№ 305 от 11.12.2003 | |
Ведай гісторыю Гродна Пан міністр з ГроднаЗнешне фасад былого Пушкiнскага вучылiшча амаль не змянiўся, калi не лiчыць схаваўшайся за вуглом прыбудовы педагагiчнага каледжу. Трэба толькi адысцi некалькi крокаў у глыбiню скверу памiж сучаснымi вулiцамi Ленiна i Будзённага i, гледзячы з гэткай перспектывы, уявiць сабе, што над старым уваходам у будынак ветрык шпуляе лiтоўскi трыкалор: жоўты, зялёны, чырвоны, а пад iм на сцяне вясiць герб Пагоня. Побач шыльда па-нямецку: «Lituanische Regierung Ministerium fur Weissruthenische Angelegenheiten Grodno», што ў прыблiзным перакладзе на беларускi гучыць як «Мiнiстэрства беларускiх спраў пры лiтоўскiм урадзе ў Гродне». Раптам дзверы адчыняюца i выходзiць малады чалавек, на выгляд год дваццацi сямi, апрануты ў касцюм вайсковага пакрою, але элеганта i з густам. На ягоным твары сталiчнага журналiста, нейкi дзiўны выраз, быццам ён спiць на хаду, паўзажмурыўшы вочы. Гэта i ёсць пан мiнiстр, а ў нядаўнiм мiнулым – старшыня першага ўраду БНР Язэп Варонка...
Язэп Якаўлевiч Варонка быў знакавай фiгурай беларускага руху, адным з iнiцыятараў абвяшчэння БНР i першым старшынём Народнага Сакратарыяту Беларусi – ураду БНР. Пайшоўшы ў адстаўку, ён у сярэдзiне 1918 года едзе ў Кiеў у складзе надзвычайнай дэлегацыi дзеля замежных спраў Рады БНР. Пасля рэвалюцыi ў Нямеччыне, калi заняцце Мiнску бальшавiкамi становiцца справай некалькiх тыдняў, Рада БНР у пошуках падтрымкi накiроўвае Я.Варонку ў Вiльню. У вынiку перамоваў памiж Вiленскай беларускай Радаю i лiтоўцамi было заключана пагадненне аб стварэннi ў складзе лiтоўскага ўрада мiнiстэрства беларускiх спраў, начале якога стаў сам Язэп Варонка. Паводле беларускiх гiсторыкаў, мiнiстэрства першапачаткова мела статус аўтаномнай адзiнкi з урадавай беларускай мовай i з паўнамоцтвамi арганiзаваць мясцовую адмiнiстрацыю на тэрыторыi, дзе беларусы складалi пераважную большасць жыхароў. Аднак, самой пiсьмовай дамовы не захавалася i гэта дало лiтоўцам пазней магчымасць сцвярджаць, што яны нi якой аўтаномii для беларусаў i не абяцалi.
Напачатку 1919 года ў Гродне, з усiх бакоў агарадзiўшымся ад свету калючым дротам, фартамi ды ўмацаваннямi, схавалiся астаткi дзесятай нямецкай армii генерала Фалькенгейма. 3 студзеня разам з мiнiстэрствам беларускiх спраў сюды прыязджае Я.Варонка, а ўжо 20 студзеня 1919 года, менш чым праз год пасля ўтварэння БНР, ён выдае грамату з заявай аб тым, што Гродзеншчына з’яўляецца «часткай Лiтоўскай дзяржавы». На працягу наступных чатырох месяцаў мiнiстэрства беларускiх спраў пераўтварылася па сутнасцi ў адмiнiстрацыйную адзiнку лiтоўскага ўраду з цэнтрам у Гродне. Да сваiх дасягненняў за гэты час сам Язэп Варонка адносiў: «фармаванне Першага беларускага пяхотнага палка; зносiны з мiнiстэрствам замежных спраў Лiтвы i адпаведныя крокi на месцы па польскаму пытанню, кантакты з замежнымi прадстаўнiкамi, гэткiмi як Л.Цыммерлi, С.Iваноў, амерыканская дэлегацыя i г.д.; арганiзацыю Дзятлаўскага, Гродзенскага i Бельскага беларускiх з’ездаў, павятовых рад i мясцовых беларускiх камiтэтаў; урэгуляванне адносiн памiж арганiзацыямi, гэткiмi як Управа i Павятовая рада; арганiзацыю бюро па асведамленню i разведцы, якая пазней стала ядром контрразведкi лiтоўскай краёвай абароны; iнфармаванне прэсы i нагляд за ёю; узаемаадносiны з нямецкiмi ўладамi; прызначэнне павятовых камiсараў; арганiзацыю нагляду за мастамi праз Нёман; урэгуляванне пытання аб пераходзе чыгункi ад немецкiх уладаў да лiтоўцаў; арганiзацыю перадачы пошты i нагляд за ёю; спробы адстаяць чыгуначную маёмасць у бельскiм, белавежскiм i беластоцкiм паветах ад палякаў; пошук i прызначэнне мiравых суддзяў, зносiны па iх справах з нямецкiмi ўладамi; барацьбу за арганiзацыю суда ў Гродне i Беластоку; юрыдычныя парады насельнiцтву; барацьбу з часовай гарадскою радай у Гродне; прызначэнне ляснiчых; барацьбу за Белавежскую пушчу i дрэваапрацоўчую маёмасць: лесапiлкi, фабрыкi i г.д.; адкрыццё сталовых для бедных i бежанцаў; дапамогу прытулку; адкрыццё бежанскага камiтэту i дапамогу ваеннапалонным; садзейнiчанне пры арганiзацыi бюро для рэгiстрацыi спецыялiстаў; прызначэнне школьных iнспектараў; арганiзацыю Гродзенскага школьнага саюзу; рассылка афiцэраў i тайных агiтатараў; дастаўку лiтаратуры i г.д.; продаж тавараў i запасаў, застаўшыхся пасля немцаў».
Акрамя гэтага, мiнiстэрства беларускiх спраў стварыла ў Гродне камiсiю па арганiзацыi мясцовай бiблiятэкi, якая павiнна была разам з археалагiчнай камiсiяй пры лiтоўскiм урадзе заняцца зборам матэрыялаў «з абгрунтаваннем лiтоўскай дзяржаўнасцi». Адначасова нямецкае камандаванне аддала загад, каб усе немецкiя жаўнеры, на кватэрах якiх знаходзяцца архiвы цi кнiгi, здавалi iх мiнiстэрству, у вынiку чаго ўдалося сабраць некалькi дзесяткаў тысяч старых кнiг i дакументаў.
Наўрадцi Язэп Варонка спадзяваўся, што лiтоўская адмiнiстрацыя на гэтых тэрыторыях пратрымаецца даўжэй, як з полю зроку схаваецца апошнi нямецкi вайсковы транспарт. 26 сакавiка 1919 года ён астаўляе Гродна i разам з мiнiстэрствам беларускiх спраў перабiраецца ў Коўна.
«Падчас ад’езду Я.Варонкi, – пiсала газета «Бацькаўшчына», – на вакзале была пастроена з аркестрам на правым фланзе ганаровая варта з салдатаў беларускага палку i беларускай гродзенскай камендатуры. У вагоне пану мiнiстру быў паднесены зварот i сказана прамова айцом I.Карчынскiм. У 3 часа 59 хвiлiн пад музыку марсельезы вагон з мiнiстрам беларускiх спраў адыйшоў ад станцыi...».
Андрэй ЧАРНЯКЕВIЧ |
|