№ 303 от 27.11.2003  

Бацюшка і манашкі пабілі журналістак

У Слонiме некалькi святароў i манашак Навагрудскай епархii ў часе працэдуры выгнання нячыстай сiлы з залы Дому афiцэраў, дзе збiралася ладзiць сеанс знахарка Соф’я, збiлi дзвюх журналiстак «Газеты Слонiмскай» за тое, што тыя нiбыта хацелi рабiць рэпартаж пра вядзьмарку. Пра гэта паведамiла «Радыё Свабода».

Айцец Уладзiмiр разам з братамi i сёстрамi ў веры перад пачаткам сеансу з’явiўся ў залi Дому афiцэраў i распачаў выгнанне нячыстай сiлы. Журналiсткi «Газеты Слонiмскай» Вольга Шынкевiч i Таццяна Плахетка прыехалi ў Дом афiцэраў пасля таго, як хтосцi затэлефанаваў i паведамiў, што там адбываецца нешта незразумелае. Як распавядала Вольга Шынкевiч «Радыё Свабода», праваслаўныя святары вырашылi, што яна вядзьмарка, i прыйшлi выганяць д’ябла з тых, хто прыйшоў на сеанс, i з самой Соф’i. Выступ быў сарваны, а людзям (а сабралiся пераважна старыя) сказалi: калi вы застанецеся ў залi, то мы нiкога з вас пасля смерцi не будзем адпяваць. Нам жа было заяўлена: прыехалi фатаграфаваць гэтую вядзьмарку, значыцца, гэткiя ж, як яна. Таму атрымайце... Быў шок – нас бiлi жанчыны-паслушнiцы, у доўгiх строях. Сарвалi фотаапарат на падлогу, адна з паслушнiц аддала яго айцу Уладзiмiру. Той выбег на вулiцу i сеў у свой мiкрааўтобус. Таня пачала прасiць аддаць фотакамеру, аднак ён адмовiўся. Тады мы перагарадзiлi дарогу. Ён сказаў, што яму начхаць: задушыць i вокам не мiргне. I пачаў даваць машынай назад...

Далей пагрозы справа не дайшла. Айцец ад’ехаў, а журналiсткi неадкладна знялi пабоi i збiраюцца давесцi справу да суду. Тым часам, прадстаўнiкi мiлiцыi канстатуюць, што прыцягнуць да адказу святароў будзе не так лёгка.

Адна з пацярпелых, Вольга Шынкевiч, мае сваю версiю матываў айца Уладзiмiра, маўляў, кожную сераду айцец Уладзiмiр ладзiць своеасаблiвыя сеансы. Ён выганяе нячыстую сiлу з людзей, а таксама загаворвае ад алкагалiзму i палення. А тут прыехала ягоная канкурэнтка. Адзiнае, што яна сябе называе знахаркай Соф’яй, а ён прыкрываецца праваслаўнай царквой.

Па матэрыялах «Радыё Свабода» падрыхтаваў М.МIКАЛАЙЧЫК