНР Антон Луцкевiч (вядома, праўда, што спачатку ён пасялiўся ў «Метраполi», зараз больш вядомым як будынак пасменнай школы, але пазней А.Луцкевiч кiнуў халодны непрыветны гатэль i перабраўся ў «Еўропу»). Назва гатэля як нельга найлепш адпавядала той мэце, якая прывяла Антона Луцкевiча ў Гродна. Абставiны складвалiся такiм чынам, што зараз лёс Беларусi залежаў ад прызнання яе правоў на незалежнае iснаванне праз краiны-пераможцы ў Першай сусветнай вайне, кiраўнiкi якiх мелiся сабрацца падчас мiрнай канферэнцыi ў Парыжы – цэнтры тагачаснага еўрапейскага палiтычнага жыцця. Для гэтага беларусы павiнны былi заявiць аб сабе, накiраваўшы ў Парыж уласную дэлегацыю. Тое, цi будзе яна там i цi здолее пераканаць Антанту ў дзяржаўнатворчых магчымасцях уласнага народу, азначала – атрымае БНР прызнанне i падтрымку сусветных дзяржаў, а разам з iмi шанец трапiць на палiтычную мапу пасляваенай Еўропы, альбо не. Трэба памятаць, што блiжэйшыя суседзi Беларусi з задавальненнем скарысталiся бы магчымасцю самiм прадстаўляць беларусаў на канферэнцыi, каб ад iх iмя рабiць свае iнтарэсы. Гэта была своеасаблiвая гонка, хто хутчэй трапiць у Парыж i пачне дыпламатычную працу ў мясцовых салонах падчас прыёмаў ды раўндаў, якiя беларусы, мяркуючы па ўсiм, пакуль праiгрывалi.
Прычыну, чаму БНР марудзiў з пасылкай уласнай дэлегацыi, можна звесцi да аднаго слова – грошы. Удзел у канферэнцыi быў справай каштоўнай i патрабаваў вялiкiх сродкаў, якiх урад А.Луцкевiча не меў. У той час, калi большая частка Беларусi апынулася занятая бальшавiкамi, адзiнай крынiцай фiнансавання гэткай важнай справы павiнна была стаць замежная дапамога, якая магла прысцi толькi з двух бакоў – цi з Лiтвы, цi з Украiны. Калi Чырвоная Армiя пачала наблiжацца непасрэдна да Вiльнi, куды напярэдаднi пераехаў беларускi ўрад, заставалася толькi адно – перабрацца ў Гродна, дзе пакуль яшчэ былi нямецкiя войскi, i чакаць. Чакаць грошы. I ў першую чаргу, абяцаную яшчэ восенню дзяржаўную пазыку з Кiева, куды ўжо былi высланы А.Цвiкевiч i А.Смолiч. Адначасова беларускi бок звярнуўся да лiтоўскага ўраду за пазыкай у 100 тысяч марак.
Паколькi нямецкiя ўлады так i не прызналi БНР, беларускi прэм’ер-мiнiстр дабiраўся да Гродна з «аўсвайсам» лiтоўскага службоўца. «Выязджаем з Вiльнi, – запiсаў 27 снежня 1918 года ў сваiм асабiстым дзённiку Антон Луцкевiч. – Сабралiся на вакзале ў восемь гадзiн ранiцы, бо немцы абяцалi даць вагон. Вагон гатоў, але ў iм сцюдзёна, няпалена, – вокны пабiты... Пераезд доўгi, цяжкi. Чыста скалеўшыя даязджаем увечары да Гароднi».
Старшыня Рады Мiнiстраў БНР амаль адразу вырашыў скiраваць галоўныя намаганнi на падрыхтоўку да Парыжскай канферэнцыi. Антон Луцкевiч i сам не збiраўся надоўга заставацца ў Гродне. Ужо 30 снежня ён запiсаў у дзённiку: «Выяснiлi, што да Кiева праехаць можна, хiба скора скарыстаемся з гэтай магчымасцi». А пакуль што А.Луцкевiч стаўся адной з галоўных постацей беларускага нацыянальнага руху ў горадзе, пры тым, што сам ён афiцыйна заставаўся ў баку ад ўсiх мясцовых беларускiх арганiзацый. У першую чаргу, не маючы iншых магчымасцяў спынiць заняцце палякамi Гродзеншчыны, Антон Луцкевiч пiша адну за адною некалькi нотаў пратэсту мiнiстру замежных спраў Польшы ды дыпламатычным прадстаўнiкам Амерыкi, Англii, Францыi i Iталii. Адначасова ён перакладае кнiжку М.Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасцi Беларусi», удзельнiчае ў працы Гродзенскага БНК i павятовай рады, займаецца арганiзацыяй беларускай школы. Тады ж у А.Луцкевiча нарадзiлася iдэя закласцi гарадскую беларускую партыйную арганiзацыю ў якасцi фiлii Беларускай сацыялiстычнай грамады.
У сярэдзiне студзеня прыйшла вестка аб тым, што лiтоўцы адмовiлiся даць пазыку ўраду БНР. Амаль адначасова прэм’ер атрымаў лiст ад А.Смолiча, якi пiсаў, што падаў «запiску ў [украiнскую] Дырэкторыю аб пазыцы 4 мiльёнаў на прадстаўнiцтва, агiтацыю i культурную справу i яшчэ 6 мiльёнаў на войска». А.Луцкевiч iзноў зазбiраўся ў Кiеў, аднак у вынiку замест яго туды паехаў В.Захарка, з паўнамоцтвамi для А.Смолiча на атрыманне пазыкi ад украiнскага ўраду.
«...Цяпер справа – грошы, – чытаем у дзённiку А.Луцкевiча. – Гэта справа нашай урадавай акцыi наогул: калi iх не будзе, дык хоць ты варочайся ў Вiльню i працуй толькi культурна. Так i зраблю, калi не здолеем скуль-небудзь дастаць пазыку...». Тым часам, беларуская дэлегацыя прабiвалася ў Еўропу паасобку. У пачатку лютага ў Парыж ад’ехаў генерал К.Кандратовiч. Праз тыдзень услед за iм адправiлiся А.Азнабiшын i Л.Баркоў. У А.Луцкевiча надзеi самому трапiць на канферэнцыю станавiлася ўсё менш, i ён вырашае вярнуцца ў Вiльню да хворага брата. Больш ў Гродне, здаецца, яго нiчога не трымала. Мара аб Еўропе развеялася. 18 лютага 1919 года на падводзе, пазычыўшы валёнкi, з чамаданчыкам цукру i сала для хворага брата Iвана ды кнiжкамi А.Луцкевiч пакiдае Гродна, так i не дачакаўшыся вестак ад А.Смолiча.
Ён не ведаў, што за тыдзень да гэтага з Роўна выехаў у якасцi кур’ера штабс-капiтан Барыс Шымковiч, якi павiнен быў перадаць прэм’ер-мiнiстру БНР галоўную навiну: урад Украiны выдзялiў 4 мiльёны карбаванцаў пазыкi (амаль 3,5 мiльёна амерыканскiх долараў). Аднак да Гродна Б.Шымковiч не даехаў. Палякi арыштавалi яго на станцыi Лапы i перавезлi ў Варшаву. Яны былi перакананы, што той вязе з сабою ўкраiнскiя грошы...
Андрэй ЧАРНЯКЕВIЧ |
|