№ 303 от 27.11.2003  

Ведай гісторыю Гродна

Другая сталіца БНР

Здавалася б, яшчэ зусiм нядаўна з усiх беларускiх устаноў у горадзе была толькi школка, i раптам на пачатак 1919 года Гродна ператвараецца ў цэнтр нацыянальнага руху, а адных мясцовых беларускiх арганiзацый ствараецца каля дзясятку. Больш таго, сюды пераносiць сваю працу беларускi ўрад, што дало магчымасць пазней назваць Гродна другою, пасля Мiнску, сталiцай БНР.

...Пасля заняцця бальшавiкамi Мiнска, Рада мiнiстраў БНР пераязджае ў Вiльню, а адтуль у сярэдзiне снежня 1918 года – у Гродна, пры гэтым урад БНР падзялiўся: А.Цвiкевiч i А.Смолiч, да якiх пазней далучыўся В.Захарка, па справах грашовай пазыкi апынулiся на Украiне, тады як А.Луцкевiч i Л.Заяц засталiся ў Гродне. 1 лютага 1919 года гродзенскi склад ўраду пашырыўся за кошт Кузьмы Цярэшчанкi, якi заняў пасаду мiнiстра ўнутраных спраў. Аднак, ужо 18 лютага А.Луцкевiч, у сувязi з ад’ездам у Вiльню, склаў абавязкi старшынi Рады мiнiстраў i мiнiстра замежных спраў БНР на карысць А.Смолiча, а часовае кiраўнiцтва ўрадам прыняў на сябе Л.Заяц.

Толькi на пачатак сакавiка 1919 года, калi Гродна апынуўся амаль з ўсiх бакоў акружаны польскiм войскам, адбываюцца падзеi, якiя па сутнасцi ператварылi яго на некалькi тыдняў у неафiцыйную сталiцу БНР. Атрымаўшы ў сярэдзiне лютага 1919 года ад украiнскага ўраду дзяржаўную грашовую пазыку, А.Цвiкевiч, А.Смолiч i В.Захарка едуць у Берлiн. Адтуль яны, падзялiўшы каштоўны груз, каб гэткiм чынам збiць са следа палякаў, якiя арганiзавалi сапраўднае паляванне на ўкраiнскiя грошы, паасобку дабiралiся да Гродна. Адначасова Л.Заяц пасылае кур’ераў у Вiльню да А.Луцкевiча. 10 сакавiка той тэрмiнова вяртаецца ў Гродна, дзе зноў прыступае да спаўнення сваiх паўнамоцтваў у якасцi старшынi Рады мiнiстраў i мiнiстра замежных спраў БНР.

Будынак, у якiм у сакавiку 1919 года працаваў урад БНРНаступным з беларускiх урадаўцаў, праз чатыры днi, у горад з Коўна прыязджае А.Цвiкевiч. Ранкам 15 сакавiка 1919 года адбылося, па сутнасцi першае ў Гродне, паседжанне Рады мiнiстраў БНР з удзелам А.Луцкевiча, А.Цвiкевiча, Л.Зайца i К.Цярэшчанкi, на якiм было вырашана выехаць усiм кабiнетам у Берлiн. Акрамя гэтага тады ж урад БНР пастанавiў узяць усе выдаткi па пахаванню гродзенскага беларускага настаўнiка А.Грыкоўскага на свой рахунак.

Ужо наступнага дня замест Нямеччыны было вырашана ехаць у Iнстэрбург, адкуль А.Луцкевiч павiнен быў накiравацца ў Берлiн, а ўсе астатнiя – на перамовы з лiтоўскiм урадам у Коўна. Адначасова планавалася адчынiць Генеральнае консульства ў Варшаве, каб атрымаць фармальнае прызнанне БНР з боку польскага ўраду. У гэтай справе было вырашана скарыстаць аўтарытэт i сувязi Рамана Скiрмунта, якi на той час таксама знаходзiўся ў Гродне. Р.Скiрмунт быў прызначаны членам надзвычайнай замежнай дэлегацыi ўраду БНР i атрымаў паўнамоцтвы весцi перамовы з урадам Польшчы аб назначэнi ў Варшаву Генеральнага консула БНР.

