№ 303 от 27.11.2003  

Еўропа думае пра самаізаляцыю Беларусі

У Бруселi прайшла канферэнцыя «Праграма ТАСIС па развiццi грамадзянскай супольнасцi ў Беларусi, якая з’яўляецца нашым будучым суседам».

Былi падведзены вынiкi рэалiзацыi праграмы ў Беларусi на працягу апошнiх трох гадоў. Яна была прыпынена ў сувязi з нечаканым увядзеннем у нашай краiне падаткаў на гуманiтарную дапамогу ад Еўрасаюза. Сябры беларускiх грамадскiх арганiзацый пераконвалi еўрапейскiх палiтыкаў не спрыяць самаiзаляцыi Беларусi. На канферэнцыi прысутнiчалi прадстаўнiкi беларускiх мiнiстэрстваў замежных спраў, эканомiкi i працы.

Старшыня Беларускай асацыяцыi рэсурсных цэнтраў Аляксандр Мiлiнкевiч з Гродна выступiў на канферэнцыi з дакладам пра сiтуацыю, якая склалася ў Трэцiм сектары Беларусi. Сёння ў краiне дзейнiчае каля 3000 зарэгiстраваных НДА i болей за 3000 незарэгiстраваных грамадскiх iнiцыятыў. Апошняя лiчба адначасова сведчыць пра непрыязную пазiцыю дзяржавы да Трэцяга сектара i вялiкi патэнцыял ягонага росту. Улады часта «спрыяюць» узнiкненню новых iнiцыятыў. Варта было вярнуць у школы прасавецкiя падручнiкi, як з’явiлiся НДА, якiя распаўсюджваюць праўдзiвую гiстарычную iнфармацыю. У адказ на пагаршэнне сiтуацыi з правамi чалавека пачала развiвацца сетка праваабарончых арганiзацый. Таму, адзначае А.Мiлiнкевiч, моладзь мае шанец рэалiзаваць сябе менавiта ў Трэцiм сектары: палiтычныя партыi i бiзнес перажываюць не лепшыя часы.

Паводле сябраў беларускага Трэцяга сектару, супрацьстаяць самаiзаляцыi Беларусi можна праз супрацоўнiцтва НДА, СМI, дыпламатычныя прадстаўнiцтва розных краiн i палiтыку Еўрасаюза. Галоўная роля тут належыць Польшчы i Лiтве, з якiмi Беларусь мае агульную гiсторыю i сталыя кантакты.

Т.БАЗЫЛЕВIЧ