№ 305 от 11.12.2003 | |
Як вы да нас... Гродзенскiя лiтоўцы, хутчэй за ўсё, не будуць удзельнiчаць у агульнабеларускiм фестывалi нацыянальных культураў, якi адбудзецца сёлета ў Гродне. Прычынай для такiх заяваў сталася тое, што гродзенскiя улады не дазволiлi мясцовым лiтоўцам адзначыць iх святы. Яшчэ летам старшыня грамадскага аб’яднання лiтоўцаў Гродна «Тэвiне» Альгiмантас Дзiргiнчус звяртаўся да гарадскiх уладаў за дазволам, каб наладзiць свята-канцэрт каля помнiка Вiтаўту ў гонар Грунвальдскай бiтвы. Аднак улады спаслалiся на тое, што мост побач з помнiкам Вiтаўта быццам у аварыйным стане. «БI» падрабязна паведамляла пра гэтыя падзеi. Дарэчы, гэта свята агульнае, як для лiтоўскага, так i беларускага, а таксама польскага народаў. Замiж таго, каб арганiзаваць гэта на годным узроўнi, няхай сабе не побач з помнiкам Вiтаўта, мясцовыя ўлады вырашылi проста забаранiць i адмаўчацца. Лiтоўцы ж беларускага паходжання палiчылi для сябе такое стаўленне абразлiвым. Цiкава, што тады разам з iмi да ўладаў звярталiся сябры Саюза палякаў, прадстаўнiкi беларускай грамадскасцi. На жаль...
Яшчэ раз сёлета прадстаўнiкi лiтоўскай меншасцi звярнулiся да старшынi Навагрудскага райвыканкама спадара Лiса, каб адзначыць свята 750-годдзя каранацыi Мiндоўга – таксама значнай гiстарычнай даты ў нашай агульнай гiсторыi. Прычым, раней яе адзначалi ў Навагрудку на дзяржаўным узроўнi. Цяпер – нiяк, i прадстаўнiкам «Тэвiне» таксама забаранiлi.
Гродзенскiя лiтоўцы лiчаць, што калi ўлады забараняюць iм ладзiць свае святы, даюць смехатворныя адпiскi-«аргументы», а толькi запрашаюць на афiцыйныя мерапрыемствы, дык i яны маюць права адмовiцца ад удзелу ў фестывалi. Такiя адносiны, на iх думку, не спрыяюць фестывальнаму настрою.
Толькi што ў гэтым карыснага для абодвух бакоў? I цi будуць уладамi зроблены хоць нейкiя станоўчыя вывады?
Мiхаiл КАРНЕВIЧ
|
|