№ 304 от 4.12.2003 | |
Праз церні да зорак У сельскiм Палацы культуры 6 студзеня адбудуцца святкаваннi юбiлею 20-годдзя Абухаўскай дзiцячай спартыўнай школы. У гэты дзень, акрамя спартыўных чыноўнiкаў, на сцэну падымуцца спарцмены сусветнага ўзроўня, каб павiншаваць сваiх першых трэнераў i першы спартзал...
Пачыналася ўсё ў 1983 годзе па звычайнай для таго часу iнiцыятыве сельскага прафкама. I хоць, як распавёў нязменны дырэктар школы Мiкалай Янушкевiч, першы набор дзяцей пачынаў трэнiравацца ў падвальных памяшканнях, на жаданнi (100 пачынаючых спарцменаў) дзяцей запiсвацца, пакуль у дзве секцыi – па барацьбе i веласпорту, гэта нiяк не адбiлася. Першы сапраўдны вынiк спарцменаў з Абухава быў заваяваны ў 1990 годзе на чэмпiянаце свету па веласпорту сярод юнiёраў. Выхаванец Абухаўскай ДЮСШ Сяргей Аутка (цяпер майстар спорту мiжнароднага класа) не пакiнуў анiякiх шансаў сваiм аднагодкам са шматлiкiх краiн свету, тым самым заваяваўшы тытул чэмпiёна.
Неўзабаве на школу звярнула ўвагу мiжнародная спартыўная супольнасць, прапанаваўшы Абухаўскай секцыi барацьбы ў 1993 годзе таварыскую сустрэчу з «калегамi» з ЗША. Але i тут у вясковых хлопцаў не задрыжалi каленкi. Па суме ўсiх сустрэч гасцям з Амерыкi давялося задаволiцца нiчэйным вынiкам. Нядаўна ж, на апошнiм чэмпiянаце свету па вольнай барацьбе, выхаванец Абухаўскай ДЮСШ Сяргей Борчанка заняў чацвёртае месца, заваяваўшы лiцэнзiю на алiмпiйскiя гульнi для Беларусi. Цяпер слова было за толькi што заснаванай секцыяй валейбола. Абухаўская валейбольная каманда з’яўлялася пастаянным ўдзельнiкам мiжнародных турнiраў, пераможцам абласных i рэспублiканскiх спаборнiцтваў. Але нестабiльная сiтуацыя з фундатарамi не давала магчымасцi выходзiць камандзе на больш прафесiйны ўзровень. Таму i адыйшлi з каманды маладыя таленавiтыя гульцы: Раман Аплевiч (сябра нацыянальнай юнацкай зборнай) i Андрэй Тупiк ў гродзенскi «Камунальнiк».
У гэтым годзе ў спартыўнай школе займаецца больш 130 дзяцей. Напэўна, яны мараць аб ужо дасягнутых вынiках сваiх землякоў, а, можа, i больш высокiх, яшчэ недасягнутых чалавекам спартыўных вышынях. З юбiлеям!
Аляксандр ЗАЛЕЎСКI |
|