№ 303 от 27.11.2003 | |
Суседзі . ПОЛЬШЧА Шанец польскіх прадпрыемстваў у ЕўрасаюзеДалучэнне Польшчы да еўрапейскiх структураў прычыняецца да ўзнiкнення неабходнасцi прыстасавання многiх сектараў эканомiкi да еўрапейскiх стандартаў. Згаданае пытанне датычыць таксама сектару польскiх прадпрыемстваў, якiя пасля 1 траўня 2004 г. будуць вымушаныя канкураваць на супольным еўрапейскiм рынку з фiрмамi iншых краiнаў сябраў Еўрасаюза.
На гэтым шляху Польшча сустракае шмат праблемаў, якiя вынiкаюць, галоўным чынам, з рознiцы эканамiчнага патэнцыялу i некаторай тэхналагiчнай адсталасцi.
Адным з сур’ёзных бар’ераў з’яўляецца карупцыя. Рэйтынгi сведчаць пра тое, што карупцыя ў Польшчы пашыраецца. Паводле старшынi Фундацыi развiцця бухгалтэрыi Генрыка Казлоўскага, паўсюдны характар хабарнiцтва прычыняецца да многiх праблемаў.
У рэйтынгу канкурэнцыйнасцi нацыянальных эканомiкаў Усясветнага эканамiчнага форуму, пазiцыя Польшчы перасунулася з 34 на 41 месца. Найгорш была ацэнена дзейнасць публiчных установаў, узровень карупцыi i праблемы ў дзейнасцi прадпрыемстваў. У сваю чаргу, так званую «ценявую зону» эксперты Форуму ацэньваюць на ўзроўнi 30-40%, як у Расii i Балгарыi. Ценявая эканомiка вынiкае з карупцыi, i з’яўляецца прычынай карупцыi.
Паводле рапарту Transparency International, еўрапейскiя краiны, у тым лiку Беларусь, карумпаваныя менш за Польшчу.
Прадпрымальнiкi звяртаюць увагу на некарысныя ўмовы вядзення эканамiчнай дзейнасцi ў Польшчы. Паводле старшынi Business Centre Club Марэка Галiшэўскага, польскiя прадпрымальнiкi будуць пераязджаць са сваёй эканамiчнай дзейнасцю ў суседнiя краiны, дзе iснуюць лепшыя ўмовы для вядзення бiзнесу.
Дзеля параўнання, прадстаўнiкi BCC падаюць прыклад Чэхii, дзе ўладальнiк фiрмы праводзiць у рознага роду ўстановах толькi 2% свайго часу, неабходнага для вядзення эканамiчнай дзейнасцi. У Польшчы гэты час складае 10%.
Каб лiквiдаваць перашкоды для развiцця прадпрымальнiцтва ў Польшчы, урад ажыццяўляе шмат адмысловых дзеянняў. Адным з iх з’яўляецца «Праграма эканамiчнай прамоцыi Польшчы», якая павiнна спрычынiцца да павелiчэння экспарту i наплыву 6-8 мiльярдаў долараў непасрэдных iнвестыцыяў у год.
Прамоцыяй Польшчы зоймецца адмысловае ўрадавае Агенцтва Прамоцыi Эканомiкi Польшчы.
Вiцэ-мiнiстр эканомiкi Анджэй Шэйна заявiў, што цягам блiжэйшага часу ўзнiкне праграма прамоцыi польскага таварнага знаку.
Згодна з заявамi вiцэ-мiнiстра Шэйны, у кабiнеце прэм’ера ўзнiкне адмысловая Рада Эканамiчнай Прамоцыi.
А ад 19 кастрычнiка пачаў дзейнiчаць абаронца правоў прадпрымальнiкаў – гэта адзiн з элементаў урадавай праграмы падтрымкi прадпрымальнiцтва. Першым абаронцам правоў прадпрамыльнiкаў абраны Войцех Блашчык, вiцэ-старшыня Польскай канфедэрацыi прыватных працадаўцаў.
