№ 302 от 20.11.2003 | |
Выстава Валянціны У галерэi Тызенгаўза адкрылася выстава гродзенскай самадзейнай мастачкi Валянцiны Брысач. Падчас адкрыцця ў галерэi ледзь змясцiлiся ўсе жадаючыя. Пра мастачку гаварылi шмат цёплых слоў, дарылi мноства кветак, а сама яна, напэўна, ад хвалявання заплакала.
Алейны жывапiс Валянцiны Брысач сапраўды ўражвае. Пейзажы – малая Радзiма мастачкi, вёска Сонiчы, што за Сапоцкiнам. Гэта i палявыя кветкi, лясок, возера, Аўгустоўскi канал, вяршкi касцёла за буйной зелянiнай, бусел у буслянцы, конiк на пашы, стары млын, нявеста перад вяселлем, спелае жыта ў полi... Нават здзiўляешся, як гэта проста i аб усiм. Фарбы мастачкi цёплыя i натуральныя, як у жыццi. Нехта з наведвальнiкаў з задавальненнем зазначыў: як многа тут працы, але ж i таленту... Самае дзiўнае, што, бываючы ў гэтых мясцiнах, усяго гэтага адразу сам i не заўважыш. Зрэшты, i мастачка змагла паказаць гэта толькi праз цэлую серыю карцiн.
Мастацтвазнаўца Алена Храмкова заўважыла на адкрыццi выставы, што Валянцiна не толькi таленавiтая мастачка, штогод яна арганiзоўвае пленэры ў сваiх Сонiчах, куды ездзяць многiя гродзенскiя мастакi. Потым з’яўляюцца такiя выставы, а значыць нешта прыемнае i радаснае на душы тых, хто можа гэта пабачыць. А на першы погляд, здавалася б, усё выглядае так проста i лёгка.
Мiхаiл КАРНЕВIЧ |
|