№ 306 от 18.12.2003  

Праваслаўныя вернікі дамагаюцца закрыцця «Газеты Слонімскай»

Справа палягае на тым, што бацюшка Уладзiмiр i манашкi Навагрудскай епархii падчас антыалкагольнага сеанса нейкай знахаркi Соф’i пабiлi журналiстак газеты. Аб гэтым «БI» паведамляла ў мiнулых нумарах. Журналiсткi прыбылi на сеанс пасля таго, як атрымалi сiгнал у рэдакцыю, што бацюшка зрывае сеанс знахаркi. Яны прыехалi туды рабiць рэпартаж.

Бацюшка разам з манашкамi ўварваўся ў залу Дома афiцэраў i пачаў абзываць знахарку вядзьмаркай. Загадаў ён разабрацца i з журналiсткамi, якiя рабiлi фотаздымкi. У вынiку: манашкi забралi фотакамеру i разбiлi яе. Слонiмская мiлiцыя дагэтуль не лiчыць мэтазгодным распачынаць крымiнальную справу супраць мясцовага святара айца Уладзiмiра. Самiх журналiстак мiлiцыянты ўжо абвiнавачваюць у распальваннi рэлiгiйнай варожасцi, а царква збiрае подпiсы, каб закрыць незалежную «Газету Слонiмскую». Супрацоўнiкi газеты лiчаць, што скандал гэты – не мясцовага маштабу i што ствараецца небяспечны прэцэдэнт, калi выданне могуць закрыць не толькi з палiтычных матываў, але i з рэлiгiйных. Цяпер практычна ва ўсiх цэрквах Навагрудскай епархii распачаты збор подпiсаў за лiквiдацыю газеты, якая, на думку падпiсантаў, распальвае ў грамадстве рэлiгiйную варожасць.

Цяпер у рэдакцыю прыходзяць лiсты, электронныя пасланнi, людзi тэлефануюць. Патрабаваннi розныя: закрыць газету, звольнiць рэдактара. Аднак большасць пасланняў заклiкае журналiстаў не здавацца.

Адна з пацярпелых, карэспандэнтка Вольга Шынкевiч, кажа, што за нейкiя тры тыднi нечакана стала ледзьве не асноўнай падазраванай ва ўсёй гiсторыi.

Газета рыхтуе заяву ў слонiмскую пракуратуру з патрабаваннем паўторнага даследавання. Намеснiк пракурора Вiктар Русакевiч лiчыць, што справа неадназначная i загадзя казаць пра журналiстаў як пра пацярпелых не выпадае.

Вiдавочна, што да калядаў у Слонiме з гэтай справай не разбяруцца.

М.МIКАЛАЙЧЫК