№ 304 от 4.12.2003 | |
Гiсторыя Над Нёманам – 13 тысяч год таму...У мiнулым нумары «БI» паведамiла чытачам аб сенсацыйнай знаходцы археолагаў – рэштках кундскай (кундайскай) культуры. Яны былi знойдзены падчас раскопкаў гэтай восенню побач з Нёманам, дзе плануецца будаўнiцтва гiдраэлектрастанцыi. Сёння ў гасцях «БI» мiнскi археолаг Мiхась Чарняўскi, кiраўнiк археалагiчнай экспедыцыi, старэйшы навуковы супрацоўнiк Iнстытута гiсторыi нацыянальнай акадэмii навук Беларусi. З iм гутарыць наш карэспандэнт.
– Каб не выпрабоўваць цярпення нашых чытачоў – што гэта за сенсацыйныя знаходкi кундскай культуры вы знайшлi побач з Гроднам?
– Аказалася, што першыя людзi, якiя пасялiлiся ў гэтых мясцiнах, жылi 12-13 тысяч гадоў таму назад. Гэта эталонныя стаянкi для тэрыторыi Заходняй Беларусi. Яны жылi там увесь мезалiт. Калi пачаўся новы каменны век – неалiт, з керамiкай, людзi там прапалi. Чаму? Таму, што ў мезалiце людзi ў асноўным займалiся паляваннем, а ў неалiце – рыбалоўствам. Але тут, у гэтых мясцiнах Нёмана, рыбу было вельмi цяжка лавiць – вельмi хуткая вада. Таму яны адыходзiлi на Азёры, у бок Берштаў, на Чорную Ганчу. Толькi ў канцы неалiта i напачатку бронзавага веку, калi развiвалася земляробства, яны вярнулiся сюды на ўрадлiвыя Прынёманскiя землi. I вось там, дзе мы капалi, ёсць усё: i мезалiт, i канец неалiта i бронзавы век. У другiх месцах стаянак, якiя знаходзяцца побач, напэўна, будзе тое самае, толькi яшчэ дабавяцца познiя сярэднявечныя селiшчы з ганчарнай керамiкай. Магiльнiкаў, перакананы, будзе шмат. Напрыклад, у Коматаве – велiзарны магiльнiк. Там, напэўна, каля двухсот магiл-пахаванняў. Калi будзем раскопваць, вельмi будзе цiкава правесцi археалагiчныя даследваннi рэшткаў людзей, якiя памерлi 300, 500, 800 гадоў таму назад.
– I ўсё ж, калi вярнуцца да знаходак, што адносяцца да больш позняй культуры...
– Адразу скажу, што мы з самага пачатку паабяцалi дырэктару вашага гродзенскага музея, што матэрыял перададзiм у iх экспазiцыю i гарадзенцы ўсё гэта пабачаць.
З часоў мезалiту знайшлi наканечнiкi стрэлаў кундскай (кундайскай) культуры, якiх да гэтага часу нiколi тут не знаходзiлi. Гэта навуковая сенсацыя, паколькi раней лiчылася, што кундскiя плямёны сялiлiся 10 тысяч гадоў таму на тэрыторыi сучаснай Эстонii, Латвii, часткова Лiтвы. Аказваецца i ў раёне вашага Гродна была нейкая група кундайскага насельнiцтва, якая прыйшла цi з паўночнай Беларусi, цi, магчыма, з паўночнай Прыбалтыкi i пасялiлася побач з Нёманам. Мы знайшлi вельмi харошы матэрыял кундскай культуры: лiстападобныя вострыя наканечнiкi стрэлаў. Вiдавочна, што тут было шмат майстэрняў. А тут Нёман, калi вымываў берагi, выносiў пясок i клаў цэлымi пластамi гальку, сярод якой сустракалася шмат крэменю. З гэтага матэрыялу тут у майстэрнях i рабiлiся наканечнiкi для стрэлаў, скрабкi, нажы, праколы i iншыя прылады працы. Дарэчы, на месцах гэтых майстэрняў засталося шмат адходаў, яны ляжаць да сённяшняга дня.
Былi i iншыя знаходкi больш позняга часу: наканечнiкi стрэлаў канца неалiта i бронзавага веку. Гэта ўжо трохвугольныя наканечнiкi з шыпамi. Наканечнiкi кундскай культуры прызначалiся для чыста паляўнiчых мэтаў: падстрэлiў казулю цi зайца, падбег, выцягнуў стралу – i яе можна было далей выкарыстоўваць. Што датычыць трохвугольных наканечнiкаў – гэта баявыя, для чалавека, нават калi стралу выцягвалi з цела, то наканечнiк заставаўся. Вось такiя былi злосныя гэтыя наканечнiкi. Тады ўжо вялiся войны, яны рабiлiся адпаведным промыслам.