На яго думку, польскiя прадпрымальнiкi ўсё часцей наракаюць на няясныя правiлы, па-рознаму iнтэрпрэтаваныя чыноўнiкамi. Некампетэнтнасць, альбо дрэнная воля чыноўнiка паралiзуюць дзейнасць фiрмаў, прычыняюцца да пагаршэння iхнай фiнансавай сiтуацыi, а неаднойчы таксама прымушаюць прадпрымальнiка зачынiць фiрму.
Войцэх Блашчык заявiў, што ён будзе iмкнуцца падрыхтаваць закон, якi павялiчыць асабiстую адказнасць чыноўнiкаў у выпадку выдачы iмi крыўдных для прадпрымальнiка рашэнняў.
Пытання ўмоваў эканамiчнай дзейнасцi прадпрыемстваў датычаць таксама дзеяннi, прапанаваныя ў рамках структурных фондаў Еўрасаюзу. Маецца на ўвазе праграма «Рост канкурэнтнасцi прадпрыемстваў». Яна з’яўляецца той часткай еўрапейскай дапамогi, якая. з аднаго боку, вельмi выразна накiраваная на прадпрымальнiкаў, а, з другога боку, таксама на ўвесь сектар установаў, якiя займаюцца працай з бiзнесам. Галоўнай мэтай праграмы з’яўляецца павышэнне ўзроўню канкурэнтнасцi польскай эканомiкi, польскiх прадпрыемстваў, дзякуючы сродкам Еўрасаюзу. Канкурэнтнасць – гэта здольнасць дасягаць паспяховых вынiкаў на супольным еўрапейскiм рынку. Тым часам, паводле экспертаў, рост канкурэнтнасцi эканомiкi звязаны з тым, наколькi яна сучасная, iнавацыйная.
У рамках праграмы дзейнiчаюць два прыярытэты. Адзiн з iх – гэта дапамога ўстановам, якiя працуюць з асяроддзем бiзнесменаў, якiя займаюцца пытаннямi навукi, даследваннямi стасаваных навук. А другi прыярытэт – гэта грошы для прадпрымальнiкаў, дзеля павышэння якасцi цi ўзроўню аховы натуральнага асяроддзя.
Сума – гэта 1 мiльярд 250 мiльёнаў еўра ў 2004-2006 гг. Да iх трэба дадаць таксама фiнансаванне з бюджэту дзяржавы ў памеры 452 мiльёны еўра. Плюс прыватныя сродкi, якiя павiнны быць укладзеныя, каб праграма была цалкам рэалiзаваная -1 мiльярд 142 мiльёны еўра. Усяго гэта амаль 3 мiльярды еўра.
Праца над праграмай працягвалася амаль 2 гады. Вялiся кансультацыi з навукоўцамi, ВНУ, бiзнесменамi i арганiзацыямi, якiя аб’ядноўваюць прадпрымальнiкаў. Кiравалiся тым, што, чым больш эластычнай будзе праграма, тым большы будзе канчатковы шанец выкарыстання сродкаў. Гэта першая такая праграма, якую апрацоўваюць у Польшчы, i гэта таксама новае заданне для дзяржаўнай адмiнiстрацыi i прадпрымальнiкаў. Таму старалiся прадставiць максiмум магчымасцяў дзеля выкарыстання сродкаў. Досвед краiнаў, якiя карысталiся структурнымi фондамi, такi, што сродкi выкарыстоўвалiся на нейкiя 40-50%.
Польшча, дзякуючы гэткай падрыхтоўцы, робiць усё, каб можна было выкарыстаць максiмум сродкаў, паколькi сапраўдны ўзровень канкурэнтнасцi польскай эканомiкi, ў параўнаннi да еўрапейскiх краiнаў, нашмат нiжэйшы.
Анна ДАМБКОЎСКА, Беларуская служба «Радыё Палёнiя»
|
|