№ 304 от 4.12.2003  

Справы СМІ

Газету «День» не друкуюць

Беларускiя друкарнi адмаўляюцца друкаваць зарэгiстраваную ў Мiнiстэрстве iнфармацыi РБ газету «День».

Пасведчанне аб яе рэгiстрацыi было выдадзена 5 лiстапада i падпiсана мiнiстрам Русакевiчам. Першы нумар падрыхтаваў калектыў зачыненай уладамi газеты «Пагоня». У якасцi рэдактара – вядомы беларускi журналiст Генадзь Барбарыч, Мiкола Маркевiч – адзiн з выдаўцоў газеты.

Па словах М.Маркевiча, дамова на друк была падпiсана з мiнскай друкарняй «Светач» яшчэ 11 лiстапада, але, калi нумар здалi ў друк, аплацiлi выдаткi, раптам у друкарнi паведамiлi, што ў iх «занадта шчыльны графiк» i яны не могуць друкаваць газеты. Маркевiч звярнуўся ў гродзенскую друкарню, там напачатку таксама згадзiлiся, але калi справа дайшла да друку, па словах Маркевiча, апусцiўшы вочы адказалi, што тыя газеты, якiя ўжо друкуюцца ў друкарнi, патрабуюць лепшай якасцi, таму новых выданняў яны не бяруць. Мiкола Маркевiч канстатаваў, што iх калектыў абзванiў каля 30 беларускiх друкарняў у самых розных гарадах Беларусi, але паўсюль адна i тая ж карцiна.

Сам Маркевiч упэўнены, што забарона на друкаванне газеты па маючыхся ў яго неафiцыйных дадзеных зыходзiць з упраўлення палiграфii Мiнiстэрства iнфармацыi РБ, а таксама з органаў КДБ. Цяпер калектыў рэдакцыi рыхтуе афiцыйныя запыты ў гэтыя органы (з тым, каб яны патлумачылi сваю пазiцыю), а таксама iскавую заяву ў суд да друкарнi «Светач», каб забавязаць яе выконваць умовы дамовы, якая была заключана памiж рэдакцыяй i друкарняй.

Яшчэ Маркевiч распавядаў, што рэдакцыя заключыла дамовы на распаўсюджванне газеты з дзяржаўнымi i недзяржаўнымi прадпрыемствамi, якiя займаюцца гэтай дзейнасцю ў Беларусi. Першы нумар, па яго словах, рабiўся на гродзенскiх матэрыялах, быў цiкавым i насычаным, i павiнен быў распаўсюджвацца па ўсёй Беларусi.

Мiхаiл КАРНЕВIЧ