№ 304 от 4.12.2003  

Падзея

У памяць паэтэсы, хрысціянкі...

Першы ў Беларусi помнiк выдатнейшай нацыянальнай паэтцы – Ларысе Генiюш урачыста быў асвечаны ў суботу ў Зэльве. Помнiк усталяваны побач з праваслаўнай царквой, насупраць дома, дзе жыла паэтка. Як ужо раней паведамляла «БI», дазвол на гэта даў Мiтрапалiт Мiнскi i Слуцкi Фiларэт.

Напачатку чатыры святары з Гродна адслужылi лiтургiю на беларускай мове ў мясцовым Траецкiм храме, а затым асвяцiлi помнiк. Тыя, хто прысутнiчаў падчас цэрымонii, былi папросту ўражаны адбыўшымся. Анатоль Белы, iнiцыятар устаноўкi помнiка (кiраўнiк мiнскага гарадскога культурна-асветнiцкага клуба «Спадчына»), быў вельмi ўзрушаны i дзякаваў беларускiм святарам за зробленае. Кожнаму з iх ён уручыў памятныя керамiчныя медалi. Прафесар Саламонаў, знаны ў Беларусi iнтэлiгент, сказаў, што сёння адбываецца найвялiкшая падзея ў Беларусi – гэты дзень можна назваць па праву паваротным да беларускай iнтэлiгенцыi.

Адзiны палiтык, якi прысутнiчаў на ўрачыстасцi, Пётра Краўчанка зазначыў, што вельмi ўдзячны беларускай царкве за тое, што ў гэтыя хвiлiны яна знаходзiцца побач са сваiм народам. Ён узгадаў аб тым, як, будучы амбасадарам у далёкай Японii, неаднойчы перачытваў «Споведзь» Ларысы Генiюш i лiчыць гэты твор дагэтуль самым значным у мемуарным жанры беларускай лiтаратуры.

Сакратар гродзенскай епархii айцец Анатоль казаў, што «Ларыса Генiюш служыць сапраўдным прыкладам змагання за веру для ўсiх нас, i мы ўсе хацелi б быць падобнымi да яе». Ён узгадаў яе пакутлiвы шлях пасля таго, як Ларыса Генiюш вярнулася з савецкiх лагераў i нiколi не адракалася ад царквы, а, наадварот, заўсёды яе баранiла: «Вялiкую карысць маюць сёння тыя намаганнi, якiя робяцца, каб ушанаваць памяць гэтай паэтэсы, памяць хрысцiянкi, памяць проста добрага i сумленнага чалавека. I таму сёння мы молiмся, каб Гасподзь даў сiлы кожнаму з нас быць падобнымi на яе».

Цёплыя словы святароў аб грамадзянцы i паэтцы Ларысе Генiюш вельмi ўразiлi сабраўшыхся. А Анатоль Белы прасiў беларускую праваслаўную царкву залiчыць яе да лiку беларускiх пакутнiц.

Нагадаю, што помнiк быў зроблены ўраджэнцам Зэльвы скульптарам Мiхасём Iньковым яшчэ ў 1991 годзе. Зэльвенскiя ўлады не давалi дазволу на яго ўстаноўку. Сiмвалiчна, што звычайныя людзi разам са сваёй царквой зрабiлi гэта самi. На жаль, на адкрыццi прысутнiчалi ўсё ж большасцю госцi з Мiнска i iншых гарадоў Беларусi – з зэльвенцаў былi толькi адзiнкi. Як сказала мне мясцовая жанчына – нiхто пра адкрыццё помнiка не паведамiў.

I яшчэ адзiн факт. Ларыса Генiюш вярнулася ў Зэльву з ГУЛАГу ў 1956 годзе. Яна адмовiлася прыняць савецкае грамадзянства i памерла ў 1983 годзе грамадзянкай Чэхаславакii. У 1948 годзе дзе яе арыштавалi разам з мужам у Празе i вывезлi ў СССР. Беларускiя ўлады дагэтуль яе не рэабiлiтавалi.

Мiхаiл КАРНЕВIЧ

Фота аўтара