Знойдзена керамiка, але прайшло 5-6 тысяч гадоў – i яна занадта пабiтая. Зрэшты, мы не адчайваемся, паколькi наперадзе яшчэ 32 археалагiчныя помнiкi, а мы раскапалi толькi адзiн.
– Вы былi першымi, хто праводзiў у гэтых мясцiнах археалагiчныя працы?
– Самае цiкавае, што раскопкi тут праводзiлiся яшчэ ў канцы ХIХ стагоддзя. I ўжо тады было выяўлена вельмi шмат помнiкаў археалогii i аказалася, што ў мясцiне, дзе Нёман прарываў ўзвышша, побач з Гродна былi самыя старажытныя стаянкi людзей на Гродзеншчыне. Гэта якраз месцы, дзе ў канцы леднiковага перыяду ўпершыню з’явiўся старажытны чалавек. Асаблiва каля Кавальцоў. Гэта ўнiкальныя помнiкi.
Летам мы правялi татальную разведку з шурфоўкай усiх берагоў i тэрас. На нiжнiх тэрасах былi вядомы каля сямi помнiкаў, а цяпер мы знайшлi 33 стаянкi i селiшчы i два гарадзiшча, абсалютна невядомыя да гэтага часу. Большасць з iх, дарэчы, пры будаўнiцтве ГЭС будзе затоплена. Я не хачу сказаць, што яны будуць разбураны, пакрыюцца вадой i будуць папросту закансерваваныя да таго часу, пакуль будзе iснаваць вадасховiшча.
– Вам удасца раскапаць усе стаянкi?
– Сродкi нам напачатку былi выдзелены на зону будаўнiцтва абводнага канала вакол плацiны – гэта ў раёне вёскi Жылiчы. I вось у гэтых месцах мы i пачалi працы. У кастрычнiку, калi ўжо падаў снег, мы раскапалi плошчу каля 600 квадратных метраў. Гэта вялiкая праца, паколькi капалi не рыдлёўкамi, а шуфлiкамi, ножыкамi, пэндзлiкамi, уручную перабiралi. Глыбiня ў сярэднiм сягала да 60 сантыметраў, праўда, былi месцы i да паўтара метра. Прыкладна столькi намылася за 10 тысяч гадоў. Будзем працаваць i далей.
– У вас вялiкая экспедыцыя?
– З аддзела археалогii каменнага i бронзавага веку Iнстытута гiсторыi Нацыянальнай акадэмii навук нас было 6 чалавек. А дапамагалi нам выкладчыкi i студэнты гродзенскага унiверсiтэта, з музея i нават людзi з бiржы працы – iх было 5 чалавек. Быў адзiн мужчына, якi жыў побач з раскопкамi – у яго там лецiшча. Прыходзiлi хлопцы з мясцовай вёскi Жукевiчы. Нягледзячы на тое, што ў нас былi даволi суровыя ўмовы – дзяўблi лёд, але людзi былi добрыя. Усяго нас было каля 20 чалавек. Дарэчы, у такiх экстрэмальных умовах я ўпершыню праводзiў раскопкi.
– Вам не шкада, што такiя цiкавыя для археолага мясцiны будуць затоплены вадою?
– Разумею ваша пытанне. Дарэчы, калi мы прыязджалi сюды летам, то бачылi, як пратэставалi «зялёныя», плылi на плытах пад бела-чырвона-белымi сцягамi. З другога боку – для чаго патрэбна гэтая плацiна? Калi казаць праўду, то затапляецца ўсё ж невялiкая тэрыторыя, толькi нiжэйшы ўзровень, нi адна вёска не будзе затоплена, нават на палi вада не выйдзе. Можа, нават, i прыгожа будзе. I што не менш важна – будзе электраэнергiя для горада. Мы, дарэчы, памiж сабой шмат меркавалi на гэты конт i прыйшлi да высновы, што калi гэта энергiя патрэбная для незалежнай беларускай дзяржавы, а не нейкiх асабiстых амбiцый, можна нечым крыху i ахвяраваць. Гэта ж не ахвяра людзьмi, а некаторым народам у гiсторыi даводзiлася плацiць за сваю незалежнасць чалавечымi жыццямi.
