№ 302 от 20.11.2003 | |
Суседзі. ПОЛЬШЧА Пераходныя цяжкасці з атрыманнем візаўЗ пачатку верасня польскiя консульскiя ўстановы ў Беларусi, Украiне i Расii выдалi каля 150 тысяч вiзаў – гэта 25% ад агульнай колькасцi вiзаў, выдадзеных летась у консульствах Польшчы па ўсiм свеце.
Найбольшая лiчба вiзаў выдадзеная грамадзянам Украiны. На другiм месцы беларусы, а на трэцiм – грамадзяне Расii. На працягу аднаго дня найбольшая колькасць вiзаў выдадзеная ў Кiеве – больш за тысячу. У сярэднiм па 500 вiзаў выдаюць польскiя консульскiя ўстановы ў Брэсце, Гродне i Мiнску.
Украiна i Беларусь – дзяржавы Ўсходняй Еўропы, дзе пражывае польская нацыянальная меншасць. Украiнскiя i беларускiя палякi, як i iншыя грамадзяне гэтых дзяржаваў, на ўезд у Польшчу павiнны атрымаць польскую вiзу. Беларускiм палякам крыўдна за тое, што iм трэба мець вiзу, каб прыехаць у Польшчу. Старшыня Саюзу Палякаў Беларусi Тадэвуш Кручкоўскi кажа, што польскае насельнiцтва непакоiцца фактам увядзення вiзаў, таму што гэта перашкодзiць у кантактах з этнiчнай Радзiмай. Па яго словах, мясцовыя палякi разумеюць, што Польшча не мела выбару, што ўвядзенне вiзаў – гэта вымаганне Еўрапейскага Саюзу. Нават з тэхнiчнага пункту гледжання ўвядзенне вiзаў – гэта нялёгкi працэс. Напрыклад, Гродзенскую вобласць, дзе пражываюць 300 тысяч палякаў, абслугоўвае толькi адно консульства ў Гродне. Такiм чынам, каб атрымаць вiзу, чалавеку з Воранава альбо Астраўца трэба праехаць 200-300 кiламетраў, у Гродне здаць дакументы, пазней забраць пашпарт з вiзай. На гэта трэба патрацiць нямала грошай. Такiм чынам, паўстаюць часовыя фiнансавыя цяжкасцi.
Увогуле, Т.Кручкоўскi падкрэслiвае, што прадстаўнiкi Саюзу Палякаў Беларусi лiчаць, што яны – палякi па-нацыянальнасцi, iх дзяды былi грамадзянамi Польшчы, i, як вядома, нiколi не адмовiлiся ад гэтага грамадзянства. На яго думку, выйсцем з сiтуацыi была б так званая карта паляка, а калi не, то Польшча павiнна пастарацца, каб палякi, грамадзяне Беларусi, мелi адначасова i польскае грамадзянства. Гэта, па словах Т.Кручкоўскага, вырашыла б праблемы пэўнага маральнага доўгу, бо мясцовыя палякi змагалiся за Польшчу – аж да сярэдзiны 50-х гадоў дзейнiчала Армiя Краёва. Беларускiя палякi надалей адчуваюць сябе часткай польскага народу. Пацверджаннем гэтага з’яўляецца наступны факт: калi ў Польшчы нядаўна была паводка, беларускiя палякi сабралi больш за 9 тыс. долараў дапамогi. I, як сказаў адзiн з прадстаўнiкоў нямецкай палонii, мясцовыя палякi ў багатай Нямеччыне сабралi менш! I таму ўвядзенне вiзаў i з маральнага, i з юрыдычнага пункту гледжання шкодзiць палякам Беларусi.
У сваiм выказваннi Тадэвуш Кручкоўскi закрануў тэму так званай карты паляка. Нагадаю, што некалькi гадоў таму ў Сенаце Польшчы паявiлася задума, каб палякам, грамадзянам Украiны, Беларусi ды iншых дзяржаваў Усходняй Еўропы, выдаць карты паляка – свайго роду дакументы, якiя дазвалялi б без вiзаў уяжджаць на тэрыторыю Польшчы, працаўладкоўвацца на кароткi тэрмiн i г.д. На ўвядзенне карты патрэбны немалыя фiнансавыя сродкi, а Польшча, як небагатая краiна, iх не мае. I таму Сенат адмовiўся ад гэтай задумы па фiнансавых прычынах. Тадэвуш Кручкоўскi, ў сваю чаргу, зазначае, што карта паляка, нават калi б яна была ўведзеная, не мусiць даваць яе ўладальнiку сацыяльных гарантыяў тыпу медыцынскай альбо пенсiйнай страхоўкi. Дастаткова, каб на падставе карты кожны паляк, грамадзянiн iншай краiны, змог без вiзы прыехаць на тэрыторыю Польшчы. I, натуральна, маладыя людзi павiнны мець права на вучобу ў польскiх ВНУ. Дарэчы, няма чаго баяцца, што яны застануцца ў Польшчы, паколькi ў Беларусi пакуль што лягчэй зрабiць кар’еру. Проста ў Польшчы большая канкурэнцыя на рынку працы. А калi ў Беларусi зменiцца сiтуацыя, мясцовы рынак працы станецца вельмi прываблiвым. I нам будуць патрэбныя маладыя, адукаваныя людзi – падкрэслiвае старшыня СПБ.
Генеральны консул Польшчы ў Гродне Анджэй Крэнтоўскi часта кантактуецца з мясцовымi прадстаўнiкамi Саюзу Палякаў Беларусi. Паводле дыпламата, консульская ўстанова ў Гродне стараецца, каб кожны грамадзянiн Беларусi, у тым лiку i калi ён паляк па нацыянальнасцi, без цяжкасцяў атрымаў вiзу. Па яго словах, вельмi часта мясцовыя палякi скардзяцца на ўвядзенне вiзаў. У сваю чаргу, спадар Крэнтоўскi i ягоныя калегi на кожнай сустрэчы стараюцца пераконваць, што вiзавыя працэдуры не будуць ствараць нейкiх перашкодаў не толькi для палякаў па-паходжанню, але i для ўсiх астатнiх. Супрацоўнiкi консульства робяць усё, каб кожны наш клiент быў адпаведна абслужаны, каб вiза была выдадзеная максiмальна хутка. Па словах генеральнага консула, нягледзячы на ўвядзенне вiзаў, кантакт беларускiх палякаў з этнiчнай Радзiмай, з культурай Польшчы не будзе спынены.
А пакуль што – чэргi. Да таго ж – немалыя. Я асабiста бачыў два-тры тыднi таму чаргу недзе каля 100 чалавек на вулiцы Будзённага ў Гродне, па якой размешчана польскае консульства.
Сапраўды, застаецца верыць, што ў будучынi вiзу можна будзе атрымаць без цяжкасцяў i без прынiжальных чэргаў, трэба верыць, што гэта толькi пераходны перыяд.
Валера САЎКО, Беларуская служба «Радыё Палёнiя»
|
|