№ 305 от 11.12.2003  

Помнік Ларысе Геніюш пад пагрозай

29 лiстапада 2003 г.: падчас урачыстага адкрыцця помнiка Ларысе Генiюш у ЗэльвеПершы ў Беларусi помнiк выдатнейшай нацыянальнай паэтцы – Ларысе Генiюш, урачыста асвечаны ў Зэльве з благаславення Мiтрапалiта Мiнскага i Слуцкага Фiларэта, знаходзiцца пад пагрозай. Зэльвенскiя ўлады заявiлi, што ён быў устаноўлены без iх дазволу. Папаўзлi чуткi, што яго загадалi дэмантаваць.

Старшыня Зэльвенскага райвыканкама Леанiд Эльяшэвiч заявiў «БI», што нiякiх загадаў зверху на дэмантаж помнiка ён не атрымлiваў i рэвалюцыйных мераў прымаць не будзе. Але ён канстатаваў, што ў краiне iснуюць законы, i яны пры ўстаноўцы помнiка былi парушаны. У райвыканкам не паступала заявы на дазвол устаноўкi помнiка. Больш таго, па словах спадара Эльяшэвiча, помнiк устанавiлi побач з зэльвенскай царквой у адсутнасць бацюшкi. Праўда, з другога боку, бацюшка сам удзельнiчаў пры яго асвячэннi два тыднi таму разам з гродзенскiмi святарамi. I благаславiў гэту справу Экзарх усяе Беларусi Мiтрапалiт Фiларэт.

Леанiд Эльяшэвiч патлумачыў, што зараз ён даў загад сваiм падначаленым правесцi праверку, вывучыць грамадскую думку людзей i пракансультавацца ў вышэйшых дзяржаўных установах. Старшыня райвыканкама, па яго словах, ведае, што Ларыса Генiюш дагэтуль нерэабiлiтавана ўладамi, але ён сам не ведае, з якой прычыны, хоць спрабаваў гэта высветлiць у адпаведных органах. Некалькi гадоў таму да яго звярнулiся прадстаўнiкi грамадскасцi з тым, каб пераiменаваць у Зэльве вулiцу Савецкую ў iмя Ларысы Генiюш. Гэтага, аднак, так i не зрабiлi, па словах Эльяшэвiча, па-першае, – паэтка не рэабiлiтавана, а, па-другое, – большасць апытаных грамадзян Зэльвы, быццам, на гэта не пагадзiлiся.

Падобнай сiтуацыi, якая зараз склалася ў Зэльве, немагчыма ўявiць у цывiлiзаванай краiне. Паэтка, якую лiтаратуразнаўцы аднеслi да класiкаў, не рэабiлiтуецца ўладамi i не прызнаецца iмi, i ў той самы час улады не прадстаўляюць нiякiх довадаў – чаму яны не хочуць гэтага рабiць?

I толькi праваслаўная царква, якая па-сапраўднаму ацанiла яе значэнне для беларускага народу, благаславiла яе памяць. Дзiўныя рэчы.

Дарэчы, помнiк быў зроблены Ларысе Генiюш яшчэ 10 гадоў таму, мясцовым скульптарам Мiхасём Iньковым, але мясцовая ўлада так i не давала дазволу на яго ўстаноўку, зноўтакi, маўляў, не рэабiлiтаваная. Але чаму не рэабiлiтаваная? Можа, таму, што чуць цi не дзесяць гадоў сядзела ў савецкiм ГУЛАГу, а потым адмовiлася прыняць савецкае грамадзянства, што не адракалася пасля гэтага ад сваёй царквы i памерла ў Зэльве грамадзянкай Чэхаславакii? Зацкаваная, непрызнаная...

Цi ёсць нейкiя iншыя прычыны?

Мiхаiл КАРНЕВIЧ

Фота аўтара