На гэтым жа паседжаннi К.Цярэшчанка, як мiнiстр унутраных спраў БНР, выступiў з дакладной запiскай аб арганiзацыi на акупаванай палякамi i бальшавiкамi тэрыторыi Беларусi камiсарыятаў, якiя б выконвалi ролю часовых адмiнiстрацыйных органаў БНР. На чале губернii прызначаўся камiсар, два ягоных памочнiкi i сакратар. Акрамя гэтага, планавалася заснаваць губернскi беларускi камiтэт, якi б складаўся з прадстаўнiкоў паветаў, губернскiх беларускiх iнстытутаў i ўсiх палiтычных партыяў, якiя стаялi на грунце беларускай дзяржаўнасцi. Прадстаўнiкi паветаў з’яўлялiся б нягласнымi камiсарамi ўраду БНР. Камiсарам ураду БНР на Гродзенскую губернiю вырашана было прызначыць П.Аляксюка, а ягонымi памочнiкамi А.Якубецкага i Б.Квяцiнскага. У сувязi з палiтычнымi варункамi ў губернii, П.Аляксюку прадпiсвалася весцi працу патаемна, як ад акупантаў, так i ад мясцовых грамадзян. На пачатак працы камiсарыяту было выдадзена 10 тысяч марак авансу.

Другiм пасля А.Цвiкевiча з Берлiна ў Гродна прыехаў В.Захарка. 18 сакавiка адбываецца чарговае паседжанне ўрада БНР ужо з ягоным удзелам, на якiм зноў абмяркоўвалася стварэнне губернскiх камiсарыятаў. Наступнага дня ў горад прыбывае амерыканская мiсiя, а з iмi i апошнi з сябраў украiнскай дэлегацыi – Аркадзь Смолiч.

Нарэшце, 21 сакавiка беларускi ўрад збiраецца ў поўным складзе: А.Луцкевiч, А.Цвiкевiч, К.Цярэшчанка, Л.Заяц, В.Захарка i А.Смолiч. Галоўным пытаннем паседжання была атрыманая ад украiнскага ўрада пазыка ў лiку 4 мiльёнаў карбованцаў, з якiх 100 тысяч украiнскiх карбованцаў i дзевяцьсот тысяч рублёў былi атрыманы налiчнымi i зданы В.Захарку, а яшчэ 3 млн. аўстрыйскiх кронаў – пераведзены ў Аўстра-Венгерскi банк, а перавадны лiст быў адданы А.Цвiкевiчу i пакладзены ў Вене на яго iмя. Акрамя таго, 1,666 тыс. нямецкiх марак былi пераведзены ў Берлiнэр Рэйхс-Банк, а перавадны лiст зданы ў Берлiне В.Ластоўскаму. Усе грошы былi пакладзены на iмя старшынi рады мiнiстраў БНР А.Луцкевiча. Улiчваючы фатальны фiнансавы стан большасцi беларускiх мiнiстраў, няма нiчога дзiўнага ў тым, што, як толькi ўрадаўцы сабралiся ўсе разам, першае, што яны зрабiлi, гэта склалi «Выдатковую ведамасць на пенсiю i сутачныя радзе Народных мiнiстраў БНР...». Цiкава i тое, што частка грошай з украiнскай пазыкi заставалася ў Гродне да пачатку красавiка 1919 года.

У канцы сакавiка 1919 года ў клубе «Беларуская хатка» адбываецца ўрачысты вечар у гонар беларускага ўрада. У прызначаны час усе пакоi клуба аказалiся запоўненымi прадстаўнiкамi самых розных слаёў насельнiцтва Гродна. Першым выступiў Антон Луцкевiч. У сваёй прамове, тлумачачы прычыны хуткага ад’езду з гораду, ён звярнуўся да беларусаў з заклiкам не кiдаць працы на нацыянальнай нiве да часу, пакуль Беларусь не стане незалежнай.

Украiнская пазыка адчыняла перад беларускiм прэм’ер-мiнiстрам дарогу на мiрную канферэнцыю. 23 сакавiка А.Луцкевiч разам са А.Смолiчам, А.Цвiкевiчам i Л.Зайцам выязджаюць з Гродна, трохi пазней ад’ехаў К.Цярэшчанка. Апошнiм з беларускiх урадаўцаў у красавiку горад пакiнуў В.Захарка.

Распачалася гiсторыя ўраду БНР на выгнаннi.

Андрэй ЧАРНЯКЕВIЧ