№ 303 от 27.11.2003 | |
«Ратуша» канчаткова ліквідавана? Калегiя Вярхоўнага Суда РБ вынесла канчатковае рашэнне для Гродзенскага абласнога грамадскага аб’яднання «Ратуша» – лiквiдаваць.
Кiраўнiк «Ратушы» Алесь Мiлiнкевiч зазначыў, што нiчога нечаканага ў гэтым рашэннi няма, аднак падкрэслiў, што справа яшчэ не скончана, паколькi наступны iск будзе пададзены ў Суд па правах чалавека ў Жэневе.
Нагадаю, што «Ратуша» была лiквiдавана яшчэ 21 жнiўня Гродзенскiм абласным судом «за атрыманне пiсьмовага папярэджання за аднолькавае парушэнне цягам аднаго года». Так званае «аднолькавае парушэнне», тым не менш, у судовых дакументах адзначаецца па-рознаму: адно – за карыстанне, улiк i захаванне рызографа без лiцэнзii на палiграфiчную дзейнасць, другое – за захаванне памнажальнай тэхнiкi.
«Ратуша» спрабавала дабiцца праўды ў Вярхоўным Судзе, але там, як i чакалася, зменаў у рашэннi не адбылося. 24 лiстапада рашэнне аб лiквiдацыi «Ратушы» уступiла ў сiлу.
Мiхаiл КАРНЕВIЧ |
|