– Мне здаецца, што мы не часта чуем у Беларусi пра археалагiчныя сенсацыi. Цi так гэта?
– Ведаеце, у нас у цэлай краiне менш 50-цi археолагаў. Да прыкладу, у Польшчы гэта лiчба сягае да 500 спецыялiстаў. Там кожны маленькi раённы музей мае свайго археолага, кожны унiверсiтэт выпускае археолагаў дзесяткамi. У нас спецыяльна нi адзiн унiверсiтэт не выпускае археолагаў. Нават у Дзяржаўным нацыянальным музеi няма археолага.
Толькi нядаўна, перад сваёй адстаўкай, былы прэм’ер Ярмошын падпiсаў загад аб тым, каб перад любымi будаўнiчымi работамi напачатку праводзiлася абавязковае археалагiчнае даследаванне. Мы шмат да гэтага часу страцiлi. Да прыкладу, калi будавалi газапровад Ямал–Еўропа. У Польшчы пад археалагiчныя даследаваннi «Газпрам» выдзелiў вялiкiя сродкi, там зроблена шмат археалагiчных адкрыццяў, выдадзены дзесяткi кнiжак. I ўсё гэта за кошт таго ж «Газпраму». I толькi таму, што там дзейнiчаў такi закон. А ў нас – усё зраўнялi трактарамi.
– Цiкава – колькi наогул у Беларусi зраўнялi трактарамi нашага мiнулага?
– Пачынаючы з паслеваенных гадоў, калi ў краiне быў танны бензiн, знiшчана цалкам каля 50 працэнтаў помнiкаў археалогii. А археалогiя – гэта ж наша гiсторыя, якой больш 10 тысяч гадоў. Уявiце сабе, наша пiсьмовая спадчына складае толькi адну тысячу гадоў, а астатняе – гэта археалогiя. Тое, што ўжо зраўняна трактарамi – велiзарная страта для нашай культуры.
– А зараз, археолагi забяспечаны сродкамi на тое, каб праводзiць даследаваннi?
– Сродкаў, якiя выдаюць на тое, каб заправiць машыну, хапае часам на тры днi, таму беларускi археолаг у асноўным ходзiць пешшу. А колькi можна абыйсцi пешшу.
Астатнiм часам асаблiвую шкоду археалагiчным помнiкам наносяць будаўнiцтвам лецiшчаў на берагах вадаёмаў i рэчак. У такiх мясцiнах i знаходзяцца нашы помнiкi, але нi ўлады, нi людзi, калi будуюць свае лецiшчы, не звяртаюць на гэта ўвагi. Вось, да прыкладу, апошнi выпадак. Побач з Лунна, што ў Мастоўскiм раёне вашай вобласцi, ёсць вёска Навасёлкi. Там у канцы вёскi цудоўная стаянка старажытных людзей – свiдэрцаў – 11 тысяч год таму яны там жылi. Мы прыехалi летам, каб правесцi даследаваннi, а на месцы стаянкi стаяць велiзарныя катэджы, пабудаваныя нейкiмi вайскоўцамi з Масквы. Гэта ўнукi цi дзецi мясцовых людзей...
– У мяне такое ўражанне, што ўсё даволi сумна выглядае ў беларускай археалогii. Тым не менш, якiя вам бачацца перспектывы?
– Думаю, што мiнулае заўсёды будзе вабiць людзей. Паглядзiце, i зараз кнiжкi па археалогii не залежваюцца ў кнiгарнях, людзi у музеях заўсёды любяць разглядаць рэшткi культуры сваiх продкаў. Цяпер шмат кажуць пра iдэалогiю, дык гэта якраз i ёсць дзяржаўная нацыянальная iдэалогiя. Яна знаходзiцца ў гэтых старажытных гарадзiшчах i селiшчах, там нашы каранi, наша гiсторыя, зараджэнне дзяржаўнасцi, культура. Там нашы продкi. I гэта цiкава. Перспектывы вялiкiя i асаблiва з развiццём навукi. Напрыклад, зараз можна знайсцi наканечнiк кiнжала, а на яго трэшчынках па часцiнках можна вызначыць, якiя жывёлы былi iм забiтыя, прычым 10-12 тысяч гадоў таму. Навука робiць неверагодныя рэчы. I гэта заўсёды будзе цiкава людзям.
– Дзякуй за гутарку.
Мiхаiл КАРНЕВIЧ |
|